Настаўніца з полацкай школы Ганна Вяроўкіна расказала, як удаецца зацікавіць вучняў хіміяй

- 10:10Учитель года

Чым прывабіць дзяцей да вывучэння складаных школьных прадметаў, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” паразважала з настаўніцай хіміі сярэдняй школы № 16 Полацка Ганнай Вяроўкінай.

— Па вашым меркаванні, настаўнікамі нараджаюцца або становяцца?

— Напэўна, становяцца. Наша прафесія незвычайная ўжо таму, што да яе літаральна кожны мае дачыненне. У прыродзе чалавека закладзена перадаваць веды і вопыт. У сям’і, з сябрамі, блізкімі людзьмі, калегамі мы пастаянна дзелімся тым, чым захапляемся, што любім і ўмеем, лічым карысным, цікавым, жыццёва неабходным. Нездарма малыя дзеці гуляюць у школу. Яны пераймаюць паводзіны ад нас, дарослых, паступова разумеючы: уменне вучыцца і вучыць — вялікая каштоўнасць. Відаць, так упершыню выяўляецца схільнасць да настаўніцтва. Калі на гэта накладваюцца сямейнае выхаванне, прыклады любімых настаўнікаў, то зярнятка ператвараецца ў жывы парастак. Пры спрыяльных умовах у старшых класах ён можа вырасці ў свядомае рашэнне.

— Ці дастаткова гэтага, каб у будучыні атрымаўся добры педагог?

— Думаю, не зусім так. Несумненна, мары ў дзяцінстве, падлеткавым і юнацкім узросце ўплываюць на далейшы лёс, яны магутныя ў сваёй шчырасці. Але ідэальныя ўяўленні і праўда жыцця — розныя катэгорыі. Найчасцей людзі ўвасабляюць сваю мару ў рэальнасць і разумеюць: далёка не ўсё складваецца, як яны думалі. У педагагічнай дзейнасці на гэтым этапе хтосьці расчароўваецца і, у лепшым выпадку, пакідае школу. Бо настаўнік, які не лю­біць сваю прафесію, — надзвычай дрэнная рэч. А хтосьці знахо­дзіць сілы, упарта рухаецца далей, захапляецца і нечакана адчувае асалоду ад працы. Вось тады насамрэч нараджаецца настаўнік. Я сябрую са спортам, таму аналогію прывяду спартыўную: трэба прыкласці намаганні, пераступіць праз уласныя “не хачу” і “не магу”, каб адкрылася другое дыханне. Між тым гэта значны, але толькі этап на шляху развіцця. Дарагога варта, калі праз дзясятак гадоў у школе педагог задаволены сваёй працай, бачыць перспектывы росту і не шкадуе аб зробленым у юнацтве прафесійным выбары.

— Вы ніколі не пашкадавалі?

— Ніводнага разу, хаця складанасці розныя, зразумела, былі. Пачынаючы з выпускнога класа: да апошняга вагалася, ісці мне ў фармацэўты ці ў настаўнікі. Вызначылася, паступіла ў ВДУ імя П.М.Ма­шэрава, з дыпломам настаўніцы хіміі і біялогіі вярнулася на ра­дзіму. Я ўдзячная лёсу, што з настаўнікамі ў роднай сярэдняй школе № 14 Полацка, універсітэцкімі выкладчыкамі мне пашанцавала. У кожнага з іх было чаму і, не менш важна, вельмі хацелася вучыцца. Такое на пустым месцы не ўзнікае: гэта заканамерны водгук вучня на прафесіяналізм, талент педагога, яго чалавечыя якасці — і да гэтага ў адносінах з вучнямі сама заўсёды імкнуся. Першыя крокі ў настаўніцкай прафесіі я зрабіла ў сярэдняй школе № 1 Наваполацка, потым запрасілі перайсці ў Полацкую дзяржаўную гімназію № 1 імя Францыска Скарыны. Не без сумненняў пагадзілася, бо ўжо стала прырастаць душой да школьнага калектыву, дзяцей, калег. Аднак жаданне не толькі жыць, але і працаваць у родным гора­дзе ўсё ж аказалася вырашальным. Праз некалькі гадоў, пасля дэкрэтнага водпуску, выйшла на цяперашняе месца працы — у сярэднюю школу № 16 Полацка.

— Сярод вашых родных ёсць настаўнікі?

— Калі крытэрыем браць выключна прафесію, то бабуля па матчынай лініі ўсё працоўнае жыццё прысвяціла школе. Яна настаўніца пачатковых класаў. У складаныя моманты часта ўспамінаю бабуліны парады, словы — і сумненні адступаюць, робіцца святлей. Яна многае мне перадала як у прафесійным плане, так і проста жыццёвай муд­расці.

— Калі былі маладым спецыялістам, няпроста даво­дзілася?

— Цяпер з усмешкай успа­мінаю, а на той час нагрузка здавалася непамернай. Уявіце: новы калектыў, планаванне, урокі, канспекты, пазаўрочныя мерапрыемствы, класнае кіраўніцтва і вішанькай на торце традыцыйныя для настаўніка біялогіі клопаты пра азеляненне прышкольнай тэрыторыі. Разам з тым я сама бралася за ўсё, што прапаноўвалі, мне было цікава паспрабаваць. Штосьці і адразу нядрэнна выходзіла. Напрыклад, мы з дзецьмі сур’ёзна заняліся даследаваннямі, і ў першы год работы дзве мае вучаніцы ўзялі на гарадской канферэнцыі даследчых работ дыпломы І і ІІ ступені. У гімназіі, не паверыце, галоўнай праблемай сталі… моцныя вучні. Настолькі падрыхтаваныя і матываваныя — я проста не чакала такога. Таму штовечар (дзякуй за цярплі­васць мужу і яго бацькам, мы тады ў іх жылі) у мяне нават вакол ложка можна было паба­чыць гару кніг, бо вучылася ў любую вольную хвілінку. Для мяне было вельмі важна стаць прыкладам для вучняў, каб яны мне давяралі і паважалі як настаўніцу. Дзеля чаго спатрэбілася пастаянна павы­шаць свой прафесійны ўзровень. І, канечне, неабходна было пазнаёміцца з алімпіядным рухам. Атрымалася дастаткова ўдала: мой вучань дэбютаваў на раённай алімпіядзе па хіміі, заняў 1-е месца і прайшоў на абласны этап. Немалое дасягненне.

— Самы важны складнік для поспеху маладога педагога?

— Каб яго не пакінулі аднаго. Патрэбна падтрымка. Прычым не толькі вопытнага настаўніка, якога прызначаюць куратарам, але і адміністрацыі, калег. Важна ў самым пачатку шляху не забіць крытыкай імкненне да раскрыцця ў прафесійнай дзейнасці, а своечасова даць параду, растлума­чыць, падзяліцца сваімі знаходкамі. Пахваліць нават за маленькую перамогу, каб чалавек захацеў застацца ў школе. А для гэтага яму неабходна адчуць сябе паспяховым. І, як раней гаварыла, маладому настаўніку важна вучыцца. Хачу сказаць: мне вельмі пашчасціла з кіраўнікамі ўстаноў, дзе я працавала і працую. Яны ўсе вельмі вопытныя і адносіліся да мяне ў нечым па-мацярынску, стараліся дапамагчы, наву­чыць, даць магчымасць развівацца. Яск­равы прыклад: толькі за першыя два гады работы я разоў 10 пабыла ў Мінску на розных вучэбных курсах, семінарах, практыкумах — а яшчэ ж і ў Віцебск ездзіла вучыцца! Прычым, пакуль сама не разабралася крыху, як дзейнічае сістэма павышэння кваліфікацыі, ініцыятыва зыходзіла менавіта ад дырэктараў і іх намеснікаў. Было радасна, што мой патэн­цыял бачаць і нацэлены ўдасканаль­ваць. Як было самой не старацца?! Без школы не ўяўляю жыцця, хаця працяглы час тут амаль студэнткай сябе адчувала. Цяпер жа адказ на пытанне “Хто я?” у маёй свядомасці гучыць упэўнена і з гонарам: “Настаўніца”.

— Даследаваннямі і алімпіядамі з вучнямі працягваеце займацца?

— Так, прычым прымнажаем вынікі. У сярэдняй школе № 16 спачатку мае шасцікласнікі штогод пачалі вяртацца з дыпломамі раённай алімпіяды па біялогіі, най­часцей І ступені, потым сталі нядрэнна выступаць на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце. Паралельна па хіміі на раёне мы з вучнямі трывала замацаваліся ў тройцы лідараў. Зноў жа варта падзяка­ваць лёсу: мне ёсць у каго набірацца вопыту. У нашай школе працуе цудоўная настаўніца, у якой алімпіяднікі штогод перамагаюць на вобласці і рэспубліцы па хіміі, яна са мной дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі, мы дзейнічаем у тандэме. Наш кабінет хіміі па выніках раённага конкурсу прызнаны лепшым на Полаччыне, а ўлічвалася ж не проста абсталяванне і афармленне, але і метадычнае забеспячэнне. У мінулым навучальным годзе ўпершыню мая вучаніца выступіла на рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёныя школы” і была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Таленавітая дзяўчынка перайшла ў 6 клас і нацэлена працаваць далей, для нас яе перамога — гэта кропка адліку.

— Вашы месцы сілы, якія жывяць энергіяй?

— Бацькоўскі дом, дзе вырасла. Школа. Лакацыі, дзе ўсёй сям’ёй займаемся спортам. Перавагу мы з мужам і дзецьмі аддаём летам веласіпедам, а зімой — лыжам. Параўнальна нядаўна ў гэты пералік дабавіла горы: аказ­ваецца, іх энергетыка мне таксама блізкая.

— Падзяліцеся сакрэтам: як вам удаецца зацікавіць вучняў сваімі прадметамі?

— Возьмем хімію. Яшчэ са школьных гадоў урок хіміі здаецца мне чароўным і прыцягальным. Вельмі хочацца перадаць захапленне дзецям. На занятках я раскладваю па палічках хімічныя паняцці, даю новыя веды ў даступнай форме, і тады складанае становіцца простым. Цікава назіраць, як загараюцца вочы хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны пачынаюць ставіцца да хіміі не як да цяжкага прадмета, а як да ўрокаў, што адкрываюць таямніцы тых працэсаў, якія адбываюцца вакол нас. Пройдзены матэрыял мы замацоўваем з дапамогай інтэлект-карт. Складанне схем, табліц, малюнкаў, інфаграфікі дазваляе развіваць на ўроках чытацкую дасведчанасць вучняў.

Каб абуджаная цікавасць да прадмета не згасала, патрэбна сістэма работы, дзе непарыўна злучаецца ўрочная і пазаўрочная дзейнасць. Пазакласныя мерапрыемствы, правядзенне тыдня хіміі, сумеснае шчыраванне над даследаваннямі і праектамі дапамагаюць мне весці вучняў за сабой. Зацікаўленасць школьніка пачынаецца са слоў “я хачу”, “мне трэба”, “я магу”.

— Пераходзячы на тэрміналогію хімікаў, рэакцыі раскладання і злучэння ў наяўнасці. Што наконт абмену і замяшчэння?

— На настаўніка ўвесь час глядзяць дзясяткі вачэй, назіраюць, ацэньваючы, з цікаўнасцю, у чаканні… Яму нельга спатыкнуцца і падвесці, нельга расчараваць!

Велізарнае значэнне ў нашай прафесіі мае абмен педагагічным вопытам: наведванне розных семінараў, майстар-класаў, канферэнцый. І, несумненна, выхаванне і навучанне заўсёды грунтуюцца на абмене інфармацыяй паміж настаўнікамі і яго вучнямі. Гэта несупынная ўзаемная праца з дзецьмі: разумовая і фізічная, маральная і духоўная.

Маё педагагічнае крэда вызначае дзіця, у асобе якога я павінна знайсці і развіць іскрынкі таленту. Нельга падабраць адзі­ную мадэль навучання для ўсіх і гадамі нязменна ёй карыстацца. Што падыходзіць аднаму чалавеку, зусім непрымальна для іншага. Вобразна кажучы, кожны вучань — унікальны, неагранены каштоўны камень, які трапіў у нашу школьную скарбніцу. Задача педагогаў — убачыць, падкрэс­ліць і прымножыць яго прыга­жосць, матываваць да працы і разам радавацца, калі ён заззя­е ў святле ведаў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара