Настрой на доўгатэрміновую сур’ёзную работу з Беларуссю

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

На Беларуска-еўрапейскім інвестыцыйным форуме падпісаны шэраг пагадненняў і мемарандумаў.

“Пачынае паказваць сябе, калі можна так сказаць, “выстрэльваць” Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Кіраўнік адміністрацыі парка Аляксандр Ярашэнка быў адным з галоўных падпісантаў — ён ставіў подпісы пад дакументамі з рознымі кампаніямі па рэалізацыі некалькіх праектаў”, — расказаў журналістам Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі форуму.

Так, “Вялікі камень” папоўніўся новым рэзідэнтам. Ім стала ТАА “Ланц Мануфактур”. Згодна з падпісаным пагадненнем, на працягу 2017—2020 гадоў запланавана рэалізацыя на тэрыторыі парка інвестпраекта па вытворчасці і выпуску святлодыёдных лямп і свяцільняў LED Teсhnology. Аб’ём інвестыцый павінен скласці не менш як $500 тысяч.

Акрамя таго, падпісана пагадненне аб намеры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта паміж адміністрацыяй парка і кампаніяй Dieffenbacher (Германія). Размова ідзе аб арганізацыі інавацыйнай вытворчасці вырабаў з кампазітных матэрыялаў з адпаведным інжынірынгавым цэнтрам. “Гэта высокатэхналагічная вытворчасць, трэба мець вялікі навукова-тэхнічны задзел, каб асвоіць яго. І нямецкая кампанія выказала жаданне рэалізаваць праект у парку”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Заключана пагадненне аб намерах з АТ “Дуйсбургер Хафэн” (Германія). У будучым кампанія, якая валодае найбуйнейшым рачным портам Еўропы — Дуйсбургам, стане адным з заснавальнікаў СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка”.

У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі банкаўскіх структур. “Пачынае працаваць рамачнае пагадненне з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам — яны будуць рэалізоўваць у Беларусі вялікія інфраструктурныя праекты, праекты па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Яны гатовы рэалізоўваць камерцыйныя праекты, якія будуць мець эфект. Відаць, што ў іх сур’ёзны настрой на доўгатэрміновую сур’ёзную работу з Беларуссю”, — паведаміў прэм’ер-міністр.

Ён расказаў, што асаблівая ўвага на форуме была ўдзелена IT-секцыі. “Ужо ні ў кога ў Еўропе няма сумненняў у тым, што ІТ — гэта візітная картка Беларусі. Некалькі разоў прагучала, што гэта еўрапейская “сіліконавая даліна”. Але ж, па вялікім рахунку, мы лічым, што толькі пачынаем. У краіне падрыхтаваны дакумент, які надасць новае дыханне развіццю Парка высокіх тэхналогій, значна пашырыць напрамкі яго развіцця, умовы функцыянавання, зробіць больш сучаснай нарматыўную базу з улікам апошніх дасягненняў лічбавых тэхналогій. Мы лічым, што гэта запатрабаваны напрамак і Беларусь у плане сучасных тэхналогій не ў хвасце поезда, а бліжэй да лакаматыва”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

На форуме таксама быў падпісаны мемарандум паміж Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця аб супрацоўніцтве па інвестыцыйным праекце “Аўтамабільная дарога Р80 Слабада — Паперня, км 0,000 — км 14,770”, а таксама некаторыя іншыя дакументы.