Настрой на пазітыў

- 11:19Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Годам адкрыццяў і рэалізацыі творчых задум стаў для дырэктара гімназіі № 1 Ашмян Вольгі САВАНЕЦ ­2022-­і. Пра яркія перамогі вучняў і настаўнікаў, чароўны сшытак і сакрэты кіравання, навагодні настрой і тэатральныя паказы — наша гутарка з Вольгай Уладзіміраўнай. 

– Вельмі насычаны быў 2022 год! Я сказала б, год адкрыццяў. Гэта адкрыццё сямейнага шахматна-шашачнага клуба “Мазгавы штурм” і адкрыццё на тэрыторыі гімназіі спартыўнай шматфункцыянальнай пляцоўкі для насельніцтва ў рамках праекта “Спорт для ўсіх” пры падтрымцы Ашмянскага райвыканкама і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, — расказвае дырэктар. — Дзесяцікласнікі Давід Барыловіч і Дар’я Дзенісенка сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай мола­дзі, усе выпускнікі нашай гімназіі паспяхова паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове і гісторыі Беларусі сталі Аляксандр Сульжыцкі і Валерыя Каткоўская адпаведна. Дыпломам пераможцы Рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ даследчага характару па геа­графіі адзначана Дар,я Дзенісенка. Сёлета Аляксандр Серганоўскі, Юлія Паўлоўская, Дар,я Дзенісенка прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Штогод навучэнцы гімназіі паспяхова прымаюць удзел у тэлепраекце “Я ведаю!”, інтэлектуальных турнірах. Наш малады спецыяліст настаўніца біялогіі Юлія Дэрвіс з,яўляецца пераможцай абласнога конкурсу “Паспяховы старт”, актыўна вядзе свой блог у Instagram пад назвай “Дневник училки”.

— Вольга Уладзіміраўна, якія традыцыі святкавання Новага года і Каляд існуюць у вашай навучальнай установе, у сям’і? 

— Кожны Новы год не падобны на папярэдні. Гэта дакладна! Сёлета ў гімназіі мы вырашылі правесці тэатралізацыі. Кожны клас рыхтуе міні-спектакль. Лепшыя тэатральныя пастаноўкі зной­дуць сваіх гледачоў Ашмянскага раёна на дабрачынным канцэрце для ўсіх жадаючых.

А ў сям,і ёсць такая традыцыя: на кожны Новы год мы з дзецьмі выпякаем імбірнае пячэнне. Гэта сумесны занятак, рытуал не мяняецца. Параўноўваем, хто лепш упрыгожыў пячэнне, жартуем і абавязкова глядзім фільмы, пакуль гатуем. У нас ёсць любімыя кінастужкі: у мяне і дачкі — “Службовы раман”, у мужа і сына — “Каханне і галубы”.

— Якім чынам ствараецца навагодні настрой у калектыве? 

— Ёсць традыцыя, якую мы падтрымліваем. На апошнім тыдні чвэрці ўсе ходзяць у навагоднім адзенні альбо з атрыбутамі Новага года. Гэта вельмі весела. Дзверы вучэбных кабінетаў упрыгожваюцца згодна з кірункам кабінета. І ў цэлым, навагоднія ўпрыгажэнні ва ўсіх памяшканнях ствараюць святочную атмасферу.

— Як стымулюеце сваіх педагогаў да творчасці? 

— Метаду бізуна і перніка ў мяне дакладна няма! Я сама з,яўляюся генератарам многіх ідэй, і, гледзячы на мяне, педагогі, як яны самі кажуць, падзараджаюцца ад мяне і становяцца такімі ж. Ідэі прыходзяць выпадкова, многія сняцца, але ў іх рэалізацыі ўдзельнічаюць усе. Так, ужо за 1 чвэрць мы аформілі тры паверхі ў гімназіі па грамадзянска-патрыятычным, прававым і духоўна-маральным напрамках. Вокны ўпрыгожва­юць галерэі карцін вядомых мастакоў, краявіды нашай краіны, прававая інфармацыя для дзяцей. На сценах — стэнды з цікавымі адукацыйнымі квестамі. Перапынкі для навучэнцаў становяцца актыўнымі і пазнавальнымі.

Каб педагогі сталі творцамі, даю ім магчымасць займацца тым, што атрымліваецца ў іх лепш за ўсё. Пастаянна заахвочваю кожнага словам, мне важна мець зносіны з калегамі ў калідоры, настаўніцкай, фае. На першым месцы — клопат пра супрацоўніка як пра асобу. Вядома, для мяне мае значэнне памер заработнай платы калег. Таму пастаянна шукаю магчымасці для павышэння заработнай платы: уліч­ваюцца катэгарыйнасць, удзел у конкурсах і мерапрыемствах і інш.

— Вольга Уладзіміраўна, у вас дружны педкалектыў? 

— Вельмі дружны і згуртаваны. У мяне выдатная каманда намеснікаў дырэктара — гэта Ірына Гайко, Вольга Куліковіч, Святлана Дубнік, Ірына Готка, Аляксей Хам’юк. Творча працуюць Святлана Ляпко, Вольга Вінцкоўская, Сяргей Вінцкоўскі, Ларыса Ларыёнава, Марына Свірбутовіч, Ларыса Канцавая, Хрысціна Окрут, Сняжана Бурачэўская, дружная каманда настаўнікаў пачатковых класаў і англійскай мовы. Педагог-арганізатар Ядвіга Дашкевіч, педагог-псіхолаг Аксана Талалае­ва, педагог сацыяльны Вольга Канчаніна — гэта генератары многіх ініцыятыў і акцый. Кіраўнік па ваенна-патрыя­тычным выхаванні Аляксандр Каліш актыўна працуе з дзецьмі, вядзе свой блог, сфарміраваў сцягавую групу з ліку васьмікласнікаў, і цяпер кожную чвэрць у нас праходзіць урачыстае мерапрыемства з вынасам сцяга Рэспуб­лікі Беларусь. Зрэшты, усе вельмі творчыя! У гімназіі заўсёды весела і няма мітусні, усе ведаюць, што рабіць, кожны прыходзіць на выручку, калі камусьці патрэбна дапамога. За гэтыя два гады наш калектыў папоўніўся 8 маладымі спецыялістамі, і з першага дня мы зразумелі, што гэтая моладзь — наша. Яны старанныя, дасведчаныя, гатовыя працаваць. Але галоўнае, што іх вельмі любяць дзеці, а гэта самыя патрабавальныя крытыкі.

— Якіх прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў рабоце з калектывам? 

— Усё залежыць ад кіраўніка, ад таго, як ён рэагуе на тую ці іншую падзею, з,яву, бо ў калектыве яго стан уплывае на ўсіх. Я ніколі не дазваляю сабе крытыкаваць і выказвацца не па справе, найперш трэба разабрацца і пака­заць чалавеку, што ён мог памыліцца, альбо пры­няць яго разумныя довады. Кожную раніцу я сустракаю ўсіх у гімназіі. Прыходжу раней за ўсіх: мой працоўны дзень пачынаецца ў 7.00. Для кожнага знаходжу добрае слова, бо раніца павінна быць пазітыўнай. Ніколі не спазняюся, заўсёды планую сваю работу і арга­нізоўваю работу іншых. Усе тэхнічныя работнікі добра ведаюць, што на вахце ёсць чароўны сшытак, дзе я пішу пэўныя даручэнні, просьбы. Работнікі, выканаўшы іх, малююць у сшытку смайлікі або сэрцайкі. 

— Магчыма, у вас ёсць педагагічнае крэда?

— Гэта тры “заўсёды”: заўсёды быць настроенай на пазітыў, які б пахмурны настрой ні быў, і знешне заставацца спакойнай, каб не дастаўляць дыскамфорт навакольным; заўсёды ісці насустрач чалавеку, улоўліваючы яго псіхалагічны стан, і своечасова прыходзіць на дапамогу; заўсёды з павагай ставіцца да кожнага, як бы ён сябе ні паводзіў і што б ні казаў. Тым самым ствараецца міралюбная атмасфера, у якой чалавек можа раскрыцца і самарэалізавацца.

— Што дазваляе ўстанове быць канкурэнтаздольнай? 

— Перш за ўсё гэта якасць адукацыйных паслуг, своеасаблівы мікраклімат, які характарызуюць давер і ўзаемаразуменне ў калектыве, прымяненне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, спрыяльныя ўмовы для навучання дзяцей, імідж гімназіі, прэстыжнасць адукацыі. Вядома, важна, каб выніковасць на ЦТ, сярэднія балы гімназістаў заўсёды былі высокія.

— На ваш погляд, што дапаможа ўмацаваць сувязь пакаленняў і выхаваць грама­дзяніна сваёй краіны? 

— У гімназіі мы ўдзяляем гэтаму пытанню першараднае значэнне: гэта ўрокі мужнасці, дні воінскай славы, сустрэчы з ветэранамі, работа патрыятычнага клуба, тэматычныя экскурсіі ў музеі і вайскавыя часці, прагляд тэматычных фільмаў, квест-гульні, спартакіяды і г.д. На мой погляд, трэба пачы­наць з фарміравання павагі — да бацькоў, навакольных, гісторыі сваёй краіны. 

У гімназічным музеі “Вехі гісторыі” адкрыта экспазіцыя памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Т.С.Мягковай. Таццяна Сцяпанаўна пакінула нам на доўгую памяць кранальны наказ. І сёння піянерская дружына гімназіі но­сіць яе імя, вядзе шэфства над яе магілай.

Гімназістам і педагогам па­шчасціла пабываць у цягніку Памяці і паглыбіцца ў атмасферу далёкіх ваенных гадоў. Дзесяцікласніца Дар’я Бярнат адзначана дыпломам ІІІ ступені на Міжнароднай мала­дзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Яе творчая работа ўвайшла ў кнігу “Храмы краіны” (жывапіс) у рамках рэспубліканскага творчага конкурсу “Мір у душы — мір у краіне!”.

— Вольга Уладзіміраўна, а як вы адпачываеце?

— Адпачываць не атрымліваецца, бо планаў шмат. Але вельмі люблю праводзіць час з сям,ёй, не важна, што рабіць, галоўнае — разам. Яшчэ люблю паглядзець цікавы фільм, дзе трэба думаць.

—  Які навагодні падарунак вы б хацелі атрымаць пад ёлку? 

— Самае галоўнае — душэўны. Сябры і родныя ведаюць мае прыхільнасці да пэўнага віду цукерак, прадметаў інтэр,ера. Я не матэрыяльны чалавек, мне можна і шарык паветраны падарыць, і я буду рада, бо гэты падарунак зроблены ад душы.

— Падзяліцеся, калі ласка, планамі на новы каляндарны год.

— Галоўнымі задачамі на наступны год будуць выхаванне кампетэнтнай, канкурэнтаздольнай асобы навучэнца, паспяховае праходжанне вучнямі цэнтралізаванага экзамену і ЦТ, а таксама новыя праекты для развіцця і навучання. Па-першае, вельмі хочацца развіць сетку вучэбных кабінетаў пачатковых класаў: кожны вучэбны кабінет будзе прадстаўлены сучасным напрамкам (шасцівугольнае навучанне, здароўезберажэнне, развіццё лагічнага мыслення). Гэта бу­дуць вучэбныя міні-цэнтры з адлюстраваннем важных напрамкаў развіцця ў межах адукацыйнага маршруту дзіцяці. Па-другое, хочацца каб атрымала сваё далейшае развіццё дзей­насць ваенна-патрыятычнага клуба, каб у гімназіі з’явіліся класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Па-трэцяе, важна развіваць алімпіядны рух і дасягаць у ім новых поспехаў. І было б цудоўна, каб як мага больш дзяцей пабывала ў тэхнапарку і ўбачыла магчымасці, якія прадастаўляюцца нашай моладзі. 

— Дзякуй за гутарку і поспехаў у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.