Натхнёная творчасцю

- 10:00Адукацыйная прастора

Дзіцячы загарадны лагер — гэта цудоўная магчымасць для дзіцяці адпачыць, паправіць здароўе, пабыць на прыродзе, набрацца сіл і ўражанняў, знайсці новых сяброў. У НДЦ “Зубраня” ў прыярытэце яшчэ адзін складнік — даць дзецям магчымасць паспрабаваць сябе ў новай сферы, у творчасці. Таму з дзецьмі тут працуюць педагогі дадатковай адукацыі. Сярод іх і Святлана Алегаўна КАРАЕВА.

З рога ўсяго многа

Лепка з гліны, валенне з лямцу, анімацыя, скульптура, архітэктура — выбар аб’яднанняў, у якіх працуе Святлана Алегаўна, такі ж багаты, як і дзіцячыя захапленні. Паспрабаваўшы сябе ў адным з іх, дзеці часта становяцца яго прыхільнікамі на доўгія гады.

“У лагеры ёсць свая спецыфіка — не прапаноўваць, а падстройвацца пад інтарэсы дзяцей, таму я часта мяняю кірункі работы, шмат чаму вучуся сама. Адзіны кірунак — гэта сумна і нецікава і для педагога, і для дзяцей. Спачатку ў мяне было саломапляценне, потым дабавілася лепка з гліны, затым — валенне і г.д. І калі ў старэйшых дзяцей узнікае інтарэс да іншых, больш тэхналагічных кірункаў, асвойваю і іх. Так з’явіліся камп’ютарныя аб’яднанні. Летам да нас прыязджаюць нават дашкольнікі, а ў вучэбны час — вучні 4—11-х класаў. І кожную змену выбіраю некалькі кірункаў у адпаведнасці з узростам і інтарэсамі дзяцей, — расказвае Святлана Алегаўна. — Спецыфіка работы ў тым, што ўсяго за некалькі заняткаў трэба паспець зазірнуць у гісторыю пэўнага кірунку, паглядзець відэа­прэзентацыю пра яго развіццё, даведацца пра вядомых асоб, што рэалізаваліся ў гэтым кірунку, пра тое, якімі былі вырабы ў старажытнасці і як відазмяніліся з цягам часу, асвоіць саму тэхналогію, усе яе этапы, і ўжо потым, калі ў дзіцяці ёсць веды, яно бярэцца за справу. Тым не менш вынікам змены становяцца некалькі вырабаў, якія дзіця забірае дадому, каб упры­гожыць інтэр’ер. Яно зможа пахваліцца родным і сябрам, што навучылася гэтаму за 9 ці максімум 15 заняткаў”.

Кожнаму сваё

Такія складаныя кірункі, як жывапіс, па меркаванні педагога, больш упісваюцца ў мастацкія студыі з пастаянным складам навучэнцаў. Там дзеці асвойваюць гэты від мастацтва некалькі гадоў, пачынаючы ад асноў, вывучаюць розныя тэхнікі. Але для азнаямлення педагог прапаноўвае дзецям гатовыя эскізы накшталт размалёўкі ці малявання па нумарах, і хоць гэта грубая тэхналогія, але дзецям яна падабаецца. Такая ж сітуацыя са скульптурай. У часовым аб’яднанні за некалькі заняткаў навучыцца ёй не атрымаецца — сама Святлана Алегаўна вучылася гэтаму 9 гадоў. Але яна апрабавала эксперыментальную студыю, разлічаную на абмежаваную колькасць заняткаў. Брала гатовыя геа­метрычныя формы, дэталі, і з іх навучэнцы канструявалі посуд, розныя прадметы і нават твар чалавека.

Дар’я Астапчук, першакурсніца БДПУ імя Максіма Танка, будучая настаўніца рускай мовы і літаратуры:

“Я дзве змены сама займалася ў Святланы Алегаўны, а трэці раз я ўжо была валанцёрам — памочніцай важатых і прывяла да яе на заняткі свой атрад. Святлана Алегаўна — чалавек, які ўмее захапіць творчасцю і быць дзецям сябрам. Адразу пасля змены я купіла лямец, іголку і дарабіла няскончаныя работы, але спыніцца на іх не магла — ствараю новыя і новыя работы. А калі ў мяне ўзнікаюць тэхнічныя пытанні па валенні, я ў першую чаргу звяртаюся па параду да Святланы Алегаўны. Мы пастаянна падтрымліваем з ёй сувязь, часта перапісваемся. Дамовіліся сустрэцца ў “Зубраняці” напрыканцы лета — пагуляць, пагутарыць, успомніць былое”.

Увогуле заняткі жывапісам і скульптурай педагог пакідае для тэматычных змен ці для навучэнцаў мастацкіх школ ці мастацкіх студый. У “Зубраняці” кожную вясну ладзіцца цэлая змена для ўдзельнікаў рэспублікан­скага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” ў напрамку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дарэчы, хутка будзе заезд.

“Для юных творцаў у нас распрацоўваецца асобная модульная сістэма заняткаў, бо і сярод іх ёсць навучэнцы з больш высокім, чым у іншых, узроўнем падрыхтоўкі. Ім не трэба гаварыць, як правільна, — гэта яны ўжо добра засвоілі. Яны веда­юць, што такое каларыт, колер, цені, ведаюць усё пра колеравы круг, пра спалучэнне фарбаў і колераў, таму я больш увагі ўдзяляю практыцы. Для мяне гэта размова на адной мове амаль з калегамі”, — гаворыць педагог.

Смак адкрыццяў

Святлана Алегаўна прызнаецца, што большае задавальненне яна ўсё ж атрымлівае ад зносін з дзецьмі, якія ўпершыню адкрываюць для сябе творчасць.

“У кожнага дзіцяці са студый ужо выпрацаваны свой стыль, густ і г.д. З імі больш цікава ладзіць майстар-класы — як для іх, так і з іх удзелам. А калі прыходзяць навічкі, іх захапленню няма меж! Мяне гэта зараджае і кранае, хочацца ўражваць іх яшчэ больш, каб іх захапленне і пасля змены не згасла”, — прызнаецца С.А.Караева.

Мультыплікацыя таксама разлічана на розны ўзровень падрыхтоўкі. На занятках дзеці вывучаюць усе віды анімацыі, але прымяняюць толькі камп’ютарную. Для дзяцей, якія валодаюць камп’ютарам хаця б на базавым узроўні, дастаткова зразумець, як стварыць персанаж, які рухаецца, даведацца, што такое мультыплікацыя, колькі працы застаецца за кадрам мультфільма. Але калі дзеці ўжо знаёмы з мультыплікацыяй, на занятках яны і цэлы мультфільм мо­гуць стварыць. Педагог прызнаецца, што калі бачыць вочы дзяцей падчас выніковага прагляду іх гатовай работы, то ўпэўнена: гэта варта любых яе намаганняў.

Хрысціна Рошчына, студэнтка 1 курса факультэта менеджменту спорту, турызму і гасціннасці БДУФК:

“Я пяць гадоў запар ездзіла ў “Зубраня” і кожны раз ішла на заняткі менавіта да Святланы Алегаўны — асвойвала і гліну, і валенне з лямцу, і мультыплікацыю. З таго часу я не маю праблем з вырабам падарункаў. Шчыра кажучы, не так важна было, які кірунак яна вяла на маёй змене. Яна была мне цікавая як педагог і чалавек. Я любіла атмаферу на яе занятках, запальныя фізкультхвілінкі пад музыку. Памятаю, як на Новы год мы ўсе пісалі адзін аднаму пажаданні. Гэта тое, чым нас вабілі заняткі гэтага педагога”.

Пра традыцыі — творча

Чым меншыя дзеці, тым больш у іх жадання паспрабаваць сябе ў розных сферах. Асабліва ім цікавыя тэхналагічныя кірункі — робататэхніка, камп’ютарная графіка. Але ў той жа час у Святланы Алегаўны ніколі не было недахопу жадаючых ляпіць з гліны і валіць з лямцу. Тут у педагога ёсць свой сакрэт — не проста даць дзецям матэрыял у рукі, а спачатку расказаць пра яго гісторыю, каб дзеці зразумелі, наколькі гэта высакародны матэрыял, з якога рабіліся амаль магічныя рэчы.

“У мяне атрымаўся свое­асаблівы канцэпт — архітэктура і кераміка. Неяк мы з дзецьмі стваралі даследчы праект “Замкі Беларусі”. Мы не проста разглядалі канструкцыю таго ж Мірскага замка, а высвятлялі, чаму яна менавіта такая, навошта там былі вежы, чаму яны глядзелі ва ўсе бакі, для чаго вакол замка выкопваўся роў, хто жыў у замку і г.д. Пасля дзеці выбіралі сабе замак і ўвасаблялі яго ў гліне. Калі замак не захаваўся цалкам, як, напрыклад, Навагрудскі, то дзеці (іх было 15) фантазіравалі і стваралі яго такім, якім хацелі б яго ба­чыць. Гэта ўсё было ў межах адной толькі змены, і ў кожнага была свая функцыя — нехта ствараў макет ці пісаў тэкст, нехта рабіў прэзентацыю, распрацоўваў чарцяжы, групкамі ляпілі элементы будынкаў, рабілі іх зборку, аб’ядноўвалі ў агульны макет, а ў канцы змены праводзілі яго абарону. Гэта рабілася ў першую чаргу для таго, каб у дзяцей складвалася правільнае ўражанне пра культурную спадчыну Ра­дзімы, каб яны разумелі, што ў кожнага будынка свая гісторыя, свая каштоўнасць. Калі дзецям проста пра гэта расказаць ці пака­заць адпаведны фільм, магчыма, гэтага бу­дзе недастаткова. А так яны літаральна дакрануліся да гісторыі”, — тлумачыць ідэю праекта педагог.

Галоўнае — атмасфера

Цікава, але мастацтва, уменне тварыць для многіх навучэнцаў Святланы Алегаўны не самае галоўнае. Яны адзначаюць, што іх вабіць асоба педагога і некаторыя з іх зноў і зноў едуць у “Зубраня” ў тым ліку дзеля Святланы Алегаўны. Ёсць дзеці, якія адпачывалі тут па 18 разоў! Многія з іх, яшчэ не распакаваўшы чамаданы, бягуць у Палац творчасці да Святланы Алегаўны — убачыцца, расказаць пра сябе і даведацца, што адбылося за той час, пакуль іх не было.

Таццяна Калодзіч, студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.

“Дзякуючы Святлане Алегаўне я знайшла і сяброўку, і прафесію. Гэта на яе заняткі мяне паклікала Дар’я Астапчук, з якой мы трапілі ў адзін атрад.

Пасля “Зубраняці” мы з Дашай разам працягвалі валенне з лямцу, разважалі пра выбар прафесіі, паступілі ў адзін універсітэт, жывём у адным пакоі ў інтэрнаце. Да лагера я і не думала паступаць у педагагічны, але, калі гля­дзела на Святлану Алегаўну і важатых, у мяне складваўся вобраз ідэальнага педагога і я марыла некалі быць падобнай да іх. Цяпер, калі вечарамі мы з Дашай дастаём лямец на гадзінку-другую, я думаю пра тое, што гэта, магчыма, будзе для мяне не толькі хобі. Мне як педагогу гэта спатрэбіцца для таго, каб наглядна знаёміць сваіх будучых вучняў з традыцыямі нашых продкаў, каб знаходзіць з імі кантакт — агульнае захапленне заўсёды гэтаму спрыяе”.

З некаторымі навучэнцамі Святлана Алегаўна падтрымлівае сувязь у сацсетках ужо шмат гадоў. Так, Хрысціна Рошчына, якая была і застаецца фанаткай папулярнага рок-гурта, шмат разоў была ў лагеры і заўсёды хадзіла на заняткі менавіта да Святланы Алегаўны, каб рабіць сімволіку сваіх куміраў з лямцу ці гліны — надпісы, эмблемы і г.д. І нават калі яна прыязджала ў лагер не ў якасці навучэнкі, заўсёды была на занятках любімага педагога, глядзела, як атрымліваецца тварыць у іншых, дапамагала ім. Напрыклад, калі прыязджала на валанцёрскія змены, яна была асістэнтам Святланы Алегаўны і нават другім педагогам, працуючы з ёй паралельна. Асабліва добра ў яе складваліся адносіны з глінай і лямцам.

Некаторыя выпускнікі Святланы Алегаўны ўжо студэнты і вярнуліся ў “Зубраня” важатымі.

“У многіх маіх выхаванцаў відавочны педагагічны талент, таму яны сталі студэнткамі педагагічных устаноў. Мне здаецца, рана ці позна яны вернуцца ў “Зубраня” — ці працаваць, ці валанцёрыць”, — гаворыць Святлана Алегаўна.

Цяпер, напярэдадні лета, Святлана Алегаўна стараецца дапоўніць паліцы ў сваёй студыі новымі работамі — яе дзяўчаты-сяброўкі любяць кожны новы візіт у “Зубраня” пачынаць з разглядвання гэтых паліц.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Кірыла ЛЕСАВОГА і з архіва С.А.Караевай.