Больш за 6 тысяч юных жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”.
Моладзь любіць і цікавіцца роднай літаратурай: рэйтынгі конкурсу яшчэ раз гэта пацвердзілі. Як і тое, што навучэнцы не толькі з задавальненнем чытаюць класікаў, але і ахвотна дзеляцца з равеснікамі дарослымі чытацкімі знаходкамі, уласным разуменнем асаблівасцей зместу, адчуваннем мелодыкі твораў.
Як адзначыла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка (яна разам з начальнікам аддзела выхаваўчай работы аблвыканкама Валерыем Кунашкам узначальвала журы абласнога этапу конкурсу), чытанне літаратурнага твора заўсёды сутворчасць, таму што кожны чытач у сваёй свядомасці адлюстроўвае аўтарскі тэкст праз уласны вопыт і пачуцці.
— Прыцягваць падлеткаў да чытання, выхоўваць падрастаючае пакаленне на выдатных узорах нацыянальнай літаратуры надзвычай важна і актуальна, — падкрэсліла Тамара Іванаўна. — Мы жывём у час ІТ-тэхналогій, іх роля пастаянна ўзрастае. Але я ўпэўнена: нельга адыходзіць ад жывога слова, бо толькі яно — спрадвечны спосаб перадачы інфармацыі. Напачатку было слова, так сказана ў Свяшчэнным пісанні, і гэта ісціна.
У Віцебску падчас правядзення трэцяга этапу конкурсу сустрэліся 107 лепшых чытальнікаў. Разам са сваімі педагогамі яны правялі велізарную работу ад выбару твора да яго дасканалай інтэрпрэтацыі, дзе важна ўсё — ад эмацыянальнага настрою і майстэрства выканаўцы да сцэнічнага вобраза, рэквізіту, мастацкага афармлення. Два дні на сцэне абласнога Палаца дзяцей і моладзі панавала Яе Вялікасць Класіка, прыхільнікі якой зноў і зноў даказвалі — любові да роднай літаратуры падуладны ўсе ўзросты. Асабліва парадавалі сваёй непасрэднасцю і энтузіязмам самыя юныя чытальнікі.
— У нашай малодшай групе займаюцца ў асноўным першакласнікі, — расказала кіраўнік “Тэатра ЭЦЮД” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Ганчарова. — Для маіх выхаванцаў гэта першы вопыт удзелу ў падобных конкурсах і публічнага выступлення ў такой вялікай аўдыторыі. Трымаліся добра, адпрацавалі артыстычна. Вельмі дапамагла група падтрымкі, яна ў нас таксама класічная — бацькі. А вось рэпертуар выбіралі доўга. Хацелася знайсці штосьці няхай трошкі менш вядомае — толькі блізкае, сугучнае дзіцячым перажыванням. Таму што, на маю думку, жывая класіка — гэта яшчэ і блізкая да фальклорнай традыцыя, якая ўключае творчасць не толькі славутых майстроў слова, але і іх таленавітых паслядоўнікаў, нашых сучаснікаў. Тых, каго, магчыма, назавуць класікамі нашы дзеці. Мы выбралі верш “Сварка” сучаснага беларускага паэта Андрэя Хадановіча. Ён мае выхаваўчы характар, напісаны з гумарам і арыентаваны на малодшых школьнікаў. У нашага верша тры выканаўцы. Дзяўчынка слухае спрэчку таты і маці аб тым, як яе выхоўваць, ды ўрэшце вырашае: пакуль не дайшло да сваркі, трэба неадкладна брацца самой мірыць бацькоў.
Тым не менш найбольш поўна на конкурсе былі прадстаўлены вядомыя класічныя творы. Многія з іх аўтараў родам з Віцебшчыны, і было бачна, як шчыра дзеці ганарацца сваімі землякамі. Ажывалі на сцэне Купала і Колас, Караткевіч і Броўка, Барадулін, Бураўкін, Гілевіч, Грахоўскі, Сіпакоў, Бядуля, Панчанка, Вітка, Багдановіч…
— Высокі ўзровень выступленняў прадэманстравалі канкурсанты з Браслаўскага, Чашніцкага, Докшыцкага, Полацкага і асабліва Верхнядзвінскага раёна, у скарбонцы якога два дыпломы І і адзін — ІІ ступені. Кірыл Шульга, Ганна Гагалінская і Кірыл Агурчонак выдатна прадставілі раён і родную Верхнядзвінскую гімназію, прычым Ганна набрала найвышэйшую з магчымых колькасць балаў і стала абсалютнай пераможцай, — расказаў Валерый Кунашка. — Хочацца адзначыць Віялету Будзько з сярэдняй школы № 2 Докшыц, Кацярыну Рыбакову з гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска, Вікторыю Піліпёнак з Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна, Дзіяну Шамкову з сярэдняй школы № 12 Віцебска, а таксама нашых дыпламантаў ІІ і ІІІ ступеней, якія склалі дастойную канкурэнцыю лідарам: разрыў у балах быў мінімальны. Лепшыя выканаўцы класічных твораў беларускай літаратуры атрымалі запрашэнне ў Полацк, дзе падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адбудзецца фінал конкурсу.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.