Нацыянальная зборная збіраецца ў дарогу

- 11:22World Skills

У Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла прэс-канферэнцыя аб удзеле беларускай зборнай па прафесійным майстэрстве ў Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Abu Dhabi — 2017. На пытанні журналістаў адказвалі рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскі, загадчык кафедры тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны БДТУ С.В.Шэцька.

Амаль два тыдні застаецца да таго хвалюючага моманту, калі наша нацыянальная зборная прыме ўдзел у Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills, які адбудзецца ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі. Для сусветнай арганізацыі WorldSkills International гэта ўжо 44 прафесійны конкурс такога маштабу, а для Беларусі — толькі другі. Упершыню наша краіна прыняла ўдзел у гэтым чэмпіянаце ў 2015 годзе. Тады ён праходзіў у бразільскім горадзе Сан-Паўлу. З таго часу беларуская каманда вырасла да паўнавартаснага ўдзельніка спаборніцтва. Але нават на сваім першым міжнародным чэмпіянаце зборнай Беларусі ўдалося не толькі паказаць высокія вынікі, але і заваяваць прыхільнасць з боку з іншых краін і непасрэдна кіраўніцтва WorldSkills International у асобе прэзідэнта арганізацыі Саймана Бартлі, які застаўся ў захапленні ад беларускай каманды.

За апошнія гады рух WorldSkills настолькі разгарнуўся ў Беларусі, што колькасць яго прыхільнікаў імкліва расце. Гэта не толькі новы кірунак у развіцці нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, гэта ўжо брэнд. І сёлетні чэмпіянат у Абу-Дабі з’яўляецца яскравым пацвярджэннем гэтага.

В.М.Галубоўскі паведаміў, што сфарміраваны канчатковы склад нацыянальнай каманды, куды ўвайшлі 29 канкурсантаў, якія будуць дэманстраваць свае прафесійныя навыкі ў 27 кампетэнцыях (некаторыя з іх маюць на ўвазе камандную работу і прадстаўлены двума ўдзельнікамі). Усе ўдзельнікі прайшлі пільны шматэтапны адбор, доўгі час адпрацоўвалі практычныя навыкі і засвойвалі тэарэтычныя веды, а таксама ўдасканальвалі сваё веданне англійскай мовы. Акрамя канкурсантаў, у чэмпіянаце будуць удзельнічаць 27 экспертаў, якія ўваходзяць у склад міжнароднай экспертнай супольнасці і ўдзельнічаюць у распрацоўках конкурсных заданняў.

Кампетэнцыі, па якіх нашы канкурсанты будуць выступаць, выбраны невыпадкова. Яны прадстаўляюць найбольш прыярытэтныя віды эканамічнай дзейнасці нашай краіны, падрыхтоўка кадраў па якіх з’яўляецца вельмі важнай. Сярод будаўнічых кампетэнцый — каменныя работы, выраб мэблі, цяслярныя работы, мантаж электрычнага абсталявання, сталярныя, малярныя работы. Машынабудаўнічую сферу прадстаўляюць такарныя і фрэзерныя работы, электроніка, тэхнічнае праектаванне, мехатроніка, мабільная робататэхніка, зварачныя работы. Частка кампетэнцый уваходзіць у творчы блок і ў блок інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Блок “Транспарт і лагістыка” прадстаўлены кампетэнцыямі “Кузаўны рамонт” і “Аўтамабільныя тэхналогіі”. У сферу сацыяльных і персанальных паслуг уваходзяць такія кампетэнцыі, як касметалогія, кулінарнае, цырульніцкае, кандытарскае мастацтва, рэстаранны сэрвіс. Усе яны арыентаваны на развіццё малога і сярэдняга бізнесу і для нашай краіны вельмі актуальныя. Аб гэтым сведчыць зацікаўленасць у падрыхтоўцы кадраў па гэтых напрамках з боку шэрага айчынных кампаній і ўвогуле іх вялікая ўвага да развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Акрамя таго, В.М.Галубоўскі адзначыў, што наладжаны канструктыўны дыялог паміж сістэмай адукацыі і заказчыкамі кадраў. У развіцці руху WorldSkills сёння зацікаўлены многія галіны вытворчасці і сацыяльнай сферы, міністэрствы і ведамствы. Напрыклад, Міністэрства прамысловасці на чале з міністрам В.М.Воўкам аказвае істотную падтрымку развіццю руху WorldSkills у нашай краіне, каб такім чынам паспрыяць высакаякаснай падрыхтоўцы кадраў для прамысловага сектара.

Многія прадпрыемствы і арганізацыі прадаставілі для падрыхтоўкі ўдзельнікаў чэмпіянату ў Абу-Дабі не толькі свае вытворчыя базы, абсталяванне, але і аказваюць фінансавую дапамогу. Сярод такіх прадпрыемстваў — МТЗ, БелАЗ, “Інтэграл”, “Гомсельмаш”, “Амкадор” і шэраг іншых. Разумеючы сацыяльную значнасць руху WorldSkills, беларускія банкі прадаставілі істотныя інвестыцыі. Генеральным партнёрам WorldSkills-Belarus выступае Пріорбанк.

С.В.Шэцька пацвердзіў, што рух WorldSkills спрыяе цеснаму ўзаемадзеянню навучальных устаноў розных узроўняў. Ён расказаў, што ў падрыхтоўцы канкурсантаў па сталярных работах, вырабе мэблі і цяслярскай справе актыўны ўдзел прымаюць як прафесійна-тэхнічныя, так і вышэйшыя навучальныя ўстановы. У прыватнасці, задзейнічаны Беларускі дзяржаўны тэхналагічны і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэты, аднапрофільныя каледж і ліцэй. Абсталяванне, піламатэрыялы, інструменты ў большасці прадстаўлены дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі. Канкурсанты трэніруюцца на вучэбных базах навучальных устаноў і арганізацый, а стажыроўкі ўдалося прайсці за мяжой.

Сёлетні чэмпіянат у Абу-Дабі будзе адметны і шырокай дзелавой праграмай. Паралельна са спаборніцтвамі пройдуць шматлікія семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, у якіх змогуць паўдзельнічаць прадстаўнікі сферы прафесійнай адукацыі ўсіх краін — удзельніц чэмпіянату, каб выказаць свае меркаванні наконт удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, падзяліцца вопытам. Акрамя таго, прадоўжыцца праект “Адна школа — адна краіна”, пачаты на мінулым чэмпіянаце ў Сан-Паўлу. Удзельнікі праекта будуць наведваць навучальныя ўстановы Абу-Дабі, сустракацца з педагогамі і навучэнцамі, расказваць пра Беларусь і дзяліцца ведамі пра Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

У рамках чэмпіянату плануецца таксама правядзенне міжнароднага маладзёжнага форуму “Думаю аб будучыні”, які ўпершыню пройдзе пад эгідай WorldSkills. У мерапрыемстве прымуць удзел маладыя спецыялісты розных сфер дзейнасці, якія былі спецыяльна дэлегаваны на згаданы форум. Яны змогуць абмяняцца набыткамі ў развіцці прафесійных навыкаў у сферы інавацый, прадпрымальніцтва, зялёнай эканомікі і іншых. Увогуле, у форуме прымуць удзел 300 чалавек з 70 краін. Беларусь прадставяць два ўдзельнікі — Дар’я Каралёва, студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, і Яўген Свілёнак, майстар вытворчага навучання філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій машынабудавання і аўтасэрвісу”, выпускнік каледжа і студэнт БНТУ.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.