Добра вядома, адкуль паходзіць слова “нацюрморт”. Nature morte — па-французску “мёртвая прырода”.
Але давайце лепей прыгледзімся да гэтай мёртвай прыроды.
Вось лёгкі ветрык ускалыхнуў лісточак дрэўца — і ён ажыў, паўстаў з мёртвых…
Вось жучок сеў на галінку, каб пачысціць сваю пыску. І галінка гэтая затрапятала, быццам жывая…
Вось сонейка так нагрэла кветку, што яна сказала сонейку: “Дзякуй, больш не трэба. Я кладуся спаць. Больш мяне не чапаць!” І згарнулася ў клубок. Жывы клубок, які ў кожны момант можа зноў разгарнуцца ў кветку…
Так, мастацтвазнаўчы тэрмін “нацюрморт” паходзіць ад “мёртвай прыроды”. Але мастакі, пішучы свае нацюрморты, робяць усё, каб ажывіць яе.
Надоечы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася прэзентацыя кнігі “Беларускі нацюрморт 1960—2010” А.У.Зінкевіча, якая стала пераможцам на конкурсе “Мастацтва кнігі — 2016” у намінацыі “Арт-кніга”. Аляксандр Зінкевіч стаў першым айчынным мастацтвазнаўцам, які прафесійна адкрыў для нас гэтую з’яву — беларускі нацюрморт.
“Не кожная краіна можа дэманстраваць свае творчыя магчымасці праз такія кнігі, — адзначыў на прэзентацыі выдання “Беларускі нацюрморт 1960—2010” рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась Баразна. — Гэты год унікальны па сваіх нейкіх містычных датах. Хаця мастацтва не вымяраецца календаром. Мастацтва не бачыць часавых межаў. І разам з тым 500 гадоў назад у Празе выйшла кніга, якую мы лічым нашым пачаткам, нашай першай друкаванай беларускай кнігай… Сёння мы таксама вітаем нараджэнне ўнікальнай кнігі. У ёй нашы мастакі на зразумелай усім мове візуальнай культуры падзяліліся з усім светам сваімі пачуццямі і эмоцыямі, імкненнем да міру, разумення і дружбы”.
“Я заўважыў: калі дасі ў рукі якому чалавеку гэтую кнігу, ён абавязкова хвілін дзесяць-пятнаццаць будзе яе гартаць, — дадаў Міхась Рыгоравіч. — У гэтай кнігі сапраўды незвычайны эфект зрокавага прывыкання. А як усё гэта звязана з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання? Кніга “Беларускі нацюрморт 1960—2010” дазваляе гаварыць пра мастацтва кнігі. Мастацтва кнігі — гэта сістэма логікі, сістэма разваг праз адмысловы кодэкс, праз структуру, праз узаемасувязь асноўнага і дадатковага, праз пошук ключа да ўваходжання ў тэкст, праз спасціжэнне тэксту і заключнай яго часткі як паслання будучым пакаленням”.
Мастацтвазнаўца выкладчык гісторыі мастацтва Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Галіна Багданава падзялілася сваім уражаннем ад кнігі “Беларускі нацюрморт 1960—2010”: “Магчыма, наогул, нацюрморт — гэта мёртвая натура. Але беларускі нацюрморт — гэта нацюрморт з характарам, таму што тут ёсць па-паляшуцку заглыблены характар Рыгора Сітніцы, містычны характар Алесі Скарабагатай, неўтаймоўны характар Уладзіміра Клімушкі”.
Галіна Барысаўна таксама адзначыла: “Мяне асабліва кранулі тут нацюрморты нашых мастакоў, прадстаўнікоў цэлых мастакоўскіх генерацый, напрыклад, нацюрморты Віталя Герасімава з прысмакам віна, нацюрморты Алены Бараноўскай з прысмакам малака, напоўненыя чалавечай і мастакоўскай мудрасцю нацюрморты народнага мастака Беларусі Анатоля Бараноўскага (нядаўна ён, на жаль, ад нас пайшоў), які заклаў далікатнасць беларускага нацюрморта, якая сёння спалучаецца з экспрэсіяй”.
Галіна Багданава выказала спадзяванне, што кніга “Беларускі нацюрморт 1960—2010” будзе выкарыстоўвацца настаўнікамі і супрацоўнікамі ўстаноў культуры для натхнення і для разумення таго, што ёсць вакол нас.
Узяў мікрафон і аўтар Аляксандр Зінкевіч. Ён прызнаўся, што праца над кнігай пачалася амаль выпадкова, калі аднойчы ў гутарцы з Міхасём Баразной высветлілася, што нацюрморт фактычна сур’ёзна не даследаваўся ў айчынным мастацтвазнаўстве. “Працуючы над кнігай, я напоўніцу адчуў правільнасць фразы “Кніга — гэта жывы арганізм”, — сказаў Аляксандр. — У “слупку”, дзякуючы бацьку, я заўсёды быў сваім. (Бацька Аляксандра Зінкевіча — вядомы мастак, заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Зінкевіч; “слупком” называюць адзін з паверхаў дома на сталічнай вуліцы Сурганава, дзе знаходзяцца майстэрні самых знакамітых беларускіх мастакоў. — М.Ч.) І спачатку гэта быў пошук у найбліжэйшым коле, у коле “слупка”, дзе я адчуваў сябе родным. Пачынаючы працу над кнігай, я прыблізна “намацваў” яе аб’ём. Але, як гэта бывае ў выпадку калекцыянера, калі 50 работ для калекцыянера — гэта многа, то 200—300 — гэта ўжо мала. Працуючы над кнігай, я адчуў сапраўдны збіральніцкі інстынкт — шукаў беларускія нацюрморты паўсюль, дзе толькі магчыма. Я вельмі ўдзячны ўсім інстытуцыям, у якіх ёсць фонды беларускіх нацюрмортаў: Беларускаму саюзу мастакоў, Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму цэнтру сучаснага мастацтва, Віцебскай мастацкай галерэі і іншым. У выніку з невялікай кніжкі, якую мы задумвалі спачатку, атрымаўся вось гэты фаліянт”.
“Мне пашчасціла гутарыць з многімі аўтарамі, некаторыя з якіх, на жаль, не пабачаць ужо гэтага выдання, — прызнаўся Аляксандр. — Напрыклад, я ніколі не забуду двухгадзінную гутарку з народным мастаком Беларусі Гаўрылам Вашчанкам, падчас якой мы абмяркоўвалі лёс жанру нацюрморта. Ён мне сказаў вельмі цікавую рэч: у іерархіі жанраў у савецкі час нацюрморт займаў вельмі сціплае месца. Але Гаўрыла Харытонавіч сказаў пра гэта без жалю: “Ты ведаеш, але гэта было цудоўна, таму што ў гэтым жанры мы маглі праяўляць сябе абсалютна свабодна, незалежна ад якіх-небудзь грамадска-палітычных поглядаў. Гэта была тэрыторыя нашых пошукаў колеру, сюжэтаў, новых форм, схаваных сэнсаў. Нацюрморт — гэта значна шырэйшы жанр, чым мы ўяўляем”.
Па словах Аляксандра Зінкевіча, нацюрморт, свет рэчаў — гэта замалёўка эпохі. Па адным з азначэнняў, нацюрморт — гэта партрэт неадушаўлёнага прадмета. У кнізе “Беларускі нацюрморт 1960—2010” ёсць выразная часавая градацыя: 60-я, 70-я, 80-я, 90-я, нулявыя гады — і гэта ўсё абсалютна розныя людзі, розныя не толькі па сваёй каларыстычнай культуры, але наогул па светапоглядзе. “Я адкрыў абсалютна дзіўную для сябе рэч, — заўважыў Аляксандр. — Вывучаючы нацюрморт, ты вывучаеш і грамадства, у якім жывеш. І табе адкрываецца мастак, аўтар нацюрморта, з самага шчырага яго боку. Магу з упэўненасцю сказаць: калі вы пагартаеце гэты альбом, то зразумееце, што кожны з нашых мастакоў — гэта ўнікальная асоба”.
Аўтар гэтых радкоў таксама патрымаў у руках кнігу Аляксандра Зінкевіча “Беларускі нацюрморт 1960—2010”: уздыхнуў, сагрэўся, расчуліўся. Убачыў там нацюрморты пэндзля тых творцаў, у якіх браў у свой час інтэрв’ю і якіх ужо няма разам з намі.
Не плакаў. Проста крануў далонню павекі.
Прыйшоў дадому пасля прэс-канферэнцыі і адшукаў нашу газету — нумар за 19.09.2004, дзе незабыўны Гаўрыла Вашчанка мне казаў пра свой нацюрморт: “Ёсць у мяне карціна, з якой я адчуў, што я мастак. Ужо не памятаю, які гэта быў год — 1963 ці 1965. На той час я паўдзельнічаў у рэспубліканскіх ўсесаюзных выставах, мае творы ўжо нават мелі нейкую прэсу, але ўсё роўна яшчэ пачуваўся вучнем. І аднойчы я напісаў нацюрморт — кветку цыкламен. Упершыню я ўжо не спісваў з натуры, а сам стварыў гэты цыкламен. І калі я выставіў гэты свой нацюрморт на выставе маладых мастакоў, ён выклікаў сярод моладзі вялікі рэзананс. Потым на выставе беларускага мастацтва ў Маскве на ВДНГ “Цыкламен” атрымаў бронзавы медаль. Гэта было ўпершыню ў практыцы СССР, каб за нацюрморт далі медаль”.
Мікола ЧЭМЕР.