Акцыя “З Новым годам, ветэран!” — адно з мерапрыемстваў, прымеркаваных да галоўнага зімовага свята. Кожны год вучні сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскага раёна віншуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з надыходзячымі святамі. Добрая традыцыя ў нас існуе ўжо шмат гадоў. Гэты год не стаў выключэннем.
Кожны з нас чакае цудаў. Не толькі дзіця, але і кожны дарослы хоча паверыць у казку. Менавіта таму валанцёры атрада “Міласэрнасць” прапанавалі ў гэтым годзе не проста павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але і стварыць навагодні настрой у гэтых выдатных людзей. Менавіта дзякуючы ім мы можам сустракаць Каляды і Новы год у мірны час, радавацца самым яркім момантам нашага жыцця.
Вучні ў ролі Дзеда Мароза, Снягуркі, Гнома павіншавалі ветэранаў з святамі Каляд і Новага года, сказалі самыя цёплыя словы падзякі за іх подзвіг. Ветэраны былі ўдзячныя моладзі за віншаванні, увагу і клопат. Безумоўна, гэтая пераднавагодняя сустрэча падарыла ветэранам прыемныя ўражанні і яшчэ раз даказала, што сёння наша моладзь памятае, шануе і паважае іх подзвіг.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 Скідзеля.