Навагоднія фантазіі

- 15:41Нам пішуць

Новы год — адно з самых любімых свят, якога з нецярпеннем чакаюць і да якога старанна рыхтуюцца. У нашай школе праводзіцца традыцыйная перадсвяточная выстава творчых работ вучняў. Сёлета яна адкрылася ў сярэдзіне снежня.

На выставе былі прадстаўлены навагоднія ёлачкі, ёлачныя цацкі і снегавікі. Убачанае нікога не пакідала раўнадушным. Увазе наведвальнікаў прапаноўваліся ёлкі з шышак, паперы, ватных дыскаў, нітак, стужак, пенапласту і нават з цукерак і макаронных вырабаў. Вясёлыя снегавікі былі выраблены з пластмасавых шклянак і шкарпэтак, напоўненых крупамі, гарохам ці соллю, звязаны кручком з нітак і выразаны з пенапласту. Ёлачныя цацкі таксама здзіўлялі дзіцячай фантазіяй. Вучнёўскія работы, сабраныя ў адзіную кампазіцыю, выдатна ўпрыгожылі фае і падарылі шмат станоўчых эмоцый. Сумесная творчасць дзяцей і іх бацькоў — гэта радасць, якой яны з задавальненнем дзеляцца з настаўнікамі і ўсімі ўдзельнікамі навагодніх свят.

Ужо другі год школа ўдзельнічае ў раённым конкурсе па навагоднім упрыгажэнні будынка і прышкольнай тэрыторыі. Ствараецца творчы праект, кожнаму класу даецца заданне. Дружна кіпіць работа. І вось ужо гуляе завіруха па вокнах кабінетаў біялогіі, інфарматыкі і гісторыі. Вясёлыя снегавікі катаюцца на лыжах з узгоркаў па шыбах бібліятэкі і кабінета пачатковых класаў. А вокны кабінетаў побач з парадным уваходам завешаны фіранкамі з блакітных сняжынак і прыгожых бантаў.

Кветкі на клумбах адцвілі, але там добра прыжыліся хвойкі, упрыгожаныя ягадамі каліны, якія з’яўляюцца зімовым ласункам для птушак. Вечназялёныя туі абапал школы пераліваюцца ў вячэрнім змроку рознакаляровымі агеньчыкамі. У адказ падміргваюць іскрыстыя лямпачкі са школьных вокнаў.

Выстава будзе працаваць да 14 студзеня. Творчыя работы захоўваюцца надоўга і становяцца крыніцай новых ідэй, творчых задум і будучых праектаў.

Галіна ЦЭВЯЛЮК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.