Вось і прайшлі доўгачаканыя зімовыя канікулы. Нехта з дзяцей правёў іх дома, нехта адправіўся ў госці, а самыя актыўныя сталі ўдзельнікамі зімовай змены ў прышкольным аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Усмешка”, які працаваў на базе Лабжанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.
У лагеры быў створаны атрад “Снегавікі”, а яго капітанам стала навучэнка 8 класа Уладзіслава Падабед. Хоць атрад быў адзін, але было вельмі цікава і весела. Усяго лагер наведвала 11 хлопчыкаў і дзяўчынак школы. Усе дзеці былі вельмі актыўныя, заўсёды з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, конкурсах, спаборніцтвах.
Кожны дзень быў тэматычным: “Дзень знаёмстваў”, “Дзень творчасці”, “Дзень зімы”, “Калядны дзень”, “Дзень спорту”, “Навагодні калейдаскоп”, “Дзень казак” і “Дзень развітання”.
Алена Мікалаеўна Траццякова, Валянціна Аляксандраўна Пятроўская, Валянціна Фёдараўна Шмідова, Нэлі Аляксандраўна Галкоўская, Галіна Леанідаўна Гершанкова — вось тыя выхавальнікі, якія на працягу ўсёй змены імкнуліся зрабіць адпачынак дзяцей больш цікавым і незабыўным.
За час работы лагера хлопцы сталі ўдзельнікамі квеста-гульні “Навагодні серпанцін”, “Зімовага КВЗ”, поля цудаў “Як святкуюць Новы год людзі ўсіх зямных шырот”, інтэлектуальнай гульні “Белая кніга зімы”, конкурснай праграмы “Добры дзень, зімачка-зіма!”. А колькі было пазітыўных уражанняў і незабыўных эмоцый пры наведванні навагодняга ранішніка, падрыхтаванага старшакласнікамі школы! Таксама дзеці наведалі школьны краязнаўчы музей “Гісторыя Лабжанскага краю”, выставу рарытэтных цацак і паштовак.
За час знаходжання дзяцей у лагеры яны прынялі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, эстафетах і гульнях, якія арганізоўваў настаўнік фізкультуры Васіль Васільевіч Зылеў.
Акрамя забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў, у лагеры праводзіліся гутаркі, прысвечаныя прафілактыцы шкодных звычак, інструктажы па тэхніцы бяспекі і правілах дарожнага руху. А яшчэ кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі смачныя і карысныя стравы, якія з любоўю гатавала прафесіянал сваёй справы Ніна Уладзіміраўна Пралыгіна.
Напрыканцы лагернай змены ўсе дзеці атрымалі прызы і падарункі.
Жанна НОВІКАВА,
начальнік лагера з дзённым знаходжаннем “Усмешка”.