Упершыню ва ўстановах адукацыі Ваўкавыскага раёна вырашылі праводзіць навагоднія святы ў музеях, дзе задоўга да Новага года былі падрыхтаваны адмысловыя праграмы.
Займальнае падарожжа па часе ў свет калядных клопатаў здзейснілі ўдзельнікі праграмы “У Новы год на Бохвінцаў парог” у Падароскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. З традыцыямі святкавання Новага года ў розных краінах азнаёміліся ў Шылавіцкай сярэдняй школе на навагоднім дыліжансе “Снежны летапіс навагодніх традыцый”. У творчай майстэрні гімназіі № 1 рабілі ёлачныя цацкі 50-х гадоў мінулага стагоддзя і правяралі свае веды ў квест-гульні “Ёлка Перамогі”. У сярэдняй школе № 2 дзеці сталі ўдзельнікамі калядных народных гульняў “Гуляй на калядкі без аглядкі”. У Волпаўскай сярэдняй школе пазнаёміліся з чароўнымі ператварэннямі і цудамі на вечары “Казачнае падарожжа навагодняга меха”. Парад касцюмаў прадэманстравалі ў гімназіі № 2 на навагоднім дэфіле “У святле ёлачных агнёў”. А ў сярэдняй школе № 1 Росі пазмагаліся на кулінарным паядынку “Рэцэпты навагодняга стала”.
Навагоднія канікулы — выдатны час для актыўнага адпачынку. Музеі Ваўкавышчыны прадаставілі дзецям масу магчымасцей для таго, каб гэтыя дні сталі незабыўнымі, дазволілі знайсці забаву даспадобы і свята абавязкова адбылося.
Жанна БАРКЕТ,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.