Навечна ў памяці захоўваем

- 16:57Нам пішуць

За больш чым пяцісотгадовую гісторыю Скідзель перажыў нямала знамянальных падзей. Але самы яркі і горкі след пакінула ў памяці гараджан Вялікая Айчынная вайна.

13 верасня 1942 года на цэнтральнай плошчы немцы павесілі скідзельскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў, якія вялі актыўную антыфашысцкую дзейнасць. Яны былі пакараны на вачах у землякоў, якіх фашысты сагналі на плошчу. На гэтым страшным месцы ўзведзены помнік, ля якога штогод 9 Мая збіраюцца гараджане, каб ушанаваць памяць сваіх землякоў.

У 1942 годзе нацысты сагналі яўрэяў Скідзеля ў гета і ўсіх іх знішчылі — 2330 чалавек.

13 ліпеня 1944 года часць 64-й стралковай (камандзір генерал-маёр Т.К.Шкрылёў) і 238-й стралковай дывізій (камандзір генерал-маёр І.Д.Краснаштанаў) вызвалілі ад фашыстаў Скідзель. Перад вызваленнем горада быў цяжкі начны бой перадавога атрада 50-й арміі на чале з генерал-лейтэнантам А.А.Цюрыным і часцямі гітлераўцаў, якія адступалі з-пад Ліды. Фашысцкія палкі ў баях пад Скідзелем страцілі каля 700 чалавек.

Больш за 70 гадоў прайшло з таго часу, але памяць пра герояў-вызваліцеляў жывая…

У перадсвяточным тыдні вучні сярэдняй школы № 2 Скідзеля прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 72-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Члены БРПА імя Івана Шчаснага і БРСМ імя Івана Сініцы падрыхтавалі тэматычныя значкі з надпісам “Дзякуй за Перамогу!” у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі. Традыцыйна прайшла акцыя “Ветэран жыве побач”, вучні наведалі дома ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працы з аказаннем пасільнай дапамогі, а 6 мая — з віншаваннямі.

Актывістка БРСМ імя І.Сініцы навучэнка 8 класа Дар’я Зубава стварыла відэаролік “Мы памятаем! Мы ганарымся!” і заняла 2-е месца ў раённым этапе Абласнога конкурсу відэаролікаў “Эстафета добрых спраў”, прысвечанага Дню Перамогі.

Традыцыйна ў кожным класе адбыліся ўрокі мужнасці. Навучэнцы пачатковай школы наведалі мемарыяльныя мясціны нашага горада, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

У фае на першым паверсе аформлены стэнд “Бессмяротны полк”. Кіраўнік школьнага музея Алена Аляксееўна Кавальчук расказала пра нялёгкі ваенны лёс кожнага ўдзельніка вайны, бо шмат хто быў яшчэ зусім дзіцем. Дзеці ўважліва разглядалі медалі, ваенныя лісты, фатаграфіі.

Больш за ўсё навучэнцам запомніўся мітынг-рэквіем каля брацкай магілы в.Партызанскай, які адбыўся 8 мая, дзе гараджане ўсклалі кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання салдат, якія не вярнуліся з фронту, пасля чаго прынялі ўдзел у гарадскім велапрабегу “Ад помніка да помніка”.

Вялікі Дзень Перамогі горад адзначыў 9 мая. Пачатак святкавання адкрылі спартсмены лёгкаатлетычным “Прабегам Перамогі”, у якім прынялі ўдзел і нашы вучні. Вучні 6 “А” і 7 “А” класаў прававой накіраванасці прынялі ўдзел у спартыўна-маладзёжным шэсці, а члены БРПА імя Івана Шчаснага — у шэсці “Бессмяротнага палка”.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Скідзеля.