Навучанне прадпрымальніцтву — своеасаблівы выбар лідара

- 10:32Рознае, Суразмоўца

Дзесяць гадоў прайшло з таго моманту, як на базе Інстытута сістэмных даследаванняў праблем моладзі БДУ было створана ўнікальнае структурнае падраздзяленне — вучэбна-навуковы Цэнтр развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва. Да гэтага часу аналагаў гэтаму цэнтру так і не з’явілася, затое яго ўплыў узрос у разы. У школы прадпрымальніцтва, арганізаваныя ў цэнтры, толькі што прайшоў ужо 11-ы набор. Выхаванцы гэтых школ, сярод якіх як вучні агульнаадукацыйных устаноў, так і студэнты ўніверсітэтаў, будуць займацца звычайны па тэрміне навучальны год. Вынікам іх вучобы стане абарона праектаў па арганізацыі ўласнай справы. Ініцыятарам і арганізатарам гэтага руху, носьбітам так званай канцэпт-ідэі, што прадпрымальніцтву трэба вучыцца, з’яўляецца Любоў Іванаўна Шумская, адметная асоба ў адукацыі, начальнік вучэбна-навуковага Цэнтра развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва, аўтар шматлікіх навуковых работ, доктар псіхалагічных навук, прафесар. Сёння яна разважае аб тым, як выхаваць актыўную і ініцыятыўную моладзь, якая здольна была б займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, закладзенай у аснову інавацыйнай эканомікі.

— Сапраўды, шлях прадпрымальніцтва нам наканаваны сённяшнімі рэаліямі. У нашай эканоміцы і сацыяльнай сферы адбываюцца сур’ёзныя пераўтварэнні, звязаныя ў тым ліку з сусветнымі тэндэнцыямі. Цяпер мы знаходзімся на такім этапе сацыяльна-эканамічнай трансфармацыі, дзе прадугледжана фарміраванне сацыяльна адказнага бізнес-класа. Каб новыя трэнды былі ўспрыняты грамадствам, неабходны доўгі працэс фарміравання свядомасці і псіхалогіі людзей. Згадзіцеся, што раней, у савецкія часы не было выхавана разуменне таго, што ты павінен быць сам гаспадаром свайго жыцця. Сёння ставіцца задача арыентаваць маладых людзей на самастойнае прыняцце рашэння, на так званую рэфлексіўную логіку. Гэта прадугледжвае, што ты сам мадэлюеш сваё жыццё, сваю дзейнасць, вызначаеш тыя праблемы, якія будзеш вырашаць у сваім жыцці, і наколькі паспяхова ты зможаш выканаць пастаўленыя задачы. Таму гэты новы тып жыццядзейнасці — сур’ёзная ломка, калі ад патэрналізму, татальнай сацыяльнай абароненасці, трэба перайсці, як кажуць, у адкрыты космас. Трэба бясспрэчна прыняць і тое, што ў наша жыццё ўваходзіць новая сацыяльная праслойка — прадпрымальнікі, што яна будзе павялічвацца і будзе складаць ад зін з базісных элементаў эканомікі. Важна, што прадпрымальніцтва трэба будзе разумець не па ўтылітарнай формуле “купі-прадай”, а як складаную інтэлектуальную дзейнасць, якая пачынаецца ад ідэі і потым набывае матэрыяльную абалонку, як яна можа ператварыцца ў рэальны прадукт, і ўсё, што круціцца вакол яго, каб яго стварыць. Аказваецца, гэта вельмі складаная дзейнасць. Яна выклікае мноства пытанняў, якія трэба быць здольным вырашаць. Перш-наперш гэта тычыцца фінансавых рызык. Пачынаючы гэтую дзейнасць, малады чалавек павінен адчуваць высокую адказнасць за сваю справу і за тых людзей, якія знаходзяцца ў яго камандзе для ажыццяўлення гэтай справы. Для большасці людзей, якія вырашылі заняцца бізнесам, ілюзія лёгкасці ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці хутка развенчваецца. Верыць у гэта — утапічны і небяспечны шлях, таму абавязкова трэба, каб чалавек быў падрыхтаваны да прадпрымальніцкай дзейнасці. Відавочна, што гэтай дзейнасці неабходна вучыцца, бо гэта новы для нас і вельмі складаны род дзейнасці, які не кожнаму чалавеку падуладны.

— Па сутнасці, у нас створаны ўсе магчымасці, каб ажыццявіць гэты працэс. Сама сістэма адукацыі — непасрэдна выхаваўчая работа — скіравана на тое, каб даць творчы пачатак кожнаму навучэнцу.

— Цалкам згодна з вамі. Наша выхаваўчая сістэма забяспечвае ў адукацыйнай галіне ў цэлым і канкрэтна ў кожнай навучальнай установе дастатковую сацыяльную абароненасць кожнаму навучэнцу, стварэнне крэатыўнага поля сацыяльнай жыццядзейнасці, пазіцыянаванне ўстановы як паўнацэннага інстытута сацыялізацыі асобы, дзе дзеці не толькі вучацца, але і развіваюцца. Як вядома, у кожнай навучальнай установе, у тым ліку ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вядзецца гуртковая работа, адкрыты спартыўныя секцыі, арганізоўваюцца шматлікія мерапрыемствы рознай накіраванасці. Усё гэта дае магчымасць кожнаму дзіцяці выбраць занятак, які яму падабаецца, развівацца ў азначаным кірунку. Больш за тое, наша сістэма выхаваўчай работы мае трывалы нарматыўны прававы базіс, і ўся яе дзейнасць строга рэгламентавана.

Сапраўды, з аднаго боку, добра, калі дзіцяці дадзена больш свабоды, творчага пачатку, крэатыўных элементаў, стратэгія дзейнасці актуалізавана і больш праяўлена, але гэтага недастаткова. Чалавек павінен быць падрыхтаваны і адаптаваны да выклікаў часу, разумець тую сітуацыю, якая можа імкліва мяняцца. Гэта значыць, што адукацыйная сістэма павінна сёння не толькі даваць веды, але і вучыць жыццю, адаптаваць да той імклівай і, бывае, спантаннай рэальнасці, у якой давядзецца жыць маладому чалавеку. Таму, зразумела, непазбежны і новыя напрамкі арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.

Так важна разабрацца, як быць з тым вялікім аб’ёмам інфармацыі, які да нас паступае. Ён амаль захліствае адукацыйны працэс і становіцца патавым як для канкрэтнага настаўніка, так і ў цэлым для ўсёй адукацыйнай галіны. Чаму вучыць? Якую інфармацыю даводзіць настаўніку да навучэнца, а якую аддаць яму на самападрыхтоўку? Што пакінуць у навучанні, што выключыць, што дабавіць? Усе гэтыя пытанні ўзнікаюць сёння ў педагагічным асяроддзі. Але пры ўсім гэтым кожнаму педагогу, сістэме адукацыі ўвогуле трэба выбраць магістральныя дакладныя шляхі, па якіх весці маладое пакаленне ў заўтрашні дзень, які б мог стаць для іх гарантаваным, каб жыццё ў іх склалася паспяхова.

— Менавіта адной з такіх магістраляў можна лічыць стварэнне школ прадпрымальніцтва?

— Так. Пры гэтым, нашы школы прадпрымальніцтва маюць два напрамкі: першы — для школьнікаў і другі — для студэнтаў і маладых спецыялістаў.

У гэтых школах адбываецца сістэмнае, дакладна адпрацаванае навучанне асновам прадпрымальніцтва як новай крэатыўнай дзейнасці па шэрагу модуляў. Першы модуль прадугледжвае навучанне і пагружэнне ў сутнасць прадпрымальніцкай дзейнасці, раскрыццё гісторыі зараджэння прадпрымальніцтва, міжнароднага вопыту, сацыяльна-эканамічных асноў і функцый, асноў менеджменту і маркетынгу. Для праходжання наступнага модулю навучэнцы школы прадпрымальніцтва распрацоўваюць праект “Уласная справа”. Завяршальны модуль прадугледжвае абарону праекта кожным навучэнцам.

У ходзе даследчай працы нашага цэнтра мы вылучылі патрабаванні да асобы, якія патрэбны, каб паспяхова займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Калі чалавек нацэлены ісці па гэтым шляху, то ён павінен мець пэўны ўласны рэсурс, у тым ліку лідарскія якасці, ініцыятыўнасць, камунікабельнасць, арганізацыйныя магчымасці, запатрабаванасць прадукту. Калі хоць аднаго складніка нестае, то правісае ўся сістэма. Мы выявілі, што тыя, хто вучыцца ў нас у цэнтры і праходзіць сістэмнае гадавое навучанне, на парадак больш сацыяльна сталыя, чым іх аднагодкі, якія не вучацца прадпрымальніцтву. У ходзе даследаванняў было пацверджана, што навучанне прадпрымальніцтву дае істотны эфект. Што самае цікавае, эфект не толькі ў навучанні самому прадпрымальніцтву, а ў своеасаблівым выбары лідараў, менеджараў, кіраўнікоў, якія спатрэбяцца не толькі ў бізнесе, але і ў самых розных сферах, дзе яны змогуць паспяхова працаваць. Мае рацыю адкрыццё у нашай краіне спецыяльнага фонду падтрымкі маладзёжнага лідарскага патэнцыялу па прынцыпе фонду падтрымкі таленавітай моладзі. Такім чынам мы зможам выкрышталізаваць для нашай краіны менеджарскі кіраўніцкі рэсурс. У нас створаны банк даных нашых выхаванцаў, дзе мы адсочваем іх далейшы шлях, як развіваецца іх кар’ера, бізнес. Усе яны ў той ці іншай меры паспяховыя.

Са школьнікамі мы супрацоўнічалі своеасабліва. Улічваючы тое, што я доўгі час працавала ў сістэме аграрнай адукацыі, то, калі мы задумалі школы прадпрымальніцтва для школьнікаў, я адразу прапанавала працаваць менавіта з сельскімі ўстановамі адукацыі. Для пачатку мы ўзялі навучальныя ўстановы Мінскай вобласці, якая і стала першапраходцам у справе прадпрымальніцтва сярод школьнікаў. Цяпер там створана шмат вучэбных бізнес-кампаній. Іншыя рэгіёны бяруць прыклад, і сёння мы бачым, як імкліва развіваецца гэты рух у школьным асяроддзі.

— Калі гэты рух набыў новыя маштабы, напэўна, з’явілася неабходнасць распрацаваць дасканалую нарматыўную базу. Што зроблена ў гэтым кірунку?

— Міністэрства адукацыі паставіла перад намі задачу распрацаваць дакументы, якія б рэгламентавалі дзейнасць ствараемых у навучальных установах краіны вучэбных бізнес-кампаній. На сённяшні дзень распрацавана прыкладнае Палажэнне “Аб вучэбнай бізнес-кампаніі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь”. Але ёсць некаторыя нюансы, на якія я хачу звярнуць увагу нашых педагогаў і кіраўнікоў і растлумачыць праз газету нашу пазіцыю, таму што існуе пэўная блытаніна ў паняццях. У першую чаргу гэта тычыцца назвы кампаніі. Мы прапаноўваем называць яе менавіта адным словам — “вучэбная” — незалежна ад тыпу навучальнай установы. Калі гучыць “школьная кампанія”, то ўзнікаюць супярэчнасці, людзям не зразумела, што гэта за арганізацыя. Мяркуючы па такой назве, калі на базе навучальнай установы ствараецца бізнес-кампанія, атрымліваецца, што мы мяняем функцыі гэтай установы, быццам у школе не толькі вучаць дзяцей, але і бізнесам займаюцца. Некаторыя так і ўспрымаюць. Калі мы даём фармулёўку “вучэбная кампанія”, то тым самым заяўляем, што ствараем у школе не сам бізнес, а будзем вучыць, як весці бізнес, як зарабляць грошы. Гэта прынцыповая розніца, і кожны настаўнік, кожны кіраўнік павінен гэта ўсведамляць. Ад свайго статусу навучальная ўстанова нікуды не адыходзіць, яна прызвана даваць дзецям веды, а стварэнне вучэбнай кампаніі — гэта дабаўленне да яе функцый новага кампанента. Вучэбная бізнес-кампанія — гэта складаная педагагічная адукацыйная тэхналогія, у якую ўманціраваны бізнес-элементы, ствараецца мадэль фірмы, кампаніі, холдынга, шліфуюцца партнёрскія адносіны, ствараецца прадукт і вызначаюцца шляхі яго рэалізацыі. Праект палажэння прадугледжвае, што даходы ад гэтай дзейнасці можна накіраваць на развіццё навучальнай установы, бізнес-кампаніі, на матэрыяльнае заахвочванне яе ўдзельнікаў, а частка сродкаў можа ісці на дабрачыннасць. Напрыклад, мінская школа № 66, якая праводзіла стартавы бізнес-марафон “Шлях міласэрнасці”, сродкі ад рэалізацыі кандытарскай прадукцыі, якую вырабілі навучэнцы і іх бацькі, накіравала на рахунак бараўлянскага хоспіса.

Уся дзейнасць вучэбных кампаній павінна знаходзіцца пад педагагічным патранажам. Гэта павінна быць педагагічна апраўданая дзейнасць, а не бізнес-дзейнасць.

Часта гучыць яшчэ адно пытанне: у якім узросце школьнік можа быць прыняты ў вучэбную кампанію? Адназначна скажу: у любым! Пачынаючы з 1 класа. Як можна забараніць дзіцяці радасць творчасці, асабістую рэалізацыю? Таму далучаць да прадпрымальніцкай дзейнасці можна і нават патрэбна з самага ранняга дзіцячага ўзросту, як, дарэчы, гэта робяць нашы калегі з іншых краін.

— Калі мы лічым, што вучэбная бізнес-кампанія — гэта педагагічная тэхналогія, то за гэтым павінен стаяць педагог-куратар. Правільна?

— Так, гэтая норма прапісана ў распрацаваным намі прыкладным палажэнні. Згодна з гэтай нормай, куратарам можа быць педагог, які прайшоў спецыяльную падрыхтоўку па навучанні арганізацыі прадпрымальніцтва. Адкрытым пытаннем застаецца гатоўнасць педагогаў-куратараў да арганізацыі навучання па гэтым напрамку. Пакуль маштабнасці і сістэмнасці ў гэтым мы не бачым. Існуюць толькі адзінкавыя прыклады, хаця ўстаноў адукацыі, дзе можна рыхтаваць педагогаў-куратараў бізнес-кампаній, у нас хапае. Мы ўжо стварылі неабходную вучэбную дакументацыю па навучанні тэхналогіі вучэбнай бізнес-кампаніі, рыхтуюцца да друку некалькі вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Застаецца падрыхтаваць выкладчыкаў, якія будуць выкладаць гэты напрамак. Магчыма, далучыць да падрыхтоўкі педагогаў нашы педагагічныя УВА, дзе можна было б уключыць у змест падрыхтоўкі настаўнікаў і тэму арганізацыі вучэбнай бізнес-кампаніі. Гэта могуць быць курсы, факультатывы. Лічу, што калі мы не забяспечым прафесійны падыход, то ў нас не будзе масавага руху ў адкрыцці вучэбных бізнес-кампаній. Менавіта гэты род дзейнасці можа стаць адным з пасылаў для пабудовы эканомікі ведаў, інавацыйнай эканомікі, таму што інавацыі больш чым дзе закладзены ў аснове развіцця сферы прадпрымальніцтва. Каб гэты ланцужок запрацаваў, пачынацца ён павінен з педагога.

— Тут гаворка ідзе не толькі пра настаўнікаў у школах, але і пра выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі.

— Праблемы працаўладкавання студэнтаў паказалі, якія патрабаванні прад’яўляюць да выпускніка ўніверсітэта работадаўцы на сучасным рынку працы. Мы даследавалі гэта, і вось што атрымалася. Што тычыцца ўласна навучання, то патрабаванні такія: базавая адукацыя, вопыт работы, уменне працаваць з камп’ютарам, веданне моў, жаданне ўдасканальваць свае веды і прафесійна расці. Астатнія патрабаванні — а гэта асноўная частка — наяўнасць неабходных асобасных якасцей: рэпутацыя, прэзентабельная знешнасць, навыкі наладжваць зносіны, ініцыятыўнасць, стараннасць, стрэсаўстойлівасць, карпаратыўнасць, уменне адстойваць сваю пазіцыю, збалансаванасць інтарэсаў, адэкватнасць самаацэнкі, інаватыўнасць, інтэрнальны локус кантролю і нават жаданне ўсміхацца. Усяму гэтаму ва ўніверсітэце моладзь не вучаць. Затое работадаўцам такія яскасці ў выпускніку ўніверсітэта вельмі патрэбны.

Як бачна, неабходна ведавы блок у навучанні дапаўняць асобасным развіццём маладога чалавека, гэта значыць, даваць веды і развіваць. І гэта задача выхаваўчай сістэмы ўніверсітэта, кожнага выкладчыка.

Наша моладзь сёння імкнецца самарэалізавацца як асоба. Ёсць такое меркаванне, што яна вельмі меркантыльная і жыве па формуле “грошы — праца”: калі будуць плаціць — буду працаваць, не — не. Безумоўна, у гэтым ёсць свая праўда. Але калі разглядаць сённяшнюю сітуацыю больш маштабна і стратэгічна, то трэба з задавальненнем прызнаць, што асноўная частка моладзі прагрэсіўная і перспектыўная, для яе галоўнае — памкненне, сэнс жыцця — паўнацэнная самарэалізацыя.

Мы вылучылі тры асноўныя страты, дзе б маладыя людзі хацелі самарэалізавацца. Гэта прафесійная, сямейная і сацыяльная сферы. У выніку вызначылася, што ў прыярытэтах стаіць прафесійная сфера, прычым незалежна ад гендарных адрозненняў. Сапраўды, самарэалізацыя ў прафесійнай сферы дае плацдарм для ўсіх астатніх страт. Гэта дастатак, упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць гадаваць дзяцей, арыентацыя на сябе, на свае сілы, на свой рэсурс. І калі мы ўбачылі, што моладзь імкнецца рэалізаваць сваю ідэю, адкрыць сваю справу, выйсці на ўзровень самазанятасці на рынку працы, то мы вырашылі больш глыбока даследаваць гэты напрамак. Гэта стала асноўнай даследчай задачай нашага цэнтра. Цяпер прапрацоўваем прыкладнае палажэнне для вышэйшай школы па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. У новай рэдакцыі Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ўвялі новы раздзел — “Эканамічнае выхаванне”. Гэта вынік нашай дзейнасці, і гэта становіцца правілам у сістэме выхавання.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.