Навучаючы бацькоў, мы вучымся самі

- 12:41Школа - для бацькоў

У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца адукацыі, яе абнаўленню і развіццю. Наша школа змянілася і працягвае мяняцца ў лепшы бок. Новыя праграмы, новыя сродкі навучання, новыя тэхналогіі, новыя магчымасці. Штогадовыя дасягненні беларускіх навучэнцаў на міжнародных алімпіядах і конкурсах здзіўляюць і захапляюць. Інтэлектуальны патэнцыял краіны няўхільна расце, і гэта прызнаецца ва ўсім свеце. Грамадства (бацькі) таксама мяняецца, але толькі не ў дачыненні да сталай спажывецкай мадэлі адносін да навучання дзяцей, настаўнікаў, школы ў цэлым. І магчыма, гэта адна з прычын, што, нягледзячы на каласальныя намаганні, затраты, інавацыі, рэкамендацыі і пастановы, дасягненні навукі і наяўнасць эфектыўных адукацыйных практык, імкненні і дарослых, і дзяцей да высокай якасці адукацыі, высокага ўзроўню сучаснай падрыхтоўкі моладзі да прафесійнай дзейнасці, прарыву ў адукацыі ўсё ж такі няма. А колькасць праблем не змяншаецца, прычым у некаторых сем’ях і школах па пэўных напрамках па меры сталення дзяцей нарастае.

Такія фактары, як змяненне каштоўнасных арыентацый і духоўнасці маладых людзей, зніжэнне матывацыі навучэнцаў да навучання, іх арыентацыя на лёгкія і грашовыя прафесіі, разважанні не пра тое, якім быць, а ў большасці выпадкаў толькі пра тое, кім выгадней стаць, дзе працаваць і дзе лягчэй атры­маць (або купіць) дыплом, уплыў другарадных фактараў, праблемы зносін і паводзін тармозяць развіццё сістэмы ў цэлым, якасці адукацыі кожнага навучэнца і кампетэнтнасці ў вырашэнні гэтых праблем усіх бацькоў. Чаму?

Відавочна, у сістэме “сям’я — школа — грамадства” не спрацоўвае нейкае звяно. Настаўнікі не задаволены, што грамадства і бацькі звальваюць на педагогаў не толькі навучанне, але і выхаванне дзяцей. Многія прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці заняты здабываннем матэрыяльных даброт, а не клопатам пра духоўнае, сацыяльнае і інтэлектуальнае развіццё сваіх дзяцей, пры гэтым зусім не зацікаўлены ў якасным выкананні місіі, дадзенай ім прыродай, першага і галоўнага выхавальніка сваіх дзяцей. Канечне, кампанент выхавання ў сям’і ўсё ж застаўся, у розных сем’ях паспяховасць бацькоў розная. Але на практыцы відавочна і тое, што ўсю віну за недасягненне ў школе дзіцем жаданых вучэбных вынікаў, неадпаведнасць яго паво­дзін устаноўленым нормам і многае іншае бацькі звычайна зварочваюць на школу. Педагогі ж, у сваю чаргу, схільны наракаць за любыя агрэхі на сям’ю. І ў выніку — праблемы ў сям’і і школе, а галоўнае, у дзяцей. Гэтыя ўзаемныя абвінавачванні — ад няўмення і негатоўнасці разумець адно аднаго, супрацоўнічаць, разам думаць, вучыцца і шукаць лепшыя сучасныя спосабы дасягнення адной мэты — вырасціць кожнае дзіця адукаваным, гарманічна развітым, працавітым, маральным, прафесійна і жыццёва паспяховым і шчаслівым. Менавіта на пераадоленне непаразумення і недаверу, няўпэўненасці і бездапаможнасці накіраваны наш праект па павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў у выхаванні (сумесна з педагогамі) сваіх дзяцей на аснове асобасна арыентаванага і кампетэнтнаснага падыходаў, з улікам іх здольнасцей і адукацыйных запытаў.

Відавочна, у сістэме “сям’я — школа — грамадства” не спрацоўвае нейкае звяно. Настаўнікі не задаволены, што грамадства і бацькі звальваюць на педагогаў не толькі навучанне, але і выхаванне дзяцей. Многія прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці заняты здабываннем матэрыяльных даброт, а не клопатам пра духоўнае, сацыяльнае і інтэ­лектуальнае развіццё сваіх дзяцей, пры гэтым зусім не зацікаўлены ў якасным выкананні місіі, дадзенай ім прыродай, першага і галоўнага выхавальніка сваіх дзяцей.

Што канкрэтна і як для гэтага робяць арганізатары і ўдзельнікі інавацыйнай дзейнасці?

Калі ўсімі членамі калектыву і актывам бацькоў асэн­савана і прынята мэта і канцэпцыя праекта, асаблівасці мадэлі павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, якая ўкараняецца, работа арганізоўваецца па алгарытме, што прадугледжвае наступныя дзеянні:

*  У пачатку навучальнага года праводзіцца комп­лексная дыягностыка дасягненняў і цяжкасцей бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей (калі неабходна, па асобных напрамках — паквартальна). Цяжкасці і праблемы бацькоў важна ведаць, каб навучыць тых, у каго яны ўзні­каюць, своечасова пераадольваць іх. А дыягностыка дасягненняў у сямейным выхаванні дзяцей право­дзіцца, каб праз сумесны аналіз розных сітуацый, дыя­лог, абмен вопытам, абмеркаванні і рэкамендацыі карысных кніг і інтэрнэт-рэсурсаў уключыць больш паспяховых бацькоў у навучанне разам з настаўнікамі сваіх жа калег — бацькоў, дапамагчы ім засвоіць алгарытмы аператыўнага вырашэння самых простых праблем у адносінах з дзецьмі, пакуль яны не перараслі ў крызісныя і тыя, якія цяжка вырашыць.

* Сумесна з прадстаўнікамі бацькоўскіх камітэтаў апрацоўваюцца атрыманыя даныя і сістэматызуюцца адукацыйныя запыты бацькоў і навучэнцаў гэтай паралелі. Пакуль яшчэ асноўныя блокі бацькоўскіх запытаў на навучанне параўнальна аднолькавыя і агульныя. З бацькамі, якія не ўмеюць або не гатовы сфармуля­ваць свае адукацыйныя запыты, класным кіраўніком або старшынёй бацькоўскага камітэта класа праводзіцца сумоўе. Класны кіраўнік, добра ведаючы асаблівасці сям’і і праблемы сваіх вучняў, некаму з бацькоў можа параіць, па якой тэме і ў якой групе ім пачаць уласнае навучанне. Атрымліваецца табліца запытаў бацькоў па напрамках (модулях) “Дзеці і сям’я”, “Дзеці і школа”, “Дзеці і здароўе”, “Дзеці і праца”, “Дзеці і соцыум”, “Дзеці і прафесія”, “Дзеці і вольны час” і інш. Такім чынам, ахоплены асноўныя групы праблем узаемаразумення і ўзаемаадносін, навучання і развіцця, працы і вольнага часу, здароўя і паводзін навучэнцаў. Гэтыя напрамкі адпавядаюць назвам мэтавых творчых груп, прадугледжаных у інфраструктуры праекта.

* Фарміруюцца групы бацькоў навучэнцаў класа або паралелі для наведвання вучэбных заняткаў па агульнай для іх праблеме. Калі запыты адзінкавыя, магчыма аб’яднанне бацькоў некалькіх паралелей (блізкіх па ўзросце дзяцей, класаў). У некаторых выпадках класныя кіраўнікі, бацькі або старшыні бацькоўскіх камітэтаў класа могуць запрасіць не вельмі актыўных бацькоў, якія маюць сур’ёзныя праблемы ў выхаванні дзяцей па гэтым напрамку, у тую ці іншую групу. Мо­гуць быць запрошаны і тыя, хто мае паспяховы сямейны вопыт, для правядзення сумесна з настаўнікам вучэбных заняткаў па пэўнай тэме.

* Праводзяцца дыягнастычныя нарады і інтэрв’ю з педагогамі па вызначэнні іх гатоўнасці да правядзення вучэбных заняткаў для бацькоў у адпаведнасці з іх запытамі.

* Праводзяцца абавязко­­выя заняткі пастаянна дзеючага ­семінара (ПДС) для педагогаў “Эфектыўныя сродкі, прыёмы і метады навучання баць­коў у адпаведнасці з іх запытамі”. У некаторых установах адукацыі, ­удзельніках інавацыйнай дзейнасці, распрацаваны спецыяльныя палажэнні аб гэтым семінары. Запланавана мінімум 5 заняткаў ПДС на ўвесь навучальны год. У большасці выпадкаў іх вядуць два чалавекі. У абавязкі аднаго з іх (пастаяннага) увахо­дзіць арганізацыя і су­праваджэнне навучання педа­гогаў майстэрству навучання бацькоў. Змястоўную частку кожнага семінара забяспечваюць найбольш падрыхтаваныя па тэме спецыялісты. Гэта можа быць педагог ­установы адукацыі або запрошаны спецыяліст. На кожных занятках ПДС, акрамя вывучэння тэорыі, ­арганізоўваюцца практычныя заняткі па распрацоўцы ў групах мадэлі кампетэнцый, сцэнарыяў заняткаў па той ці іншай тэхналогіі і г.д. Распрацаваныя сцэнарыі вучэбных заняткаў могуць быць адаптаваны і выкарыстаны ў групах бацькоў іншых паралелей.

* Для кіраўнікоў творчых груп перыядычна кіраўніком і каардынатарам праекта арганізоўваюцца кіраўніцкія практыкумы. А для кіраўнікоў і каардынатараў праекта (часам і для псіхолагаў) кансультантам праекта ў АПА або на базе адной са школ праводзяцца тэматычныя кансультацыі, рэфлексіўныя семінары, мазгавыя атакі і іншыя вучэбныя заняткі па пошуку новых ідэй і выяўленні ўзораў паспяховай адукацыйнай практыкі з мэтай паглыблення і павышэння эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці і ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і ўзроўню выхаванасці навучэнцаў.

* Творчыя групы педагогаў (магчыма, сумесна з актыўнымі бацькамі) распрацоўваюць неабходныя вучэбныя матэрыялы і сцэнарыі вучэбных заняткаў. Арганізоўваюцца выставы літаратуры, падбіраюцца і ствараюцца відэаролікі, рыхтуецца раздатачны матэрыял. Калі неабходна, праводзяцца кансультацыі і для педагогаў, і для бацькоў. Афармляюцца запрашэнні і інфармацыйныя стэнды.

Складаецца расклад заняткаў.

* У назначаны час па графіку праводзяцца вучэбныя заняткі для бацькоў. Іх праводзяць і псіхолагі, і класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі, і больш паспяховыя ў праблеме, якая абмяркоўваецца, бацькі, і запрошаныя спецыялісты. Тэматычныя вучэбныя заняткі ў групах зменнага складу бацькоў арганізоўваюцца па мадэлі мультыпрофільнага навучання. У вялікіх школах такія заняткі могуць праводзіцца на працягу двух дзён. Формы і метады правядзення заняткаў разнастайныя: круглы стол, дыскусія, дзелавая або ролевая гульня; практыкум, мазгавая атака або гадзіна пытанняў і адказаў; аналіз канкрэтных сітуацый па метадзе кейс-стадыі, з дапамогай інтэлект-карт або логіка-сэнсавых мадэлей, swot-аналізу або праблемна-арыентаванага аналізу; групавы коўчынг або кан­сатлынг, трэнінг або майстар-клас і інш.

* Магчымы вучэбныя заняткі, якія арганізоўваюцца настаўнікамі-прадметнікамі, для бацькоў сумесна з іх дзецьмі, асабліва па праблемах, звязаных з навучаннем.

* Эфектыўны заняткі з дзецьмі і баць­­камі па рабоце з паняццямі маральнага раз­віцця (сяброўства, гонар, сумленне, праца­ві­тасць, грамадзянскасць, адказ­насць, міласэрнасць і г.д.).

На працягу ўсяго навучальнага года педагогі-інаватары праводзяць даследаванні эфектыўнасці прыёмаў і метадаў навучання бацькоў, якія прымяняюцца імі, у сваёй практыцы.

* Па індывідуальных запытах бацькоў у гэты ж тыдзень праводзяцца індывідуальныя або групавыя кансультацыі.

* Пасля серыі вучэбных заняткаў абавязковы рэфлексіўныя сустрэчы кіраўнікоў творчых груп, класных кіраўнікоў, прадстаўнікоў бацькоўскіх камітэтаў або спецыялістаў, якія праводзілі заняткі, з каардынатарам або кіраўніком праекта.

* Група маніторынгу па спецыяльных методыках адсочвае задаволенасць арга­нізатараў і ўдзельнікаў вучэбных заняткаў, дынаміку прырашчэння ў кампетэнцыях
бацькоў па вырашэнні іх канкрэтных праблем і дынаміку прарышчэнняў у кампетэнцыях педа­гогаў у навучанні бацькоў.

* І пачынаецца наступны модуль падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў для бацькоў: удакладняюцца іх запыты (магчымы дадатковыя да вызначаных у пачатку года запытаў), праводзіцца вучэбны семінар для педагогаў, удакладняецца склад груп бацькоў для навучання і педагогаў для правя­дзення заняткаў, распрацоўваюцца сцэнарыі заняткаў і неабходныя матэрыялы, рассылаюцца запрашэнні і афармляюцца выставы літаратуры, інфармацыйныя стэнды і г.д.

* Праводзіцца наступная вучэбная сесія з улікам адукацыйных запытаў бацькоў. Кожны з іх мае права наведваць заняткі па той жа або іншай праблеме, у той жа або іншай па складзе групе. А паміж сесіямі бацькі спрабуюць прымяняць атрыманыя веды і засвоеныя алгарытмы вырашэння самых прос­тых сямейных праблем на практыцы. У іх узнікаюць канкрэтныя пытанні, з якімі яны могуць прыйсці да класнага кіраўніка або ў кансультацыйны пункт да псіхолага. Педагогі, якія праводзілі заняткі, працуюць над тым, як адаптаваць падрыхтаваныя матэрыялы і памяткі да заняткаў па такой жа тэме ў іншых групах бацькоў з улікам узроставых асаблівасцей іх дзяцей.

* У творчых групах распрацоўваюцца памяткі-рэкамендацыі для бацькоў або праграмы назіранняў за дынамікай развіцця, навучання і сталення дзяцей як у дамашніх умовах, так і ў соцыуме.

* Аналагічныя памяткі або праграмы назіранняў за дынамікай развіцця, навучання і сацыялізацыі навучэнцаў распрацоўваюцца для педагогаў на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў.

* Выніковыя вучэбныя заняткі з бацькамі прысвячаюцца ў асноўным прэзентацыі інавацыйнага вопыту педагогаў па навучанні бацькоў і паспяховага вопыту бацькоў па выхаванні дзяцей, па вызначэнні перспектыў інавацыйнай дзейнасці і павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў падчас навучання і самаадукацыі.

Выніковая дыягностыка характару дзіцяча-бацькоўскіх адносін, узроўню кампетэнтнасці бацькоў і выхаванасці навучэнцаў дапамагае планаваць праграмы навучання настаўнікаў і бацькоў на наступным этапе праекта, пастаянна карэкціраваць і паглыбляць інавацыйную дзейнасць педагогаў з бацькамі і дзецьмі, а бацькам — самаадукацыйную дзей­насць і работу з дзецьмі. Прыводзім прыклад праграмы павышэння кампетэнтнасці педагогаў у навучанні бацькоў з улікам іх запытаў у 2017/2018 навучальным годзе.

Прыкладная праграма

пастаянна дзеючага семінара (ПДС) па павышэнні інавацыйнай
кампетэнтнасці педагогаў у навучанні бацькоў
(2017/2018 навучальны год)

Тэма семінара: “Эфектыўныя формы, прыёмы, метады і тэхналогіі павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў”.

Заняткі 1.

Прыёмы і спосабы выяўлення, сістэматызацыі і задавальненння адукацыйных запытаў бацькоў (асобасна арыентаваны падыход да работы з бацькамі).

  1. Дыягнастычны інструментарый для выяўлення дасягненняў і цяжкасцей бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей. Дыягностыка і апрацоўка даных.
  2. Прынцыпы, формы і спосабы арганізацыі вучэбных заняткаў для бацькоў у групах зменнага складу. Абмен вопытам.
  3. Метадычны практыкум па распрацоўцы вучэбных заняткаў для бацькоў “Асваенне розных тэхнік і алгарытмаў аналізу і вырашэнне самых простых сямейных праблем”.

Заняткі 2.

Інавацыйныя падыходы да работы з бацькамі: сістэмны, кампетэнтнасны, даследчы, дзейнасны, рэфлексіўны, сінергетычны і інш.

  1. Сучасныя падыходы і адукацыйныя тэхналогіі, іх дыдактычныя магчымасці і адаптацыя да навучання бацькоў.
  2. Метадычная лабараторыя (работа па групах) па распрацоўцы мадэлі кампетэнцый педагога, які працуе з бацькамі па іх навучанні (формула “ад кампетэнтнага настаўніка да кампетэнтнага бацькі, ад кампетэнтнага бацькі і настаўніка да кампетэнтнага вучня”).
  3. Метадычны практыкум (работа па групах) па праектаванні вучэбных заняткаў з бацькамі на аснове сучасных падыходаў і з улікам іх запытаў.

Заняткі 3.

Выкарыстанне матэрыялаў перыядычнага друку, СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў у рабоце з бацькамі па павышэнні іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці.

  1. Кароткі агляд існуючых інтэрнэт-рэсурсаў па тэме праекта. Прагляд вучэбных відэа і пошук ідэй па іх эфектыўным выкарыстанні ў навучанні бацькоў.
  2. Майстар-клас педагога і аднаго з паспяховых бацькоў па тэме заняткаў.
  3. Метадычны практыкум па распрацоўцы вучэбных заняткаў з бацькам, а таксама рэкамендацый педагогам і памятак для бацькоў па тэме заняткаў.

Заняткі 4.

Рэфлексіўны падыход настаўніка да работы з бацькамі, а бацькоў — з дзецьмі.

  1. Віды рэфлексіі і іх значэнне ў асобасным развіцці навучэнцаў і ў павышэнні эфектыўнасці вучэбных заняткаў.
  2. Актыўныя і інтэрактыўныя метады і тэхналогіі выхавання дзяцей у сям’і.
  3. Метадычны практыкум па распрацоўцы вучэбных заняткаў для бацькоў па фарміраванні ўніверсальных кампетэнцый дзяцей ва ўмовах сям’і.

Заняткі 5.

Панарама інавацыйнага вопыту педагогаў і бацькоў па выхаванні сучасных дзяцей, па адукацыі і самаадукацыі бацькоў.

  1. Прыстэндавая абарона вопыту педагогаў па навучанні бацькоў. Абарона вопыту бацькоў па паспяховым выхаванні сваіх дзяцей.
  2. Майстар-класы педагогаў і бацькоў па тэме праекта.
  3. Аўкцыён ідэй па павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і новых формах узаемадзеяння “школа — дзеці — бацькі”.
  4. Рэфлексія заняткаў. Падвядзенне вынікаў практычнага этапу праекта. Перспектывы супрацоўніцтва.

Абмеркавана на творчай сустрэчы каардынатараў праекта ў АПА.

Прапанаваная тэматыка мае рэкамендацыйны характар.

Безумоўна, немагчыма ў адзін момант перайсці да вучэбных заняткаў для бацькоў, адмовіўшыся ад усяго прывычнага. І арганізацыйныя, і інфармацыйныя, і асветніцкія сустрэчы неабходны. Канечне, у меру, у дыялогу і палілогу, пры актыўнай пазіцыі ўсіх бацькоў. На працягу года праводзяцца і традыцыйныя мерапрыемствы — бацькоўскія сходы, экскурсіі, паходы, працоўныя акцыі, наведванні тэатраў і музеяў, абмеркаванні кніг і кінафільмаў, творчыя сустрэчы з героямі вайны і працы, прысвечаныя каляндарным датам святы, тэматычныя конкурсы па тэме праекта.

Кіраўнікамі праекта дадзена дакладная ўстаноўка настаўнікам — надаць кожнаму школьнаму мерапрыемству з бацькамі навучальны характар, асноўваючыся на рэфлексіўных стратэгіях навучання, матываваць і стымуляваць іх да навучання ў школе і да самаадукацыі, да супрацоўніцтва з педагогамі і дзіцячымі калектывамі. Вельмі многае залежыць ад мэты. Перад кожнымі такімі заняткамі або мерапрыемствам у прыгожай аб’яве або запрашэнні падкрэсліваецца: “На гэтай сустрэчы або сходзе вы можаце даведацца … , пазнаёміцца з … , прааналізаваць … , параўнаць … , засвоіць … і асвоіць … , навучыцца …”. Пасля мерапрыемства праводзіцца абавязковая рэфлексія: што даведаўся пра дзяцей, пра школу, ці навучыўся вырашаць канкрэтную праблему і г.д. Асабліва гэта эфектыўна, калі праводзяцца сумесныя мерапрыемствы з дзецьмі і бацькамі. Важна матыва­ваць бацькоў асэнсоўваць усё, што адбываецца з іх дзецьмі ў школе, дома, у соцыуме, у любой сітуацыі падтрымліваць іх і вучыць спраўляцца са сваімі праблемамі самастойна.

Безумоўна, немагчыма ў адзін момант перайсці да вучэбных заняткаў для бацькоў, адмовіўшыся ад усяго прывычнага. І арганізацыйныя, і інфармацыйныя, і асветніцкія су­стрэчы неабходны.

 

Пры такой рабоце з бацькамі вучацца ўсе: і дзеці, і бацькі, і настаўнікі. Яна арганізоўваецца на аснове навуковых прынцыпаў і інавацыйных падыходаў: сістэмнага, кампетэнтнаснага, асобасна арыентаванага, арганізацыйна-дзейнаснага, даследчага, культуралагічнага, сінергетычнага і інш.

Гэта неверагодна цяжка. Але гэта і вельмі цікава, карысна, неабходна. Складана сказаць, каму пры гэтым цяжэй — настаўнікам або бацькам. Канечне, вучыць бацькоў — зусім не тое, што вучыць дзяцей, тым больш у абмежаваны час, пры розных узроўнях іх матывацыі і выхаваўчай кампетэнтнасці. Настаўнікі пастаянна вучацца — у школе, на семінарах і практыкумах, на майстар-класах калег, у дыскусіях, падчас круглых сталоў, раячыся са спецыялістамі і бацькамі.

Бацькоў у кожнай школе многа — праблем яшчэ больш. У бацькоў шмат клопатаў і мала часу. Безумоўна, навучанне не мае ўзросту, і ў той жа час з узростам вучыцца ўсё складаней. Але любоў да дзяцей, вялікая мэта — правільна выгадаваць сваё дзіця, здаровым, паспяховым і шчаслівым, стаць яму сябрам і ганарыцца ім — вызначаюць прыярытэты і ў планаванні часу, і ў арганізацыі спраў і заняткаў. Пры любой занятасці ­бацькі могуць і павінны знайсці час для свайго дзіцяці, а таксама для навучання таму, як ­стаць больш дасведчаным і паспяховым бацькам. Настаўнікі, у сваю чаргу, стараюцца арганізоўваць вучэбныя заняткі з бацькамі па наступным прынцыпе: мінімум часу і тэорыі — максімум практычных навыкаў для вырашэння любой дзіцяча-сямейнай праблемы, а значыць, максімум агульнага поспеху. Ужо зусім блізка, амаль побач, са школьнай парты нам у вочы гдядзіць наша будучыня. І ніякія цяжкасці не павінны спыніць у імкненні ўнесці свой уклад у набліжэнне гэтай будучыні, у тое, каб нашы дзеці былі шчаслівымі ў ёй.

Пры любой занятасці бацькі мо­гуць і павінны знайсці час для свайго дзіцяці, а таксама для навучання таму, як стаць больш дасведчаным і паспяховым бацькам.

 

Некаторыя бацькі не ўмеюць або пакуль саромеюцца ўслых гаварыць пра цяжкасці або некампетэнтнасць у вырашэнні сямейных праблем, хаця колькасць бацькоў, якія наведваюць вучэбныя заняткі, паступова павялічваецца. Не ўсе актыўныя на занятках, але многія пытаюцца, калі будзе наступная сустрэча і як да яе рыхтавацца. Педагогам трэба пастаянна ўлічваць гэта і быць вельмі мабільнымі пры падрыхтоўцы да заняткаў і гібкімі пры іх правядзенні. А галоўнае, яны павінны матываваць бацькоў на самаадукацыю, дапамагаць ім вучыцца самім вырашаць свае сямейныя праблемы, а падчас навучання і самаадукацыі быць больш кампетэнтнымі і паспяховымі. Пры падрыхтоўцы да заняткаў педагогі ствараюць для бацькоў тэматычныя памяткі, падбіраюць рэкамендацыі кніг, інтэрнэт-сайтаў. У гімназіі № 1 Полацка пасля серыі заняткаў па праблемах узаемаразумення выпушчаны брашуры для бацькоў “Сямейныя ўрокі любові і ўзаемаразумення”, “Урокі дабра і прыгажосці” і інш.

Наспела неабходнасць у распрацоўцы праграмы бесперапыннага павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці дарослага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Усім — карысць, а краіне — прагрэс.

Сёння педагогаў-інаватараў натхняе, што некаторыя бацькі не толькі праявілі цікавасць да новай формы ўзаемадзеяння са школай, але і прапаноўваюць сябе ў ролі тых, хто вучыць. Так, Таццяна Мікалаеўна Дуцько, мама вучня 9 класа гімназіі № 1 Стоўбцаў, на бязвыплатнай аснове па сваёй ініцыятыве арганізавала для дзяўчынак старшых класаў вучэбны курс “Дзявочая субота”. Па просьбе бацькоў для мам гэтых дзяўчынак Таццянай Мікалаеўнай ужо распрацаваны і запланаваны аналагічныя заняткі.

У гімназіі № 1 Баранавіч праводзіцца работа па наладжванні мастоў узаемаразумення паміж дзецьмі і бацькамі, паміж педагогамі і бацькамі праз арганізацыю ­“Клуба бацькаў”. Класныя кіраўнікі ў адзін ­голас сцвярджаюць, што таты сталі больш актыўнымі, спагадлівымі і ініцыятыўнымі.

Вучэбныя заняткі з бацькамі праводзяцца ў зручны для большасці з іх час 1—2 разы ў чвэрць.

Наспела неабходнасць у распрацоўцы праграмы бесперапыннага павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці дарослага насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

У сярэдняй школе № 1 Салігорка ў шосты школьны дзень спецыяльна для бацькоў і дзяцей арганізавана “Бацькоўская субота”. Тэматыка заняткаў разнастайная, практычна запатрабаваная, таму што ўлічвае запыты бацькоў і інтарэсы дзяцей. Часам групы дзяцей і дарослых аб’ядноўваюцца, напрыклад, па тэме “Тата, мама, я — чытаючая (спартыўная, дружная) сям’я” або “Як навучыцца правільна чытаць” і інш. Па суботах праходзіць і падрыхтоўка да самых яркіх і незвычайных свят — школьных баляў (кадэцкі баль, вясенні баль, калядны баль). Спецыялісты-харэографы разам з ужо навучанымі дзецьмі вучаць цікавым сучасным, нацыянальным танцам усіх жадаючых.

У сярэдняй школе № 2 Новалукомля большасць бацькоў цікавіла тэма “Як вырасціць дзяцей здаровымі і паспяховымі”. Дыскусіі ва ўсіх групах прайшлі бурна. Падводзячы вынікі і аналізуючы сваё навучанне, бацькі нават прапанавалі новыя формы правядзення такіх заняткаў. Па прапанове бацькоў і пры іх актыўным удзеле праведзены конкурс “Тата, мама, я — турысцкая сям’я”.

У сярэдняй школе № 9 Маладзечна арганізоўваюцца майстар-класы паспяховых бацькоў па тэмах, выяў­леных падчас дыягностыкі бацькоўскіх цяжкасцей, конкурс сямейных праектаў “Маё генеалагічнае дрэва” і эсэ бацькоў “Сямейнае шчасце”, фестываль сямейнай творчасці, бацькоўская канферэнцыя “Майстэрства быць бацькам” і многае іншае. Энтузіязм і творчасць нашых настаўнікаў бясконцыя.

Гэта ўсяляе ўпэўненасць, што пераход ад інфармавання і асветы бацькоў да навучання і павышэння іх псіхолага-педагагічнай кампе­тэнтнасці пры мэтанакіраваным супрацоўніцтве педагогаў і грамадскасці, плённая работа па навучанні і арганізацыі бесперапыннай самаадукацыі і педагогаў, і бацькоў дасць чаканы вынік: камфортныя і добразычлівыя сямейныя адносіны, разуменне і прыняцце бацькамі свайго дзіцяці, жаданне і ўменне дапамагчы яму ­стаць лепшым і больш паспяховым, эфектыўныя формы су­працоўніцтва бацькоў і настаўнікаў у выхаванні падрастаючага пакалення, умацаванне сям’і, з’яўленне вялікай колькасці шчаслівых сем’яў і ў цэлым больш паспяховага і шчаслівага грамадства.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
кіраўнік інавацыйнага праекта, метадыст АПА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.