Навучыцца добра працаваць і выгадна прадаваць

На базе першаснай арганізацыі Кастрычніцкага раёна грамадскага аб’яднання Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ) у 2004 годзе была створана грамадска-працоўная майстэрня для маладых людзей з інваліднасцю. Штуршком для яе стварэння стала вялікая заклапочанасць бацькоў за сваіх дзяцей, якія, атрымаўшы адукацыю ў дапаможных школах або дома, не маглі працаўладкавацца, праявіць свае ўменні і навыкі. Больш за чатыры гады побач з майстэрняй дзейнічае і вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “АртІдэя”, якое спецыялізуецца на вырабе сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі. Тут працуюць маладыя людзі з інваліднасцю пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксандраўны АМПЛЕЕВАЙ.

Ёсць ідэя!

— Наша арганізацыя супрацоўнічае з маладымі людзьмі з інваліднасцю ад 16 гадоў, якія наведваюць сацыяльна-працоўную грамадскую майстэрню. Тут мы развіваем навыкі маладых людзей з інваліднасцю для работы на адкрытым рынку працы і ў першую чаргу ў ВГУП “АртІдэя”. У майстэрні праводзіцца работа з маладымі людзьмі, якія не маюць магчымасці пасля таго, як вучыліся дома, або пасля заканчэння спецыяльных школ вучыцца ў каледжах і ўніверсітэтах па прычыне сваіх абмежаванняў, — адзначае Наталля Аляксандраўна. — Але яны здольны працаваць, калі ім стварыць для гэтага спецыяльныя ўмовы і арганізаваць падтрымку на рабочым месцы.
Нагадаем, што ў 2004 годзе па ініцыятыве бацькоў з БелАДДІіМІ для такіх маладых людзей была створана майстэрня, дзе з імі пры супрацоўніцтве з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Мінска пачалася работа па развіцці іх працоўных навыкаў. Спачатку было прапанавана на тэрыторыі цэнтра арганізаваць сумесныя заняткі для дзяцей, падлеткаў і маладых людзей (да 21 года) з інваліднасцю і звычайных дзяцей, але калі заняткі пачаліся, то апошнія сталі выказваць незадаволенасць. Наталля Аляксандраўна прапанавала арганізаваць работу з маладымі людзьмі з інваліднасцю на сваёй тэрыторыі, дзе ўжо былі створаны спецыяльныя ўмовы для працоўнай дзейнасці такіх людзей. Двойчы на тыдзень для правядзення заняткаў па ручной творчасці, якая вельмі добра развівае дробную маторыку, да маладых людзей з інваліднасцю прыходзіў спецыяліст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Зараз у гэтай рабоце задзейнічаны дзевяць спецыялістаў з чатырох дзяржаўных цэнтраў дадатковай адукацыі.
— Ішоў час — і некаторым маладым людзям стала цесна ў рамках майстэрні. Трэба было шукаць новыя формы работы, якія павінны былі матываваць да работы, — адзначае мая суразмоўніца. — Яны стваралі цікавыя вырабы, прымалі ўдзел у выставах, дзе людзі часта пыталіся, ці можна што-небудзь набыць, але арганізацыя не мела права прадаваць гэтыя вырабы, таму што афіцыйна не займалася ні рамесніцкай, ні прадпрымальніцкай дзейнасцю. Мы марылі аб такой арганізацыі працы, пры якой кожны чалавек з інваліднасцю мог выканаць работу згодна са сваімі магчымасцямі і атрымаць за яе ўзнагароджанне.
На той момант не ўсе віды дзейнасці, якія мы ажыццяўлялі ў майстэрні, можна было лічыць рамесніцкімі, таму ў рамках праектнай дзейнасці БелАДДІіМІ ў 2010 годзе мы адкрылі камерцыйнае прадпрыемства “АртІдэя”. Сёння ў дзвюх нашых арганізацыях працуе 30 чалавек — 10 людзей з інваліднасцю на прадпрыемстве і 20 чалавек у майстэрнях, а каардынуюць іх работу дырэктар і два майстры-спецыялісты А.В.Карбановіч і Л.І.Малюгіна.
І грамадская майстэрня, і “АртІдэя” сёння маюць пэўныя льготы ад дзяржавы. Напрыклад, па аплаце арэнды: за памяшканні агульнай плошчай 189 кв.м у канцы мінулага года арганізацыі аддавалі прыкладна па 3,5 мільёна ў месяц. Прадугледжаны для нас і падатковыя льготы, аднак мы поўнасцю аплачваем камунальныя паслугі.
У “АртІдэі” два асноўныя ўчасткі работы — паліграфіі і сувенірнай прадукцыі. Кіруюць імі майстры. У работнікаў прадпрыемства тэрміновыя працоўныя дагаворы. У кожнага з іх свае абавязкі, кожны задзейнічаны на пэўным этапе дзейнасці. Калі, напрыклад, майструюць сувенірную ёлку, то адзін малады чалавек збірае паеткі на стрыжань, другі — скручвае галінкі з дроту і г.д.
— Зразумела, дзейнасць нашага прадпрыемства нельга параўноўваць з дзейнасцю іншых аналагічных прадпрыемстваў, нават прадпрыемстваў таварыства інвалідаў, дзе працуюць звычайныя людзі з захаваным інтэлектам, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. — Нашы маладыя людзі не могуць стабільна працаваць з дзевяці гадзін раніцы і да шасці вечара, да работы іх трэба матываваць, прычым пастаянна. Без напамінаў яны могуць працаваць гадзіну, а хтосьці ўсяго 15 хвілін. У кагосьці з маладых людзей павышаная стамляльнасць (ім неабходны частыя перапынкі на адпачынак), камусьці цяжка запомніць паслядоўнасць сваіх дзеянняў, таму даводзіцца яму шмат разоў тлумачыць адно і тое ж. Некаторых трэба пастаянна кантраляваць, правяраць, наколькі правільна яны выконваюць сваю аперацыю. Іншы раз майстар гаворыць, што яму прасцей самому ўсё зрабіць, чым напружана сачыць за кожным работнікам, за ўсім, што адбываецца на ўчастку. На поўную стаўку ніхто з работнікаў не працуе, толькі некаторыя работнікі на 0,75 стаўкі, а ў асноўным на палову і нават на чвэрць стаўкі, у залежнасці ад магчымасцей кожнага.
Зараз мы выказалі ідэю, што, акрамя майстра, на такіх прадпрыемствах, як наша, павінен быць яшчэ і арганізатар працы — цьютар. Цьютар мог бы суправаджаць работніка не толькі на працоўным месцы, але і ў горадзе, калі, напрыклад, трэба адвезці заказ кліенту. Зараз мы можам адправіць у горад самастойна толькі дваіх маладых людзей з інваліднасцю, і толькі ў тым арт-идея5(сайт)выпадку, калі адзін з іх добра ведае горад або добра размаўляе і яго зразумеюць людзі, дапамогуць сарыентавацца.
Абсталяванне на прадпрыемстве можна назваць напалову прафесійным, таму што пасля адкрыцця ў 2006 годзе паліграфічнай майстэрні яе спецыялісты ўдзельнічалі ва ўсіх праектах БелАДДІіМІ, і падчас гэтага набывалася нешта і з паліграфічнага абсталявання. Таму, калі было арганізавана прадпрыемства, на ім адразу змаглі пачаць разнастайную дзейнасць. Сёння тут выпускаецца прадукцыя з дапамогай лічбавага лазернага друкавання, пачынаючы ад візітак, календароў (ад кішэнных да насценных), буклетаў, брашур да кніг у мяккім пераплёце. Тут робяць малюнкі на кубках, майках, талерках, афармляюць запрашэнні на вяселлі і наклейкі на бутэлькі для святочнага стала, вяночкі і банбаньеркі для нявесты і многае іншае. Пачалі таксама выпуск дзіцячай галантарэі — заколачак, абадочкаў, павязачак. Сувенірная прадукцыя ўяўляе сабой вырабы, выкананыя ўручную. Кожны з іх непаўторны, што, безумоўна, самае каштоўнае. На ўпаковачныя сродкі прадпрыемства атрымала дэкларацыю адпаведнасці, таму можа адпраўляць іх і за мяжу. У асноўным сваю прадукцыю “АртІдэя” рэалізоўвае на кірмашах. Здаваць у магазіны нявыгадна, таму што аб’ём яе невялікі, а грошы ад продажу паступаюць з магазіна на працягу месяца.
— Калі мы толькі адкрывалі прадпрыемства і трэба было сябе рэкламаваць, звярталася, памятаю, да спонсараў, якія аказвалі падтрымку нашай арганізацыі, тэлефанавала ім, прапаноўвала зрабіць у нас заказ, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. — І яны ішлі насустрач. Заказы ў нас рабілі таксама Таварыства Чырвонага Крыжа, іншыя грамадскія аб’яднанні. У маі 2014 года “АртІдэя” выпусціла прадукцыю да 20-годдзя Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Інфармацыя аб нашай дзейнасці ўсё больш распаўсюджваецца. Ведаюць пра нас і за мяжой. Сярод апошніх заказчыкаў, напрыклад, польскае пасольства, для яго мы друкуем канверты.
Дарэчы, кошт нашых тавараў і паслуг ніжэйшы, чым аналагічных у іншых арганізацыях (напрыклад, за ксеракопію — у параўнанні з коштам яе на пошце, якая знаходзіцца побач з “АртІдэяй”). Аднак нават такая цанавая палітыка прыносіць прыбытак, хаця і невялікі. Паразважайце: калі звычайны чалавек зробіць упаковачны пакет за 30 хвілін і гэта, напрыклад, будзе каштаваць 7 тысяч рублёў, то чалавеку з інваліднасцю патрэбна на гэта гадзіна. Яго працоўны дзень такім чынам абыходзіцца даражэй, і пакет, зроблены ім, павінен каштаваць адпаведна 14 тысяч. Таму і прадукцыя, зробленая рукамі інвалідаў, павінна каштаваць даражэй. У краінах Захаду гэта сапраўды так. Грамадзяне набываюць такую прадукцыю, таму што яны так падтрымліваюць ідэю аб карпартатыўнай сацыяльнай адказнасці.

Выходзіць на адкрыты рынак працы

Сацыяльна-працоўная майстэрня і прадпрыемства “АртІдэя” пастаянна прымаюць уд зел у праектах, накіраваных на змяненне адносін грамадства да людзей з інваліднасцю, праектах па арганізацыі працоўнай дзейнасці людзей з множнымі парушэннямі развіцця. Прыкладам гэтага можа служыць праект “Уключэнне людзей з інваліднасцю ў клопат аб навакольным асяроддзі”, падтрыманы Праграмай малых грантаў ПРААН ГЭФ у Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта, створаны дадатковыя працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, якія раней не маглі быць працаўладкаваны з-за сваіх абмежаванняў, на адкрытым рынку працы. Акрамя гэтага, майстэрні змаглі наладзіць новы від дзейнасці — выпуск экалагічнай упакоўкі.
— Часткова дубліруюць работу нашага прадпрыемства і працоўных майстэрань аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН. Адно з іх знаходзіцца побач з намі, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. — У аддзяленні не прымаюць тых, з кім можа ўзнікнуць шмат праблем, хто не можа сябе абслугоўваць, хто агрэсіўны, у каго рэзка выражана інтэлектуальная недастатковасць. Туды прымаюць тых, з кім прасцей працаваць, арганізоўваць гуртковую дзейнасць. Многія наведвальнікі такіх дзённых цэнтраў маглі б працаваць. Мы гатовы прыняць іх у нашых працоўных майстэрнях, развіваць іх навыкі, а пасля лепшых пераводзіць на “АртІдэю”. Праўда, некаторым юнакам і дзяўчатам трэба пацвердзіць дзеяздольнасць, вярнуць права на працу. Я прапаноўваю спецыялістам дзённых аддзяленняў правяраць падчас дзейнасці ў гуртках здольнасці маладых людзей і найбольш перспектыўных накіроўваць да нас. Калі маладыя людзі будуць добрымі работнікамі, то застануцца ў нас, а, магчыма, хтосьці з іх паспрабуе знайсці работу ў звычайных калектывах, і мы дапаможам у гэтым.
Людзі, якія не могуць працаўладкавацца, будучы дзеяздольнымі, часта проста баяцца прыйсці да наймальніка. Работадаўцы ў сваю чагу не хочуць прымаць на работу людзей з інваліднасцю, таму што няўпэўнены ў іх працоўных якасцях. Нават калі такому чалавеку і ўдасца працаўладкавацца, не факт, што ён надоўга затрымаецца ў калектыве. У рамках цяперашняга праекта БелАДДІіМІ, які накіраваны на працаўладкаванне людзей з інваліднасцю на адкрытым рынку працы, вядзецца работа з наймальнікам і суправаджэнне работніка непасрэдна на працоўным месцы на прадпрыемстве на працягу чатырох месяцаў. Але, як паказвае практыка, праз 2—3 тыдні сам наймальнік адмаўляецца ад такога суправаджэння, паколькі ўпэўніваецца ў працоўных магчымасцях работніка.
Пажадана, каб дзяржавай у будучым была створана сістэма працоўнай дапамогі такім людзям, якія не могуць рэалізаваць сваё права на працу ці нават не ведаюць аб сваіх правах, не могуць сябе абараніць, не знаёмы з заканадаўствам і, галоўнае, якім неабходны спецыяльныя ўмовы працы з суправаджэннем на рабочым месцы. Ім неабходна паступовая і мяккая адаптацыя да справы, якую трэба выконваць. І ў гэтым сэнсе роля нашага прадпрыемства неацэнная. Мы вучым маладых інвалідаў не баяцца работы і наладжваць зносіны з работадаўцамі і заказчыкамі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.