Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мае доўгую гісторыю: у 2015 годзе ён адзначыў паўвекавы юбілей. І хоць у дзейнасці савета быў пэўны перапынак (ад пачатку 90-х па 2003 год), сёння гэта дзейсны грамадскі орган пры прэзідыуме НАН Беларусі, які прадстаўляе 2,2 тысячы маладых вучоных акадэміі — больш як чвэрць навуковых супрацоўнікаў галоўнай навуковай арганізацыі краіны.
Пра дзейнасць Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук і ўвогуле пра моладзь у навуцы мы гутарым са старшынёй згаданага савета, загадчыкам лабараторыі адсарбентаў і адсарбцыйных працэсаў Інстытута агульнай і неарганічай хіміі НАН Беларусі, кандыдатам хімічных навук Андрэем Іванавічам ІВАНЦОМ.
— Андрэй Іванавіч, якія першачарговыя задачы стаяць перад Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук і што ўдаецца рэальна вырашаць?
— Перад намі стаіць мэта вырашаць тыя пытанні, якія так ці інакш клапоцяць маладых вучоных. У прафесійным плане гэта пашырэнне іх удзелу у фундаментальных і прыкладных даследаваннях, прапанаванне новых цікавых магчымасцей для навуковага росту. У жыццёвым плане — узмацненне сацыяльнай абароненасці акадэмічнай моладзі, у тым ліку вырашэнне жыллёвых праблем. Савет маладых вучоных акамулюе ўсе маладзёжныя ініцыятывы і, маючы голас у прэзідыуме НАН Беларусі, многія з іх праводзіць у жыццё.
Адным са знакавых мерапрыемстваў, што арганізоўвае наш савет, з’яўляецца правядзенне штогадовай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Моладзь у навуцы”. У лістападзе мы правялі ўжо 13-ю такую канферэнцыю. У свой час яна была першай на постсавецкай прасторы, пазней ужо гэтую традыцыю падхапілі нашы калегі з Расіі, Казахстана і Арменіі.
Дарэчы, наш савет мае вельмі цесныя сувязі з саветамі маладых вучоных акадэмій практычна ўсіх краін постсавецкай прасторы. Важкім вынікам супрацоўніцтва стала ідэя (яе ініцыятарам, дарэчы, выступілі таксама мы) правесці І Еўразійскі форум маладых вучоных. Мэтай было прадставіць праекты менавіта маладых даследчыкаў. Пры гэтым яны павінны былі адпавядаць шэрагу патрабаванняў: быць міждысцыплінарнымі, накіраванымі на вырашэнне задач, якія знаходзяцца на скрыжаванні навук, а таксама быць выкананымі аўтарскімі калектывамі, куды ўваходзяць прадстаўнікі як мінімум дзвюх краін ЕАЭС (а лепш трох і болей, у тым ліку з магчымасцю прыцягнення маладых вучоных з далёкага замежжа). У 2015 годзе Мінск прыняў гэты маштабны форум, які выклікаў вялікую ўвагу ў краінах ЕАЭС. А летась традыцыю падхапіў Казахстан.
У мінулым годзе мы правялі ў Нацыянальнай акадэміі навук Еўрапейскую школу біятэхнолагаў. Яе сутнасць заключалася ў тым, каб сабраць лепшых маладых вучоных, якія працуюць у галіне біятэхналогій, кандыдатаў навук і аспірантаў, якія не жадаюць спыняцца на дасягнутым і хочуць быць уцягнуты ў міжнародныя навуковыя працэсы. Праз Еўрапейскую біятэхналагічную асацыяцыю мы запрасілі 10 вядучых вучоных у галіне біятэхналогій выступіць у нас з шэрагам лекцый. Акрамя таго, удзел у мерапрыемстве ўзялі 10 беларускіх прафесараў, якія таксама маюць сусветнае прызнанне. На працягу цэлага тыдня нашы маладыя вучоныя мелі магчымасць не толькі слухаць унікальныя лекцыі, але і прадаставіць свае праекты і атрымаць іх экспертную ацэнку. Яны наведалі профільныя навуковыя арганізацыі НАН Беларусі, правялі круглыя сталы і г.д. Безумоўна, усё гэта прынесла і яшчэ будзе прыносіць плён: закладзена аснова для цеснага супрацоўніцтва вучоных (маладых і сталых) у сумесных навуковых праектах.
— А якія планы, Андрэй Іванавіч, Савет маладых вучоных намеціў на Год навукі?
— Маем намер пашырыць фармат нашых міждысцыплінарных круглых сталоў: будзем прыцягваць да сумеснай работы маладых універсітэцкіх вучоных з усёй краіны. Мы падзелімся сваімі напрацоўкамі і, самае галоўнае, прапановамі па магчымым супрацоўніцтве. Гэта асабліва важна ў сувязі са стварэннем у нашай краіне навукова-тэхналагічнага парка “БелБіяГрад”, які нацэлены на камерцыялізацыю праектаў у галіне бія-, нана- і ІТ-тэхналогій. І моладзь тут не павінна адставаць, наадварот, трэба праяўляць ініцыятыву і дзейнічаць.
Безумоўна, мы не можам абысці пытанне падрыхтоўкі навуковых кадраў. Моладзь павінна разумець, што такое навуковая дзейнасць і як выбудаваць шлях ад выканання магістарскай работы да кандыдацкай і ў будучыні доктарскай дысертацыі. Таму мы хочам рэалізаваць цікавы і даволі амбіцыйны праект — “Малады вучоны пад ключ”. Яго сутнасць заключаецца ў правядзенні цэлага шэрага сустрэч, дзе маладыя вучоныя, якія ўжо зрабілі паспяховыя крокі ў навуцы, сумесна са старэйшымі калегамі раскажуць сваім пачынаючым калегам — найперш магістрантам і аспірантам, як вырашыць найбольш важныя пытанні на гэтым шляху.
Далёка не ўсе маладыя даследчыкі, якія толькі што прыйшлі са студэнцкай лаўкі, разумеюць, як пабудавана навуковая сістэма і як яна функцыянуе. Вельмі важна расказаць ім, як плануецца і рэалізоўваецца навуковая дзейнасць; які стан спраў у той ці іншай галіне ў сусветным маштабе і якое месца займаюць там беларускія навукоўцы; якія навуковыя сувязі ўжо ўсталяваны і якія хацелася б усталяваць; якія існуюць крыніцы фінансавання даследаванняў і грантавая падтрымка для маладых вучоных; як знайсці сваё месца ў навуцы і г.д.
Калі дзелішся рэальным вопытам, а не нейкімі тэарэтычнымі выкладкамі, то гэта вельмі добра ўспрымаецца пачынаючымі даследчыкамі. Яны бачаць перад сабой практычна равесніка і пры гэтым паспяховага ўжо навукоўца і разумеюць: усё рэальна! Рэальна абараніць дысертацыю, трапіць у цікавы навуковы праект! І не калісьці там, праз многія гады, а заўтра, дзякуючы сваёй працы і мэтанакіраванасці.
Такім чынам, мы хочам павысіць матывацыю і ўзровень адукаванасці маладых вучоных. Нам важна, каб яны замацаваліся ў навуцы і здолелі максімальна сябе рэалізаваць.
Лічым, што пры правільным падыходзе мы здолеем замкнуць ланцужок старэйшага і малодшага пакаленняў вучоных. Не сакрэт, што з-за складанага сацыяльна-эканамічнага стану ў 90-я гады сёння мае месца даволі сур’ёзны прабел сярод навукоўцаў сярэдняга звяна, які заўсёды лічыўся галоўным лакаматывам навукі. Ёсць моладзь (да 35 гадоў) і ёсць сталыя вучоныя (60+), але мы павінны зрабіць усё, каб ланцужок паміж імі не перарваўся і мы маглі ўпэўнена рухацца далей.
— Скажыце, Андрэй Іванавіч, ці ёсць сёння праблема ўцечкі мазгоў.
— Ёсць не ўцечка, а хутчэй ратацыя кадраў. Такая ратацыя, напрыклад, назіраецца паміж акадэмічнымі і ўніверсітэцкімі вучонымі. Некаторыя працуюць у акадэміі і адначасова выкладаюць ва ўніверсітэтах, потым могуць перайсці туды на працу. І наадварот, з універсітэтаў вучоныя прыходзяць працаваць у акадэмію. Гэта нармальны працэс.
Некаторыя даследчыкі пасля абароны магістарскай ці кандыдацкай дысертацыі адпраўляюцца працаваць за мяжу — і ў гэтым таксама няма нічога страшнага. Калі чалавек падтрымлівае навуковыя сувязі з той арганізацыяй і тым калектывам, дзе пачынаў працаваць у Беларусі, то гэты калектыў нават выйграе, бо можна сказаць, што ён мае “свайго чалавека” за мяжой, яму будзе прасцей арганізоўваць там стажыроўкі аспірантаў і магістрантаў па адпаведнай тэматыцы. А калі людзі едуць за мяжу працаваць над пэўным праектам на 2—3 гады, то пасля вяртання яны будуць мець добрыя замежныя сувязі, што таксама на карысць беларускай навуцы.
Горш за ўсё, калі вучоныя ўвогуле сыходзяць з навукі. Гэта сапраўды страты. Але і яны непазбежныя, бо кожны павінен займацца тым, да чаго ён закліканы, што яму бліжэй да сэрца. Застаецца спадзявацца, што яны рэалізуюць сябе ў іншых галінах.
— Зразумела, што кадры для НАН Беларусі пастаўляюць універсітэты. І ва ўніверсітэтах, і ў акадэміі навук ёсць свае магістратуры і аспірантуры. Ці мае месца канкурэнтная барацьба за лепшых выпускнікоў — будучых даследчыкаў паміж універсітэтамі і навуковымі падраздзяленнямі НАН Беларусі?
— Такога няма. Справа ў тым, што выпускнікі, якія прыходзяць у магістратуру акадэміі навук, як правіла, ужо прайшлі выкананне курсавых і дыпломных праектаў на базе нашых інстытутаў пад двайным кіраўніцтвам — ад універсітэцкай кафедры і ад інстытута. Далей, калі іх усё задавальняе, яны паступаюць у нашу аспірантуру і ідуць працаваць у адно з нашых падраздзяленняў. Мае месца нармальная, здаровая канкурэнцыя. Сёння ў кожнага талковага выпускніка ўніверсітэта ёсць выбар, і пры жаданні ён можа знайсці праграмы магістратуры не толькі ў любой арганізацыі нашай краіны, але і за мяжой, з выдзяленнем адпаведных грантаў або стыпендый. Былі б, як кажуць, здольнасці і жаданне, а галоўнае, зацікаўленасць навуковага калектыву ў такім магістранце.
Нам важна ўтрымаць тых маладых людзей, якія да нас прыходзяць, бо ўсё самае цікавае ў навуцы пачынаецца нават не пасля абароны дысертацыі, а крыху пазней — калі пачынаеш атрымліваць навуковыя вынікі, бываеш на міжнародных канферэнцыях, знаходзіш цэлае кола калег, якія працуюць у тваёй галіне, адчуваеш у сабе навуковы азарт і разумееш, што не бачыш сябе ні ў якой іншай сферы, акрамя навукі. Навука — гэта такая галіна, якая забірае цалкам. Гэта стыль жыцця! Працоўны дзень вучонага доўжыцца 24 гадзіны ў суткі: ты пастаянна думаеш, аналізуеш, шукаеш адказы. І калі малады вучоны не сышоў да гэтага моманту, калі прыходзіць смак навуковых адкрыццяў, то ўжо не сыдзе ніколі.
— Ці можна сказаць, што беларуская навука маладзее? Ёсць у нас, напрыклад, маладыя дактары навук, прафесары?
— Сапраўды, ёсць тэндэнцыя да амаладжэння навукі. У Беларусі вырасла колькасць даследчыкаў, якія абараняюць кандыдацкія дысертацыі ва ўзросце да 30 гадоў.
Што да дактароў навук, то тых, хто абараніўся да 35 гадоў, у нашай краіне можна палічыць на пальцах адной рукі. Усё ж такі доктарская дысертацыя — гэта вельмі сур’ёзна. Гэта не проста выкананне пэўнага аб’ёму работы, а развіццё нейкага прыярытэтнага, топавага напрамку або ўвогуле з’яўленне новага напрамку даследавання. Акрамя таго, доктарская дысертацыя — гэта прыняцце на сябе адказнасці рыхтаваць навукоўцаў. Інакш навошта ўвогуле доктарская, калі не перадаваць свае веды іншым?
— Андрэй Іванавіч, што б вы маглі параіць старшакласнікам, якія стаяць на парозе выбару жыццёвага шляху?
— Хацелася б пажадаць маладым людзям, каб яны слухалі сябе і сваё сэрца. Каб не было меркантыльнага падыходу: маўляў, хачу быць праграмістам, каб шмат зарабляць. Калі вы маеце да гэтага схільнасці і атрымліваеце асалоду ад працэсу — то, калі ласка, хай гэта будзе праграмаванне. Але шмат зарабляць — гэта не матывацыя. Трэба вучыцца разумець свае сапраўдныя жаданні і парывы і, самае галоўнае, усвядоміць, што ў жыцці, каб нечага дасягнуць, трэба прыкласці намаганні. Нельга расчароўвацца ад няўдач, яны непазбежныя. Галоўнае, каб побач быў чалавек, я яшчэ лепш — калектыў, які падтрымае і дапаможа рухацца далей.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.