Навука і адукацыя ў інжынернай экасістэме

- 11:03Якасць адукацыі

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце праходзіць юбілейны Х форум універсітэтаў інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы “Навука і адукацыя ў інжынернай экасістэме”.

Форум ладзіцца пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Асноўныя яго мэты — папулярызацыя інжынернай адукацыі, прыцягненне моладзі ў сферу навукі, стварэнне міжуніверсітэцкай платформы для рэалізацыі асноўных напрамкаў беларуска-расійскага інтэграцыйнага супрацоўніцтва па прыярытэтных кірунках развіцця навукі і тэхнікі і падтрымцы таленавітай моладзі.

Падчас яго работы каля 200 удзельнікаў больш як са 100 устаноў вышэйшай адукацыі, арганізацый Беларусі і замежжа прадставяць свае навуковыя работы ў 6 секцыях: “Мабільныя машыны і мабільныя тэхналогіі”, “Інжынерная экалогія ў сучасным свеце”, “Перспектыўныя тэхналогіі, матэрыялы, абсталяванне і сістэмы”, “Лічбавыя тэхналогіі ў інжынернай адукацыі”, “Маладзёжнае інавацыйнае прадпрымальніцтва”, “Універсітэт — сучасны свет і нацыя­нальныя інтарэсы”. 

Штогод у мерапрыемствах форуму прымаюць удзел больш за 150 навукоўцаў і спецыялістаў. З мэтай стымулявання мала­дзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва з 2013 года ў рамках форуму праводзіцца бізнес-бой “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект Саюзнай дзяржавы”. Сёлета для ўдзе­лу ў 10-м форуме прыбылі дэлегацыі з 41 замежнай установы вышэйшай адукацыі і 10 беларускіх універсітэтаў. 

“Дзякуючы форуму, адбываецца фарміраванне ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін, вырашаюцца пытанні падрыхтоўкі кадраў і будучага стварэння сумесных высокатэхналагічных інавацыйных вытворчасцей, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Гэта аўтарытэтная і даступная пляцоўка, на якой прадстаўнікі ўніверсітэцкай навукі і студэнцтва Беларусі, Расіі і іншых дзяржаў атрымліваюць унікальную магчымасць дэманстраваць новыя ідэі і распрацоўкі ў розных галінах навукі і тэхнікі”.

Канцэпцыя форуму “Навука і адукацыя ў інжынернай экасістэме” запрашае ўдзель­нікаў не толькі паглыбіцца ў рашэнне творчых задач, але і знайсці спосабы захавання, паляпшэння экалогіі. “У сучасным свеце вялікую актуальнасць набываюць пытанні, звязаныя з экалогіяй. Таму адзін з галоўных практычных напрамкаў у гэтай дзейнасці — стварэнне такіх тэхналогій, якія ў найменшай ступені ўплываюць на навакольнае асяроддзе. Па меры развіцця прамысловасці, навукі і тэхнікі роля дасягненняў па інжынернай экалогіі ўвесь час расце. У многіх УВА існуе кафедра прамысловай экалогіі. Сёння яна пранізвае вельмі шырокае кола розных інжынерных напрамкаў”, — сказаў рэктар БНТУ.

Канцэпцыя форуму “Навука і адукацыя ў інжынернай экасістэме” запрашае ўдзельнікаў не толькі паглыбіцца ў рашэнне творчых задач, але і знайсці спосабы захавання, паляпшэння экалогіі.

“Інтэграцыя ў сферы тэхнічнага працэсу — адзін з ключавых элементаў развіцця структурнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі, і гэта тая сфера дзейнасці, дзе Беларусь і Расія выступаюць нароўні. Навукова-тэхнічная моладзь — будучыня краіны, бо яна аб’яднана дзейнасцю ў стварэнні новых распрацовак”, — сказаў член Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжнародных справах Рыгор Рапота. Дарэчы, Рыгор Аляксандравіч стаў ганаровым прафесарам БНТУ.

“Форумы тэхнічных універсітэтаў з’яўляюцца карыснымі з некалькіх пунктаў гле­джання, і першы з іх — адукацыйны, калі сустракаюцца розныя тэхнічныя школы і працуюць па розных напрамках. Улічваючы вялікую колькасць прадстаўнікоў вышэйшай школы, якія прыязджаюць на гэтую пляцоўку, а гэта студэнты, кіраўнікі, аспіранты, і прадпрыемстваў прамысловасці, ідзе абмен не толькі навукова-тэхналагічнымі ведамі, але і абмен інфармацыяй, менталітэтам, — падключыўся намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксей Кубрын. — Ра­зам мы разглядалі энергетыку, машынабудаванне, оптыку, ядзерную энергетыку. Калі маладыя людзі бачаць гэтыя напрамкі развіцця, з’яўляецца цікавасць жыць і тварыць там, дзе гэта ўсё робіцца. Нідзе ў свеце няма такога вялікага аб’ёму і палітры навукова-тэхналагічных ведаў, якія ёсць у рамках Саюзнай дзяржавы. І расійская, і беларуская інжынерныя школы вядучыя ў свеце. У іх можна атрымаць увесь аб’ём фундаментальных ведаў, які добра захаваны”. 

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін паведаміў, што Асацыяцыя кластараў і тэхнапаркаў Расіі і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы плануюць правесці конкурс тэхнапаркаў для падтрымкі інавацыйнага мала­дзёжнага прадпрымальніцтва ў Беларусі і Расіі. 

Паводле яго слоў, тэхнапарк з’яўляецца яркім прыкладам развіцця ўніверсітэцкай інфраструктуры камерцыялізацыі ведаў, таму ідэя правесці конкурс актуальная. “Па выніках конкурсу мы вызначым лепшыя навукова-тэхналагічныя паркі ў нашых краінах, рэзідэнтам якіх будзе аказана падтрымка па ўкараненні вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і засваенні вытворчасці прамысловай прадукцыі, створанай перш за ўсё па навукова-тэхнічных праграмах Саюзнай дзяржавы”, — сказаў Аляксандр Шумілін. 

Акрамя таго, у 2021 годзе ДКНТ сумесна з Асацыяцыяй кластараў і тэхнапаркаў Расіі і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы створаны Адзіны рэестр тэхнапаркаў Саюзнай дзяржавы, у які на сёння ўвайшлі 28 вядучых суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры Беларусі і Расіі. У цяперашні час ствараецца партал геаінфармацыйнай сістэмы “Адзіны рэестр тэхнапаркаў Саюзнай дзяржавы”, які дазволіць патэнцыяльным інвестарам выбіраць найбольш прывабныя ўмовы працы, а таксама аператыўна знаходзіць партнёраў для рэалізацыі сумесных праектаў як у Беларусі, так і ў Расіі.

Для ўключэння моладзі ў інавацыйнае прадпрымальніцтва і дзейнасць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях актыўна зай­маецца фарміраваннем і развіццём інавацыйнай інфраструктуры. Сёння сетка суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры ахоплівае ўсе абласныя цэнтры, а таксама Баранавічы, Наваполацк, Пінск, Горкі, Скідзель і Барысаўскі раён і ўключае 18 тэхнапаркаў, якія дапамагаюць навуковым арганізацыям у перадачы тэхналогій у эканоміку, у стварэнні новых інавацыйных вытворчасцей.

Матэрыялы Вольгі ДУБОЎСКАЙ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.