Навука мусіць стаць рэальнай вытворчай сілай

- 11:16Навука і інавацыі

Секцыя “Тэхнічныя навукі — індустрыя 4.0”, арганізаваная на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, была самай маштабнай на ІІ з’ездзе вучоных. У ёй прынялі ўдзел больш як 500 дэлегатаў — універсітэцкія прафесары, канструктары, інжынеры. Яны абмеркавалі новыя выклікі, што дыктуе чалавецтву чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, і тое, як на гэтым няпростым этапе глабальнай трансфармацыі навука можа паслужыць эканоміцы і грамадству.

“Змоманту правядзення І з’езда вучоных краіны прайшло 10 гадоў, — заўважыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык. — За гэты час у краіне і ў свеце адбыліся вялікія змены. І калі мы не заўважым гэтых змен, не адчуем новых трэндаў тэхналагічнага развіцця, не ўключымся ў гэты працэс, то рызыкуем безнадзейна адстаць. Сусветная тэхналагічная платформа мяняецца неверагоднымі тэмпамі. Прарывы апошніх гадоў ляжаць на скрыжаванні традыцыйнай вытворчасці і інфармацыйных тэхналогій. Заўважна зніжаецца інтэнсіўнасць чалавечай працы, пры гэтым павышаецца яе прадукцыйнасць. Новая тэхналагічная парадыгма — лічбавая, максімальна аўтаматызаваная і робатызаваная, бязлюдная, безадходная вытворчасць”.

Удзельнікі секцыі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця тэхналагічных комплексаў (ад адытыўнай вытворчасці да самаўзнаўлення машын), інтэлектуальнага электратранспарту, стварэнне новых шматфункцыянальных палімерных матэрыялаў і іншыя сучасныя напрамкі навукі і тэхналогій. Шмат увагі ўдзялялася падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

— Тое, што адна з ключавых секцый з’езда працуе ў БНТУ, сведчыць пра важную ролю вядучага тэхнічнага ўніверсітэта ў падрыхтоўцы інжынерных і навуковых кадраў для нашай краіны, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. Гэтую думку, дарэчы, агучвалі і іншыя выступоўцы, падкрэсліваючы, што ўсе дасягненні рэальнага сектара эканомікі краіны зроблены дзякуючы адукацыі, навуцы і іх цеснай інтэграцыі з вытворчасцю.

Сяргей Антонавіч адзначыў, што на вучоных ляжыць велізарная адказнасць за будучыню Беларусі: “Мы можам і павінны сказаць сваё слова ў новых вытворчых тэхналогіях, звязаных з матэрыялазнаўствам, робататэхнікай, інтэлектуальнай энергетыкай, транспартнымі беспілотнымі сістэмамі, электратранспартам і іншымі галінамі, якія сёння вызначаюць будучыню, фарміруюць аблічча новай вытворчасці індустрыі 4.0”.

У новых умовах дзяржаве, якая плануе сваю прамысловую палітыку, неабходна іншая якасць узаемадзеяння навуковай галіны і грамадства. Патрэбен магутны прыток людзей, здольных развіваць навуку, інжынірынг, высокатэхналагічны бізнес.

“Калі мы хочам атрымаць прарыўныя прадукты, рашэнні, мець развіты рынак спажывання, грамадства павінна разумець і ўспрымаць навуку, — заўважыў акадэмік С.А.Чыжык. — Паўстае вельмі важнае пытанне — фарміраванне навуковай эліты. Патрэбна шанаваць людзей, якія востра ўспрымаюць новае, здольны праявіцца творча, бо за імі — будучыня. Сімвалічна тое, што пасяджэнне нашай секцыі праходзіць менавіта ў БНТУ: тут фарміруецца тэхналагічная эліта”.

Сяргей Антонавіч прапанаваў удзельнікам секцыі абмеркаваць вынікі работы за апошняе дзесяцігоддзе, праблемы, якія назапасіліся, і намеціць шляхі іх вырашэння. “Пры гэтым нам трэба ўлічваць, што да 2030 года высокія тэхналогіі атрымаюць новае развіццё, зменіцца сутнасць вытворчасці, нам спатрэбяцца зусім іншыя і спецыялісты, і матэрыялы, — адзначыў акадэмік. — Сёння гэта падаецца фантастыкай, але ўжо абвешчана, што ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе пачнецца асваенне Марса. Кітай заявіў пра тое, што будзе здабываць карысныя выкапні на астэроідах. І з высокай верагоднасцю так яно і будзе. Нам трэба прыкласці вялікія намаганні, каб адпавядаць патрабаванням часу, рухацца ў струмені новых прарыўных тэхналогій”.

У той жа час Сяргей Чыжык выказаўся пра неабходнасць захавання ўсяго таго, што было напрацавана раней.
“Так, сёння нашы прадпрыемствы не самыя перадавыя, — заўважыў ён, — але там назапашаны вопыт пакаленняў, які трэба захоўваць і прымнажаць. Магчыма, праз кансервацыю тэхналогій. Мы бачым, як у шэрагу краін адбываецца страта тэхналогій. Гэта вельмі хваравітая, крыўдная сітуацыя, калі людзі не могуць зрабіць тое, што рабілі іх папярэднікі. Нам гэтага нельга дапусціць”.

Міністр прамысловасці Віталь Воўк, выступаючы перад удзельнікамі секцыі, падкрэсліў: тое, чым ганарыцца наша краіна, здзейснена дзякуючы адукацыі і навуцы. Сёння на ўсіх кантынентах працуе тэхніка, створаная розумамі беларускіх вучоных і рукамі беларускіх машынабудаўнікоў: самазвалы “БелАЗ”, трактары “Беларус”, камбайны “Палессе”, станочнае абсталяванне, ліфты, маторы, трансфарматары, аўтакампаненты, побытавая тэхніка і многае іншае. Прадукцыя пастаўляецца больш чым у 100 краін свету.

Падчас работы секцыі “Тэхнічныя навукі — індустрыя 4.0” у БНТУ дзейнічала выстава навукова-тэхнічных распрацовак і інавацыйнай прадукцыі навуковых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў краіны.

“Менавіта вучоныя, генеральныя і галоўныя канструктары, спецыялісты машынабудаўнічай галіны ў значнай ступені забяспечылі эканамічную незалежнасць нашай краіны ад імпарту і адначасова харчовую бяспеку, — падкрэсліў Віталь Міхайлавіч. — Ёсць вельмі шмат прыкладаў паспяховага вырашэння бягучых і перспектыўных задач сумеснымі намаганнямі ўніверсітэцкай, акадэмічнай і вытворчай навукі”.

Віцэ-прэм’ер краіны Уладзімір Сямашка паведаміў удзельнікам секцыі, што плануецца прыняць цэлы шэраг нарматыўных дакументаў, якія будуць стымуляваць навуковую працу. Плануецца таксама павышэнне заработнай платы вучоным.

“На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у любым прадукце (трохлінейка, трохцалёўка, паравоз, параход, плуг) палову кошту складалі матэрыялы, а палову — інтэлект, — заўважыў Уладзімір Ільіч. — На мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў на матэрыялы заставалася толькі 25% кошту. Да 2050 года інтэлектуальны складнік у любым прадукце перавысіць 90%. Таму ў тых краін, якія арыентуюцца выключна на сыравіну (нафта, газ і г.д.), пераспектывы няма. Трэба арыентавацца на інтэлект. Для Беларусі гэта важней удвая, бо ў нас адкрытая эканоміка: 70% вырабленай прадукцыі ідзе на экспарт. Нам трэба прадаваць наш талент і інтэлект”.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што асноўнай галіной, якая рухае айчынную эканоміку, з’яўляецца прамысловасць: яна фарміруе трэцюю частку валавога ўнутранага прадукту. Таму цяжка пераацаніць ролю тэхнічнай адукацыі і тэхнічных навук для развіцця эканомікі.

“У апошнія 15 гадоў беларуская доля ў сусветнай вытворчасці павялічылася ў 2,4 разу, — паведаміў Уладзімір Сямашка. — Гэтая доля невялікая: было 0,047%, стала 0,113%. Але лічбы паказваюць рост. Пры гэтым трэба разумець, што развівалася не толькі наша прамысловасць, але і іншыя. Рост стаў магчымы, таму што беларуская прамысловасць паказала высокі тэмп. І гэта не наша суб’ектыўная ацэнка, а ацэнка Сусветнага банка”.

Уладзімір Ільіч заўважыў, што прамысловасць стымулюе рост іншых галін эканомікі: “На момант абвяшчэння незалежнасці ў сельскай гаспадарцы Беларусі працавалі 1 млн 68 тысяч чалавек, у мінулым годзе — 330 тысяч работнікаў (у 3,5 разу менш). 25 гадоў назад вырошчвалі 4,5—5 млн т зерня, зараз выходзім на 10 млн т. Мы пачалі вырабляць у 2,5 разу больш малака, у 2,3 разу больш мяса. Эфектыўнасць работы сельскагаспадарчай вытворчасці вырасла ў 7 разоў! Хіба мы сталі працаваць у 7 разоў больш? Не. Проста з’явіліся новыя тэхналогіі, новае абсталяванне, тэхніка і г.д. Усе гэтыя тэндэнцыі дэманструюць ролю навукі ў нашай краіне. І сёння для вучоных процьма работы, бо нам ёсць куды рухацца”.

Віцэ-прэм’ер пагадзіўся, што навуцы патрэбны грошы. Сёлета на гэтую галіну было выдаткавана ўсяго 0,52% ад ВУП. Безумоўна, гэтага недастаткова. Уладзімір Сямашка паведаміў, што ў планах да 2020 года — выйсці на 1%, а да 2030 года — да 2% валавога ўнутранага прадукту.

“У нас няма іншага шляху, — заўважыў віцэ-прэм’ер. — Навуку трэба зрабіць рэальнай вытворчай сілай”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.