Навуцы — гучнае “ўра”!

- 16:57Сацыяльны ракурс

18 мая ў сярэдняй школе № 4 Магілёва прайшло закрыццё тыдня навукі і творчасці. Школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, наведвалі выставы, павучальныя і карысныя мерапрыемствы.

Акрамя гэтага, прайшоў конкурс на лепшую насценгазету па тэме “Навука і жыццё” сярод вучняў 1—11 класаў, дзе былі вызначаны пераможцы ў розных намінацыях.

Кожнаму метадычнаму аб’яднанню быў адведзены свой дзень, на працягу якога праводзіліся класныя і пазакласныя мерапрыемствы, гульні на перапынках і многае іншае. Былі ўзнагароджаны лепшыя з лепшых.

На працягу тыдня ладзіліся навукова-практычныя канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” (для пачатковых класаў) і “Я-даследчык” (для вучняў 5—11 класаў). Былі запрошаны навучэнцы — пераможцы раённай алімпіяды, а таксама ўдзельнікі і пераможцы раённых этапаў конкурсу работ даследчага характару. Досвед падрыхтоўкі і правядзення канферэнцый паказаў, што такая форма работы цікавая сучасным школьнікам.

Падобныя мерапрыемствы, з аднаго боку, — добрая арганізацыйная форма работы настаўнікаў з адоранымі навучэнцамі, а з другога боку, дае магчымасць навучэнцам больш поўна рэалізаваць імкненне да паглыбленага вывучэння прадметаў школьнай праграмы, якія выклікаюць у іх найбольшую цікавасць.

На ўрачыстым закрыцці тыдня навукі і творчасці і цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў слова мела дырэктар нашай школы Алена Чаславаўна Сцяпанава, якая зрабіла высновы працы педагагічнага калектыву і навучэнцаў школы за 2017/2018 навучальны год, узнагародзіла дыпломамі і прызамі навучэнцаў, якія дасягнулі поспехаў, а таксама пажадала ўсім далейшага творчага плёну.

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва.