Не быць абыякавым да лёсу сваіх дзяцей і іх будучыні

- 12:18Рознае, Суразмоўца

Наша краіна знаходзіцца напярэдадні значнай палітычнай падзеі, якая закранае ўсё грамадства. 11 верасня ў Беларусі адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га склікання. Аб ходзе перадвыбарнай кампаніі, складзе кандыдатаў у дэпутаты, асаблівасцях сёлетніх выбараў і многім іншым нашым чытачам расказвае старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Л.М.ЯРМОШЫНА.

— Лідзія Міхайлаўна, з вышыні вашага вопыту, як вы ацэньваеце выбарчую кампанію 2016 года? Якія ў вас уражанні?

— У маёй працоўнай біяграфіі ў якасці старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў гэтыя парламенцкія выбары ўжо пятыя па ліку. У якасці старшыні я арганізоўваю выбары дэпутатаў парламента нашай краіны з 2000 года. У стварэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 1-га склікання, а гэта адбывалася на аснове пераўтварэння Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, я таксама прымала ўдзел, але ў якасці члена камісіі.

Аб сёлетняй выбарчай кампаніі трэба сказаць, што яна адчувальна ў добрым сэнсе адрозніваецца ад папярэдніх выбараў. Безумоўна, мяне гэта радуе і выклікае толькі пазітыўныя пачуцці. У першую чаргу гэта звязана з імкненнем прыйсці да заканадаўчай улады нашых маладых людзей. Сёння ў перадвыбарным марафоне вельмі шмат маладых, энергічных, неабыякавых людзей, паспяховых прадпрымальнікаў, прамыслоўцаў, вучоных, спартсменаў, артыстаў. Як бачна, гэта разнастайнае кола грамадзян, якія з натхненнем і энтузіязмам імкнуцца прадстаўляць у хуткай будучыні наш парламент. Бясспрэчна, маладыя людзі ўносяць свежы струмень у гэтую кампанію, прыўносяць у яе свой сучасны вобраз. Перадвыбарная кампанія праходзіць цікава, назіраецца большая актыўнасць, адкрытасць, арганізаванасць. У нас практычна не было канфліктаў, нягледзячы на тое, што большасць кандыдатаў у дэпутаты, а гэта каля 60%, прадстаўнікі палітычных партый, якія маюць іншы раз процілеглыя погляды. І нават калі ўзнікае нейкае непаразуменне, то яно вырашаецца, так бы мовіць, у парламенцкім фармаце, з выкарыстаннем розных інфармацыйных тэхналогій.

— Ці дастаткова інфармацыі прадастаўлена нашым грамадзянам аб сёлетніх выбарах?

— Раз-пораз ад нашых грамадзян гучаць думкі, што яны мала ведаюць пра выбарчую кампанію. Я лічу, гэта таму, што яны самі не хочуць ведаць і не цікавяцца гэтай падзеяй. На мой погляд, інфармацыі аб выбарах дастаткова. Па ўсіх рэгіёнах вельмі шырока, у поўным аб’ёме выкарыстоўваюцца ўсе сродкі інфармацыі. Кожны грамадзянін можа пазнаёміцца з кандыдатамі і з іх выбарчымі праграмамі. Калі вы неабыякавы, то заўсёды знойдзеце тыя звесткі пра выбарчую кампанію, якія вам патрэбны.

У першую чаргу трэба сказаць, што ўсе тэлеканалы нашай краіны, якія вызначаны цэнтральнай камісіяй, да гэтай пары вядуць тэлевізійную прэзентацыю кандыдатаў у дэпутаты, інтэрнэт-рэсурсы падхопліваюць гэтую эстафету і таксама рэкламуюць нашых кандыдатаў. Выкарыстоўваюцца радыёрэсурсы, друкаваныя СМІ для прадстаўлення асоб кандыдатаў і іх выбарчых праграм. Відавочна, што сёлета ў параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй кандыдаты больш актыўна выкарыстоўваюць медыярэсурсы. Мне вельмі даспадобы тая талерантнасць і цярпімасць, якую праяўляюць нашы кандыдаты ў перадвыбарнай кампаніі, як яны ўважліва слухаюць адно аднаго, як з павагай ставяцца да іншых меркаванняў, да іншых думак і поглядаў. Гэта добрая прымета.

— А як наконт асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў, якія пачалі выкарыстоўвацца ў папярэднія выбары ў парламент?

— Кандыдаты ў дэпутаты актыўна прыцягваюць асабістыя грашовыя сродкі або сродкі спонсараў для вядзення перадвыбарнай агітацыі. Сапраўды, чатыры гады назад упершыню на парламенцкіх выбарах сталі выкарыстоўвацца выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты, што мае на ўвазе адкрыццё асабістых рахункаў. У той час іх адкрылі толькі 25% з ліку зарэгістраваных кандыдатаў. Цяпер такія рахункі маюць прыблізна 75% кандыдатаў. Як бачна, лічба істотна вырасла, але недастаткова, і мы павінны рухацца да 100%. Заўважу, што існуюць пэўныя абмежаванні па грашовых інвестыцыях у асабістыя выбарчыя фонды, дзякуючы чаму нашы выбары не ператвараюцца ў спаборніцтва кашалькоў. Не сакрэт, што ў многіх краінах на выбарах дзейнічае прынцып “хто багацейшы, той і мае рацыю”, і там усё вырашаюць не асобы, а грашовыя сродкі.

— Колькі кандытатаў балаціруецца? Якая найбольш папулярная сярод іх форма агітацыі?

— У самым пачатку выбарчай кампаніі было зарэгістравана 525 кандыдатаў у дэпутаты на 110 выбарчых акругах. На жаль, 30 кандыдатаў адмовіліся працягваць перадвыбарную гонку і знялі свае кандыдатуры. Сёння колькасць кандыдатаў складае 495 чалавек. Прыемна заўважыць, што сярод тых, хто выбыў, няма ніводнага кандыдата з ліку маладых людзей. Як бачна, моладзь рашуча, нават настырна, у добрым сэнсе гэтага слова, рухаецца ў перадвыбарным марафоне, і гэта вельмі прыемна.

У сярэднім па краіне конкурс на месца, як кажуць, у сярэднім складае больш за 5 чалавек. Ён нераўнамерны па краіне: напрыклад, у Мінскай вобласці ён меншы за 3 чалавекі на месца, у Мінску — каля 6 кандыдатаў, ёсць акругі, дзе іх больш. Сама актыўна праяўляе сябе ў выбарчай кампаніі ў адпаведнасці з прынятымі стандартамі Магілёўская вобласць, якая з’яўляецца аплотам дэмакратычных традыцый. Там выбарчая кампанія праходзіць даволі паспяхова. Таксама трэба адзначыць Віцебскую вобласць і іншыя рэгіёны, дзе вельмі актыўна прымяняюцца перадвыбарныя тэхналогіі. Так, напрыклад, самымі папулярнымі з’яўляюцца тэледэбаты. Але яны праходзяць толькі па ўсіх выбарчых акругах Віцебскай, Магілёўскай абласцей і ў Мінску. У Гродзенскай вобласці кандыдаты ў масавым парадку адмаўляліся ад іх, і там толькі ў трох акругах з трынаццаці праходзяць тэледэбаты. Вельмі шкада, што кандыдаты не адчулі, што тэледэбаты — самая наглядная форма работы з выбаршчыкамі, дзе можна прадэманстраваць свой характар, свой прафесіяналізм, уменне адказваць на пытанні, дыскутаваць, адстойваць сваю пазіцыю, выказваць свае меркаванні, прапаноўваць свае ідэі. Сёння, калі я назіраю за тэледэбатамі, то адчуваю, наколькі актыўна і ініцыятыўна праяўляе сябе моладзь. Мяркую, што ў будучыні гэтую форму трэба развіваць, павялічваць час на тэледэбаты. Ёсць падстава для таго, каб асноўную частку перадвыбарнай агітацыі перавесці ў форму тэледэбатаў як найбольш дакладнай і даступнай перадвыбарнай тэхналогіі, якая ў найбольшай ступені збліжае кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі.

— Які прафесійны склад кандыдатаў?

— Сацыяльную сферу — адукацыю, навуку, культуру, ахову здароўя — прадстаўляюць 88 чалавек, або менш за 18% ад агульнай колькасці кандыдатаў. Гэта самая значная частка. На другім месцы па колькасці кандыдатаў знаходзяцца прадстаўнікі прамысловасці, сувязі і транспарту (17,6%). Іншыя сферы дзейнасці складаюць амаль 26%. У гендарным плане мужчыны прэваліруюць, жанчыны складаюць 115 чалавек (23,2%). Маладых грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў — 52 чалавекі (10,5%).

— Ці будзе працягнуты праект, накіраваны на забеспячэнне ўмоў для галасавання асоб з фізічнымі асаблівасцямі? Як вядома, ён быў распачаты ў мінулагоднюю выбарчую кампанію.

— Так, сапраўды, у гэтай кампаніі мы працягваем наш праект, накіраваны на забеспячэнне ўмоў для галасавання асоб з фізічнымі асаблівасцямі. Гэта перш за ўсё невідушчыя грамадзяне, грамадзяне, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам, інваліды-калясачнікі. Цэнтральная камісія на сваім пасяджэнні ўжо заслухала гатоўнасць мясцовых улад забяспечыць магчымасць галасавання для гэтай катэгорыі асоб. Хачу сказаць, што адносна невідушчых грамадзян узнікла пэўная праблема. Што тычыцца вырабу трафарэтаў, куды ўкладваюцца выбарчыя бюлетэні для таго, каб невідушчы выбаршчык змог прагаласаваць самастойна, то друкарні з-за невялікай колькасці экзэмпляраў адмаўляюцца вырабляць гэтую прадукцыю. Я спадзяюся, што навучальныя ўстановы нам дапамогуць, і творчыя, умелыя дзеці змогуць зрабіць гэтыя трафарэты ўручную. Іх трэба нямнога, літаральна адзін трафарэт на адну выбарчую камісію, і яго змест павінен дубліраваць змест выбарчага бюлетэня. Хочацца верыць, што сістэма адукацыі адгукнецца на нашу просьбу.

— Калі пачынаецца датэрміновае галасаванне?

— 6 верасня пачнецца датэрміновае галасаванне. 5 верасня цэнтральная камісія правядзе праверку сродкаў сувязі. Мы вызначым, колькі ў нас скрынь для галасавання, як нашы ўчасткі гатовы да таго, каб пачаць датэрміновае галасаванне. Яно будзе праходзіць традыцыйна, як і ў папярэднія выбары. У цэлым у краіне будзе адкрыты 5971 выбарчы ўчастак.

— Як будзе праходзіць назіранне за выбарамі? Хто выступіць у ролі назіральнікаў?

— Нашай камісіяй акрэдытаваны 482 міжнародныя назіральнікі, прычым іх колькасць павялічваецца з кожным днём. Назіральнікі прадстаўляюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў (328 чалавек), Парламенцкую асамблею Савета Еўропы (19), Парламенцкую Асамблею АБСЕ (39). 45 дыпламатаў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь, таксама акрэдытаваліся ў якасці міжнародных назіральнікаў і ўжо вядуць назіранне за перадвыбарнай кампаніяй ва ўсіх рэгіёнах краіны. Акрамя таго, у нас вельмі многа нацыянальных назіральнікаў. На сённяшні дзень іх акрэдытавана 25,5 тысячы, але гэта не мяжа. Звычайна ў нас на выбары акрэдытуецца больш за 40 тысяч нацыянальных назіральнікаў, што дазваляе ў поўнай меры ахапіць назіраннем усе выбарчыя ўчасткі. Упершыню па запрашэнні цэнтральнай камісіі на гэтыя выбары прыедзе вялікая дэлегацыя з Паўночнай Карэі. Гэта нашы калегі з карэйскага выбаркама і прадстаўнікі Сакратарыята Сусветнай асацыяцыі арганізатараў выбараў, якая таксама базіруецца ў гэтай краіне. Гэта наваствораная арганізацыя, якая існуе з 2013 года. Наша цэнтральная камісія выступіла ў якасці сузаснавальнікаў гэтай асацыяцыі.

—Лідзія Міхайлаўна, ужо застаюцца лічаныя дні да выбараў. Што хвалюе вас больш за ўсё?

— Самым вялікім клопатам для нашай камісіі была і застаецца праблема яўкі на выбары нашых грамадзян. Мы разумеем, што пачатак верасня —гэта перыяд водпускаў, адпачынкаў за межамі горада, збору ўраджаю. На гэта будуць спасылацца многія грамадзяне. Але праблема не ў гэтым. Бяда ў нашым раўнадушшы, калі насельніцтва зусім не праяўляе цікавасці да лёсу сваёй краіны, а гэта тое ж самае, што быць абыякавым да лёсу сваіх дзяцей і іх будучыні.

Але мы верым, што актыўнасць грамадзян будзе ўсё ж высокай. У гэтым нам дапаможа, як заўсёды, педагагічная грамадскасць, якая па абавязку службы найбольш шчыльна працуе з нашым грамадствам і будзе рэкамендаваць грамадзянам рэалізаваць сваё грамадзянскае права.

Я спадзяюся, што з дапамогай нашых кандыдатаў і тых, хто працуе на выбары, а гэта перш-наперш наша педагагічная грамадскасць, нашы паважаныя настаўнікі, кіраўнікі сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў, якія працуюць у складзе выбарчых камісій, уваходзяць у ініцыятыўныя групы, працуюць з нашымі бацькамі, арганізоўваюць участкі для галасавання, гэтая абыякавасць, раўнадушша нашых людзей будуць пераадолены і кожны наш грамадзянін выканае свой грамадзянскі абавязак і выкажа сваю пазіцыю на выбарах, прагаласаваўшы за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты. Адзначу, што педагагічнае асяроддзе з’яўляецца самым свядомым па родзе сваёй дзейнасці, яно вучыць і выхоўвае маладое пакаленне. У першую чаргу ад нашага настаўніка залежыць, ці будуць вырашчаны парасткі грамадзянскасці, патрыятызму, палітычнай свядомасці ў нашых дзяцей.

Парламент як у нашай, так і ў любой іншай краіне з’яўляецца дзяржаўным інстытутам, які ўзначальвае найважнейшую галіну заканадаўчай улады. У парламенце ідзе актыўная заканатворчая дзейнасць, ствараюцца законы, па якіх жыве наша краіна і кожны з нас. І гэтае жыццё будзе залежаць ад прафесіяналізму, шчырасці, сумленнасці тых людзей, якія прыйдуць сёлета ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, тых, для каго высокі імідж нашай краіны з’яўляецца не пустым словам. Для таго, каб наш парламент працаваў эфектыўна, каб законы, якія будуць стварацца, працавалі на карысць кожнага грамадзяніна нашай краіны, наша грамадства павінна праявіць актыўнасць і прагаласаваць за самых адукаваных, вопытных і няўрымслівых людзей. Прыходзьце на выбары, калі вы зацікаўлены жыць у стабільнай і квітнеючай краіне.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.