Не круглая, але важная дата

- 14:56Нам пішуць

Днямі ў будынку рэктарата БДУ прайшла ўрачыстая вечарына, прысвечаная 55-гадоваму юбілею факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Гісторыя падрыхтоўчага факультэта БДУ для замежных грамадзян пачалася ў 1961 годзе. І цяпер, за больш чым паўвекавую гісторыю, ён можа пахваліцца высокім узроўнем сваіх вынікаў: толькі за апошнія пяць гадоў яго слухачамі сталі 1092 чалавекі з 30 краін свету. Што да агульнай колькасці студэнтаў, то за 55 гадоў падрыхтоўчае аддзяленне скончылі больш за 9 тысяч чалавек са 120 краін. Некаторыя з малодшых прадстаўнікоў студэнтаў-замежнікаў радавалі гасцей на юбілейным вечары, прадставіўшы цікавую канцэртную праграму.

З віншавальнымі словамі да аўдыторыі звярнуўся дэкан факультэта Вячаслаў Малафееў, які выказаў удзячнасць супрацоўнікам, выкладчыкам і ветэранам, якія некалі пачыналі пракладаць сцежку да ведаў для замежнай моладзі, стварылі падмурак выкладання рускай мовы як замежнай. Таксама Вячаслаў Міхайлавіч расказаў пра сучасную сістэму даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. “Сёння ў нас даволі гарманічны сплаў вопыту, традыцый і энергіі, якой набіраемся ад сваіх маладых калег — выкладчыкаў, якія зараз прыходзяць на факультэт”, — адзначыў прамоўца. Затым самыя важныя моманты і добрыя гісторыі з жыцця ФДА разам з прысутнымі ўспомніла дацэнт кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін Тамара Кузьмінава.

Са святам ФДА павіншаваў і рэктар БДУ. “Дата не круглая, але таксама не менш значная”, — заўважыў Сяргей Абламейка. Ён выказаў падзяку навуковым супрацоўнікам факультэта, звярнуўшы ўвагу на тое, што яны займаюць значнае месца не толькі ў вучэбнай дзейнасці, але і ў працэсе адаптацыі кожнага замежнага студэнта.

Ніякае свята не абыходзіцца без прыемных сюрпрызаў. У гэтым выпадку сюрпрызам стала ўзнагароджанне заслужаных дзеячаў факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Памятныя ўзнагароды і фотаздымкі на памяць будуць доўга цешыць вока іх уладальнікам, нагадваючы пра юбілей роднага факультэта.

Ірына ІВАШКА.