Не прымусіць, а зацікавіць

- 14:48Нам пішуць

У апошні час шмат спрэчак выклікае арганізацыя шостага школьнага дня. Спрачаюцца і настаўнікі, і бацькі. Кожны выказвае сваё меркаванне і прыводзіць свае доказы, чаму дзіця павінна ці не павінна прыходзіць у школу. Новым вітком для абмеркавання паслужыў загад Міністэрства адукацыі аб новых формах работы ў шосты школьны дзень. Што новага было прапанавана? Напрыклад, кансультацыі настаўнікаў-прадметнікаў для бацькоў.

У кожнай навучальнай установе адукацыі выпрацаваны свой падыход да арганізацыі і правядзення шостага школьнага дня. Гэта і традыцыйнае правядзенне факультатыўных заняткаў для старшых класаў, і падрыхтоўка да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, і работа валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў. Галоўнае, каб мерапрыемствы былі цікавымі не толькі для вучняў, але і для бацькоў, каб існавала ўзаемадзеянне сям’і і школы.

Так, кожную трэцюю суботу месяца класныя кіраўнікі сумесна з педагогам-арганізатарам і педагогам-псіхолагам праводзяць мерапрыемствы, якія павінны раскрыць патэнцыял і вучняў, і бацькоў, вучаць іх узаемаразуменню. Для вучняў старшых класаў сумесна з бацькамі быў арганізаваны ўрок фінансавай дасведчанасці, на якім было прапанавана распрацаваць свой сямейны бюджэт на месяц, зыходзячы з канкрэтнай заработнай платы бацькоў. Спачатку і вучні, і бацькі працавалі ў асобных групах, зачытвалі вынікі. Затым групы былі аб’яднаны для кансультацыі дзяцей па правільным размеркаванні грашовых сродкаў. Мерапрыемства насіла не толькі выхаваўчы, але і практычны характар. Кожны з удзельнікаў змог ацаніць сваю фінансавую дасведчанасць, а набытыя навыкі прымяніць у самастойным жыцці.

Вучні 5—8 класаў даволі актыўныя, і таму для іх праводзяцца змешаныя спартыўныя конкурсы з запрашэннем бацькоў. Паказаць ролю кнігі ў жыцці чалавека, а таксама ўзровень ведаў дзяцей дапамагло сумеснае мерапрыемства “У гасцях у казкі”, арганізаванае для бацькоў і вучняў 1—4 класаў у форме інтэрактыўнай гульні. Прысутныя не толькі разгадвалі загадкі і рэбусы, але змаглі пабыць акцёрамі пры інсцэніраванні казак. Праводзяцца ў школе і “татавы” суботы, на якіх арганізоўваюцца шашачныя і шахматныя турніры.

Можна шмат пералічваць мерапрыемстваў і форм іх правядзення, але пры ўсім гэтым не забываць галоўны прынцып: “Не прымусіць, а зацікавіць”. Тады і не будзе ўзнікаць пытанне, быць ці не быць шостаму школьнаму дню.

Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.