Не проста даць веды, а выхаваць і накіраваць на правільны шлях. Прынцыпы работы Кароўчынскай сярэдняй школы

- 16:10Образование

Кароўчынская сярэдняя школа неаднаразова прызнавалася лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі Дрыбіншчыны. Па асобных паказчыках адукацыйнай дзейнасці яна ў лідарах як у раёне, так і ў вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школа вёскі Кароўчына невя­лікая, але адметная. Установа здзіў­ляе дагледжанай тэрыторыяй, светлымі класамі з перадавым абсталяваннем і педагогамі, неверагодна захопленымі сваёй справай.

— Наша школа мае спартыўную і трэнажорную залы, новы камп’ютарны клас, кабінеты з мультыбордамі. Матэрыяльная база вельмі добрая. Але ж галоўны здабытак — настаўнікі. Калектыў малады, аднак многія педагогі маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, удасканальваюць прафесійнае майстэрства. Вялікую ўвагу настаўнікі ўдзяляюць раскрыццю здольнасцей вучняў. Сёння ў нас вучыцца 67 дзяцей, і мы зацікаўлены ў лёсе ­кожнага. ­Педагогі стараюцца выкла­даць так, каб не толькі даць дзецям базавыя веды, але і заўважыць іх схільнасці і накіраваць у патрэбнае рэчышча, — паведаміла дырэктар Іна Пачко.

Падыходы кароўчынскіх педагогаў да арганізацыі вучэбнага працэсу рэгулярна даказваюць сваю эфектыўнасць. Ва ўстанове дастаткова высокая паспяховасць. Вучні тут праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, творчых аглядах, спартыўных спаборніцтвах.

— Якасць адукацыі для нас — першачарговая. Але не меншы ўпор робім на выхаванне навучэнцаў. Імкнёмся выхоўваць дзяцей гарманічна развітымі асобамі, патрыётамі сваёй краіны, — расказала Іна Васільеўна.

Выхаваўчы працэс у школе будуюць на мясцовым рэгіянальным кампаненце. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні даследуюць спадчыну роднага краю, у рэалізацыі абласнога праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” іх пошукавая работа была адзначана некалькімі пераможнымі дыпломамі.

— Матэрыялы і рэчы, назапашаныя падчас да­следаванняў, ляглі ў аснову школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Бабіна хата”, дзе падрабязна прадстаўлены быт беларусаў. А надоечы мы стварылі яшчэ і куток бая­вой славы, дзе размясціліся тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Музейныя экспанаты шырока выкарыстоўваем у вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці. Яны дапамагаюць наглядна знаёміць вучняў з мінулым малой радзімы, фарміраваць у дзяцей гордасць за сваю краіну і народ, — адзначыла Іна Пачко.

Акцэнт настаўнікі робяць таксама на далучэнні навучэнцаў да міратворчасці і духоўнасці. Установа з’яўляецца адзінай у раёне Школай міру, а ў кірунку духоўна-маральнага выхавання тут ажыццяўляюць рэспубліканскі інавацыйны праект.

— Мы плённа ўзаемадзейнічаем з вясковым храмам. Свяшчэннаслужыцелі праводзяць з навучэнцамі духоўныя гутаркі, тлумачаць асноўныя пастулаты праваслаўя. У ліку галоўных памочнікаў у выхаванні і бацькі. З мамамі і татамі педагогі знахо­дзяцца ў пастаянным кантакце. Разам, сіламі ўсіх зацікаўленых, стараемся ўкласці ў душы дзяцей правільныя каштоўнасці і арыенціры, — падкрэсліла Іна Васільеўна.

Важным у Кароўчынскай школе лічаць здароўзберажэнне і пад­рыхтоўку вучняў да дарослага жыцця. Сёлета ўстанова атрымала перамогу ў абласным конкурсе па харчаванні вучняў. Што нядзіўна, бо па новых прынцыпах карміць навучэнцаў тут сталі аднымі з першых у раёне.

— Здароўе дзяцей для нас у прыярытэце. У школе дзейнічаюць факультатывы, праводзіцца пазакласная работа, накіраваная на прывіццё культуры харчавання. Традыцыйна ладзім кірмашы беларускай кухні. Пераход на новыя прынцыпы харчавання не выклікаў цяжкасцей. Па пажаданнях вучняў абнавілі меню, унеслі карэктывы ў графік прыёму ежы. Новаўвя­дзен­нямі ўсе задаволены, — патлумачыла Іна Пачко, дэманструючы сучасны харчаблок і ўтульную сталовую.

Шмат дасягненняў у школы і ў фарміраванні ў вучняў навыкаў энерга­зберажэння. Навучальная ўстанова двойчы перамагала ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Педагогі вызначыліся распрацоўкай спецыяльных ін­тэрактыўных плакатаў, якія ў гульнявой форме вучаць рацыянальнаму рэсурсаспажыванню.

— Наогул, дзякуючы добрасумленнай працы настаўнікаў, перамогі ёсць штогод. Але самая значная наша ўзнагарода — гэта не дыпломы і кубкі, а вучні, — запэўніла дырэктар. — Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, бо ўсе яны знайшлі прафесійнае прызначэнне і сталі годнымі людзьмі. Будзем імкнуцца, каб і цяперашнія навучэнцы выбралі правільную жыццёвую дарогу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара