Як паведамляла ўжо наша газета, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылася семінар-нарада з вялікай колькасцю ўдзельнікаў, дзе вялася дзелавая, канструктыўная размова аб асноўных кірунках удасканальвання заканадаўства ў сферы адукацыі. У абмеркаванні прыняў удзел міністр адукацыі І.В.Карпенка. Сёння мы прадстаўляем нашым чытачам выступленне першага намесніка міністра адукацыі, кіраўніка рабочай групы па распрацоўцы новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, доктара фізіка-матэматычных навук В.А.Богуша, які абазначыў асноўныя змяненні і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і больш дэталёва расказаў аб тых зменах, якія плануюцца ў нацыянальнай сістэме адукацыі.
Вадзім Анатольевіч Богуш, першы намеснік міністра адукацыі, пачаў сваё выступленне са спецыфікі распрацоўкі дакумента.
— Кодэкс аб адукацыі, якім даводзіцца карыстацца ўсяму нашаму грамадству, мае пэўныя асаблівасці, звязаныя з яго падрыхтоўкай і прыняццем, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Таму, калі гэтая работа была распачата, мы грунтаваліся на некалькіх важных момантах, у першую чаргу на аналізе практыкі прымянення той рэдакцыі кодэкса, з якой мы працуем сёння.Як паказаў аналіз, некаторыя палажэнні прапісаны ў кодэксе дакладна, асобныя патрабуюць карэкціроўкі. Пры гэтым мы далучалі шырокае кола асоб да абмеркавання некаторых палажэнняў, цесна працавалі з рэспубліканскімі саветамі дырэктараў устаноў усіх узроўняў і Рэспубліканскім саветам рэктараў УВА, мы вывучалі змяненні, якія адбываюцца ў інтэграцыйнай прасторы, задачы, што ставяцца перад сістэмай адукацыі, улічвалі міжнародны вопыт. Але мы імкнуліся не рабіць рэвалюцыйных пераўтварэнняў, а прыўнесці ў новую рэдакцыю эвалюцыйны працэс.
Структура дакумента застаецца нязменнай: ён складаецца з дзвюх частак — агульнай і асаблівай. Агульная частка змяшчае раздзелы, звязаныя з асновамі прававога рэгулявання, суб’ектамі адукацыйных адносін, кіраваннем сістэмай адукацыі, з міжнародным супрацоўніцтвам, кантролем у сістэме адукацыі, адказнасцю навучэнцаў падчас навучання, з фінансаваннем і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем.
Асаблівая частка змяшчае раздзелы, якія не толькі развіваюць пэўныя палажэнні агульнай часткі кодэкса, але і тлумачаць спецыфіку тых узроўняў адукацыі, якія традыцыйна склаліся ў нашай краіне. Тэрміналогія, што выкарыстоўваецца ў новай рэдакцыі, з’яўляецца пераемнай у адносінах да тэрміналогіі дзеючай рэдакцыі кодэкса. У асаблівай частцы дакумента змешчаны раздзелы, прысвечаныя дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі. Як адзначыў Вадзім Анатольевіч, пры распрацоўцы новай рэдакцыі кодэкса трэба было абавязкова ўлічваць унутраныя ўзаемасувязі, якія прысутнічаюць у кодэксе, узаемаадносіны з іншымі актамі заканадаўства, у прыватнасці з законамі, указамі прэзідэнта. Адзін з важных падыходаў пры стварэнні дакумента быў звязаны з дэлегаваннем паўнамоцтваў на прыняцце рашэнняў у сферы адукацыі ад урада Міністэрству адукацыі або мясцовым уладам. Акрамя таго, у рамках новай рэдакцыі забяспечваецца рэалізацыя канцэпцыі бесперапыннай адукацыі — адукацыі праз усё жыццё, якая тычыцца ў тым ліку інклюзіўнай адукацыі. Інклюзіі замацоўваюцца як прынцып дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.
У сістэме адукацыі і сёння ёсць магчымасць для інтэгравання адукацыйных праграм, асабліва гэта развіта ў шырокім разуменні гэтага паняцця ў сістэме прафесійнай адукацыі, таму напрацоўкі, традыцыі нацыянальнай школы ў новай рэдакцыі кодэкса таксама захаваны. Акрамя таго, праведзена пэўная аптымізацыя відаў устаноў адукацыі і больш дакладнае іх азначэнне. Замацоўваліся ў новай рэдакцыі і нормы сацыяльнай абароны, у тым ліку звязаныя з працаўладкаваннем выпускнікоў, што з’яўляецца адным з важных клопатаў дзяржавы. Адукацыйныя ўзроўні разглядаюцца з улікам новай міжнароднай стандартнай класіфікацыі адукацыі, і ў яе рамках была выбудавана сістэма асноўнай адукацыі, якая абапіраецца на адукацыйныя праграмы, пачынаючы з дашкольнай адукацыі і заканчваючы адукацыйнымі праграмамі пасляўніверсітэцкай адукацыі. Пры гэтым ёсць магчымасць паслядоўнага засваення адукацыйных праграм і магчымасць як інтэграцыі адукацыйных праграм розных узроўняў, так і непасрэднага выхаду на рынак працы для таго, каб забяспечыць заказчыка кадраў спецыялістам той ці іншай кваліфікацыі, з тым ці іншым узроўнем адукацыі.
* * *
Вадзім Анатольевіч Богуш спыніўся на тых змяненнях, якія тычацца ўзроўняў адукацыі. Сёння ў нашай краіне істотна развіваецца дашкольная адукацыя, адчуваецца дэмаграфічны рост і павялічваецца колькасць дзяцей. Функцыянуе каля 4 тысяч устаноў дашкольнай адукацыі, ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 3 да 6 гадоў складае звыш 90 працэнтаў, ахоп дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы — 100 працэнтаў.
— У сістэме дашкольнай адукацыі мы выключылі некаторыя віды ўстаноў, якія маюць дубліраванне, і прадугледжваем укараненне іншых форм работы для развіцця здольнасцей дзяцей у рамках адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама дэлегуем паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў па напаўняльнасці груп у дзіцячых дашкольных установах мясцовым органам улады, — паведаміў В.А.Богуш.
Што тычыцца тэрмінаў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дзе сёння атрымлівае адукацыю амаль мільён школьнікаў, ніякіх змяненняў у новай рэдакцыі кодэкса не прадугледжана. Застаецца 11 гадоў навучання пры трохступеньчатай сістэме агульнай сярэдняй адукацыі: гэта пачатковая (1 ступень), базавая (2 ступень), сярэдняя (3 ступень) агульнай сярэдняй адукацыі, у Х-ХІ класах ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы выкарыстоўваюцца падыходы, звязаныя з рэалізацыяй профільнага навучання. Нормы, што тычацца арганізацыі навучання ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, грунтуюцца на наступным. Так, прыём ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжваецца з 6 гадоў на 1 верасня (гэтая норма прадстаўлена і ў дзеючай рэдакцыі кодэкса).Па заяве законнага прадстаўніка дзіця можа ісці ў школу ў больш познім узросце.
Замацоўваецца рэалізацыя профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, уводзіцца магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў у шосты школьны дзень для 5—8 класаў (цяпер такая магчымасць ёсць толькі ў 9-11 класах). Праводзіцца аптымізацыя відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасць спалучэння навучання дома і ў школе ў мэтах сацыялізацыі.
Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі мае дастаткова развітую тэрытарыяльную структуру, сёння актыўна вядзецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі гэтага ўзроўню. У новай рэдакцыі кодэкса перагледжаны падыходы да арганізацыі практычнага навучання як асноўнага складніка прафесійнай падрыхтоўкі, і гэта зразумела. Наколькі добра ў навучэнцаў будуць адпрацаваны практычныя навыкі і ўменні, настолькі прафесійна яны будуць працаваць у далейшым.
— У новай рэдакцыі кодэкса да ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі аднесены прафесійны ліцэй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледж, — зазначыў Вадзім Анатольевіч. — Новы падыход, які закладваецца ў кодэкс, прадугледжвае, што ўстанова адукацыі больш высокага ўзроўню, у тым ліку каледж і ўніверсітэт, можа пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў рэалізоўваць адукацыйныя праграмы больш нізкага ўзроўню. Напрыклад, каледж можа весці падрыхтоўку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а ўніверсітэт — сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Акрамя таго, прадугледжваецца далейшая аптымізацыя тэрмінаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёння яе мінімальны тэрмін складае 1 год. Але ў новай рэдакцыі кодэкса мінімальны тэрмін атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на базе агульнай сярэдняй адукацыі на дзённай форме навучання мяркуецца знізіць да 6 месяцаў.
— Таксама прапанавана замацаваць у кодэксе магчымасць рэалізацыі праграмы прафесійнай падрыхтоўкі для школьнікаў на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — заявіў першы намеснік міністра адукацыі. — Тым самым у нас будзе законная аснова для атрымання школьнікамі пэўных прафесійных навыкаў.
У сістэме вышэйшай адукацыі мяркуецца аптымізаваць віды навучальных устаноў. (Ужо сёння не існуюць вышэйшыя каледжы.) Новая рэдакцыя кодэкса мае на ўвазе тры віды: інстытут, акадэмія (кансерваторыя), універсітэт.
— Адным з важных прыярытэтаў развіцця вышэйшай школы з’яўляецца шматступеньчатая сістэма навучання, —адзначыў В.А.Богуш. — І тое, што ўдзельнікі пасяджэння бачылі ў БДУІР,—гэта вынік практычнага вопыту па ўзаемадзеянні ўстановы адукацыі з заказчыкамі кадраў і рэалізацыі падыходу па паслядоўным росце спецыялістаў.
Пры гэтым у структуры вышэйшай адукацыі плануецца рэалізацыя адукацыйных праграм бакалаўрыята на базе агульнай сярэдняй адукацыі з тэрмінам навучання ад 4 да 4,5 года, адукацыйнай праграмы магістратуры — ад 1 да 2 гадоў, а таксама рэалізацыя бесперапыннай адукацыйнай праграмы для найбольш складаных спецыяльнасцей з тэрмінам навучання ад 5 да 6 гадоў. Агульнаадукацыйныя дысцыпліны, па якіх здаюцца кандыдацкія дыферэнцыраваныя залікі і кандыдацкія экзамены, пры асваенні праграмы магістратуры вывучаюцца па жаданні магістранта. Для развіцця вышэйшай адукацыі выкарыстоўваюцца кластарныя падыходы, якія цяпер распрацоўваюцца. Гэта можа ажыццяўляцца праз аб’яднанні ўстаноў з адукацыйнымі праграмамі рознага ўзроўню, а таксама фарміраванне кластараў па прынцыпе спецыялізацыі. Для гэтага трэба выкарыстоўваць як базу самой установы адукацыі, так і магчымасці сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў аднаго кірунку. Будуць уведзены дыстанцыйная форма навучання, як самастойная форма атрымання адукацыі, і сеткавае ўзаемадзеянне.
В.А.Богуш паведаміў, што будуць уведзены таксама два статусы ўстаноў вышэйшай адукацыі: нацыянальная ўстанова адукацыі, статус якой будзе прысвойвацца кіраўніком дзяржавы, і вядучая ўстанова, статус якой будзе прысвойвацца ўрадам нашай краіны. Пры чым статус вядучай установы патрабуе пацвярджэння ад зін раз у 5 гадоў, што будзе даваць стымул для развіцця нашых УВА.
Акрамя таго, мяркуецца змяненне падыходаў, звязаных з суадносінамі выкладчыцкага складу да колькасці навучэнцаў. Цяпер у кодэксе замацавана норма 1:10. У новай рэдакцыі паўнамоцтвы для ўстанаўлення гэтай нормы перадаюцца Міністэрству адукацыі і некаторым іншым міністэрствам. Яны будуць весці адпаведную работу з самімі УВА, што ў залежнасці ад спецыфікі падрыхтоўкі будзе мець на ўвазе дыферэнцыраваны падыход.
Вадзім Анатольевіч удзяліў шмат увагі актуальнаму пытанню размеркавання выпускнікоў УВА.
— Сёння размеркаванне нашых выпускнікоў з’яўляецца дадатковым гарантам сацыяльнай абароны з боку дзяржавы, — адзначыў В.А.Богуш. — Нагружаючы нашы ўніверсітэты неабходнасцю прадастаўлення рабочых месцаў для сваіх выпускнікоў, мы тым самым дапамагаем іх прафесійнаму станаўленню. Пры гэтым у нас размеркаванне захоўваецца па кірунках, якія адпавядаюць дзяржаўнаму заказу. Акрамя таго, з улікам значнасці службы ва Узброеных Сілах нашай краіны мы прадугледжваем, што калі малады чалавек спачатку ідзе ў армію, а потым па размеркаванні — на працу, то статус маладога спецыяліста ў яго захоўваецца. Адметна і тое, што такі статус будуць мець і выпускнікі, якія скончылі УВА не толькі на бюджэтнай аснове, але і на платнай і атрымалі накіраванне.
В.А.Богуш заўважыў, што кожны год каля тысячы чалавек, якія скончылі УВА на платнай аснове, бяруць накіраванні на першае месца працы. Такім чынам яны атрымліваюць гарантыю на працаўладкаванне. Але стымулюючыя выплаты для выпускнікоў, якія скончылі УВА на платнай аснове, не прадугледжаны і выплачваюцца па жаданні наймальніка,таму ў новай рэдакцыі кодэкса прапаноўваецца,каб для наймальнікаў прадстаўленне сацыяльных гарантый выпускнікам УВА стала абавязкам, замацаваным адпаведным заканадаўствам.Акрамя таго, уводзіцца паняцце, звязанае з браніраваннем месцаў працаўладкавання для той катэгорыі людзей, якім неабходна сацыяльная абарона.
— Хачу паведаміць яшчэ аб адным значным змяненні ў сістэме падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Адукацыйная праграма аспірантуры рэалізоўваецца на ўзроўні навукова-арыентаванай прафесійнай адукацыі. Мэта гэтай праграмы — падрыхтоўка кваліфікацыйнай навуковай работы — кандыдацкай дысертацыі. Яна таксама мае на ўвазе наяўнасць абавязковага дзяржаўнага адукацыйнага кампанента, якім з’яўляецца спецыяльная дысцыпліна, па якой здаецца кандыдацкі экзамен па той спецыяльнасці, па якой аспірант рыхтуе дысертацыю. Здача гэтага экзамену з’яўляецца абавязковай умовай для таго, каб дысертацыйную работу саіскальнік мог прадставіць у савет па абароне дысертацый. Дадатковы кампанент у рамках гэтай адукацыйнай праграмы будзе рэалізоўвацца па рашэнні УВА або навуковай арганізацыі.
— Хачу звярнуць увагу, што мы пашыраем і пералік навуковых арганізацый, якія могуць рэалізоўваць адукацыйную праграму аспірантуры, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч.— Пры гэтым яны павінны выконваць пэўныя патрабаванні. Безумоўна, любая навуковая арганізацыя праходзіць акрэдытацыю на пацвярджэнне гэтага статусу, і ў рамках акрэдытацыі ў тым ліку будуць прадугледжвацца пытанні якасці падрыхтоўкі кадраў у аспірантуры.
Па словах першага намесніка міністра адукацыі, дактарантура вызначана як навуковая дзейнасць. Пры гэтым фінансаванне падрыхтоўкі спецыялістаў у дактарантуры будзе забяспечвацца праз сістэму грантаў, з якіх чалавек будзе атрымліваць заработную плату, кампенсаваць расходы, звязаныя з напісаннем доктарскай дысертацыі, у тым ліку з апрабацыяй вынікаў даследаванняў.
В.А.Богуш падкрэсліў, што схема дзяржаўнага рэгулявання ў гэтым застаецца нязменнай. Планаванне, фінансаванне і кантроль за падрыхтоўкай навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі — гэта кампетэнцыя Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, а сістэма атэстацыі навуковых работнікаў — Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.
У сістэме дадатковай адукацыі дарослых асноўная задача — стварыць умовы для атрымання дадатковай кваліфікацыі, сучасных ведаў, якія неабходны на практыцы.
— Тут мы робім ухіл на практыка-арыентаваны складнік, пэўнае ўзмацненне кантролю за якасцю рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дарослых, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч.
У сферы навукова-метадычнага забеспячэння ў кодэксе закладваецца модульны падыход да прадстаўлення зместу адукацыйных праграм. Ствараецца база для выкарыстання сістэмы заліковых адзінак, якая дазволіць у далейшым больш эфектыўна рэалізоўваць інтэграваныя праграмы і сеткавую форму ўзаемадзеяння, прычым не толькі ў межах нашай краіны, але і ў супрацоўніцтве з замежнымі ўніверсітэтамі.
У новай рэдакцыі кодэкса адукацыйныя стандарты таксама захоўваюцца.
Разам з тым падыходы, што закладваюцца, дазволяць скараціць аб’ём дакументацыі, які сёння існуе на ўзроўні рэгулявання Міністэрства адукацыі. Частка паўнамоцтваў, звязаных з фарміраваннем зместу адукацыйных праграм, перадаецца на ўзровень УВА.
Акрамя таго, будзе ўдзелена ўвага пытанням рэарганізацыі інстытута вучэбна-метадычных аб’яднанняў, арганізацыі кантролю ведаў, фарміравання той структуры, якая займалася б пытаннямі атэстацыі, уступнай кампаніі, распрацоўкі кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Мяркуецца ўвесці новы тып установы — навукова-метадычная ўстанова адукацыі. Неабходнасць яе стварэння звязана з тым, што ў ёй будуць аб’яднаны і распрацоўшчыкі навукова-метадычнага забеспячэння, і тыя, хто рэалізоўвае яго на практыцы.
Вадзім Анатольевіч напрыканцы свайго выступлення звярнуў увагу на рэалізацыю пераходных палажэнняў.
— Гэта досыць вялікі аб’ём работы, звязаны з карэкціроўкай падзаконных актаў, прывядзення дзейнасці у Міністэрстве адукацыі ў адпаведнасць з кодэксам, — паведаміў кіраўнік рабочай групы, — таму для рэалізацыі пераходных палажэнняў прадугледжваем дастатковы запас часу — гэта два гады для ўстаноў адукацыі, каб яны змаглі зрабіць неабходныя карэкціроўкі, і 1 год для Міністэрства адукацыі, каб забяспечыць карэкціроўку неабходных дакументаў. І, мяркуючы па тым аб’ёме дакументаў, якія трэба змяняць, гэты год будзе для галіновага міністэрства даволі напружаным.
На ўсе пытанні, якія прагучалі ў час пасяджэння ад прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі далі дакладныя адказы. У ходзе сустрэчы адбылася дыскусія па найбольш актуальных пытаннях.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.