Пачуць голас прафесіяналаў

- 10:01Абмяркоўваем кодэкс разам

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшоў круглы стол па тэме “Асноўныя кірункі ўдасканалення заканадаўства аб адукацыі”, дзе вялася размова пра распрацоўку новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі на чале з першым намеснікам міністра адукацыі В.А.Богушам, дэпутаты і члены профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, кіраўнікі навучальных устаноў. Вёў круглы стол старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы І.А.Марзалюк.

На сустрэчы дэпутат І.А.Марзалюк заявіў, што Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы і Міністэрства адукацыі прынялі рашэнне правесці серыю круглых сталоў, дзе б можна было дакладна пазнаёміцца з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, яго структурай, асноўнымі раздзеламі і артыкуламі, выказаць свае меркаванні, пачуць, як кажуць, голас прафесіяналаў. Такія сустрэчы дазволяць атрымаць адказы ад саміх распрацоўшчыкаў на найбольш актуальныя пытанні, выказаць свае меркаванні і заўвагі і такім чынам паспрыяць таму, каб новы законапраект быў найбольш дасканалым.

— Кодэкс аб адукацыі — гэта заканадаўчая аснова развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, — падкрэсліў Ігар Аляксандравіч. — Наша задача разам з грамадствам стварыць такі дакумент, які б максімальна паспрыяў павышэнню якасці навучання і выхавання нашага маладога пакалення, быў на карысць нашым педагогам і кіраўнікам сістэмы адукацыі.

Першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш прадставіў прысутным новую рэдакцыю кодэкса і спыніўся больш падрабязна на некаторых яго раздзелах. Так, у прыватнасці, ён расказаў удзельнікам сустрэчы, якія дапаўненні і змяненні мяркуецца ўнесці па кожным узроўні адукацыі.

У нашай краіне імкліва развіваецца сістэма дашкольнай адукацыі, колькасць дзяцей малодшага ўзросту павялічваецца. Сёння дзейнічаюць каля 4 тысяч устаноў дашкольнай адукацыі, ахоп дзяцей ад 3 да 6 гадоў складае звыш 90 працэнтаў, 100-працэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. У сістэме дашкольнай адукацыі мяркуецца выключыць некаторыя віды ўстаноў, якія дубліруюць адна адну. Прадугледжваецца ўкараненне іншых форм работы для развіцця здольнасцей дзяцей у рамках адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Што тычыцца агульнай сярэдняй адукацыі, то прыём ва ўстановы мяркуецца ажыццяўляць з 6 гадоў, якія споўніліся дзіцяці на 1 верасня, як закладзена і ў існуючай рэдакцыі кодэкса. Па заяве законнага прадстаўніка дзіця можа пачынаць вучыцца ў школе ў больш познім узросце. Будзе замацавана профільнае навучанне на ІІІ ступені, уводзіцца магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў у шосты школьны дзень для 5—11 класаў (цяпер у 9—11 класах).

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі новы падыход, які закладваецца ў кодэкс, прадугледжвае, што ўстанова адукацыі больш высокага ўзроўню (гэта можа быць каледж альбо ўніверсітэт), у выпадку, калі ў яе ёсць адпаведныя рэсурсы, можа рэалізоўваць адукацыйныя праграмы больш нізкага ўзроўню. Так, напрыклад, каледж можа весці падрыхтоўку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а ўніверсітэт — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, прадугледжваецца далейшая аптымізацыя тэрмінаў атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Разглядаючы ўзровень вышэйшай адукацыі, В.А.Богуш заўважыў, што плануецца рэалізоўваць адукацыйныя праграмы бакалаўрыята на базе агульнай сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання ад 4 да 4,5 года), адукацыйную праграму магістратуры (ад 1 да 2 гадоў), ажыццяўляць рэалізацыю бесперапыннай адукацыйнай праграмы для складаных спецыяльнасцей (тэрмін навучання ад 5 да 6 гадоў). Для развіцця вышэйшай школы выкарыстоўваюцца кластарныя падыходы, распрацоўка якіх сёння вядзецца. Гэта могуць быць аб’яднанні ўстаноў з адукацыйнымі праграмамі рознага ўзроўню або фарміраванне кластараў па адной спецыялізацыі. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць базы навучальных устаноў, магчымасці сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў па падрыхтоўцы кадраў аднаго кірунку. Вадзім Анатольевіч таксама пракаменціраваў, што будзе новага ў сістэме падрыхтоўкі навуковых работнікаў, дадатковай адукацыі дарослых, у павышэнні кваліфікацыі педагогаў. Была ўдзелена ўвага пытанням вучэбна-метадычнага забеспячэння. Плануецца ўвядзенне новай навукова-метадычнай установы адукацыі, якая дазволіць аб’яднаць распрацоўшчыкаў і практыкаў навукова-метадычнага забеспячэння.

З боку ўдзельнікаў круглага стала паступіла шмат пытанняў, на якія адказваў В.А.Богуш, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства С.В.Уклейка, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі А.Л.Давідовіч і іншыя супрацоўнікі міністэрства.

Так, у развіцці дашкольнай адукацыі дэпутатаў цікавіла пытанне скарачэння відаў устаноў дашкольнай адукацыі, адкрыцця прыватных дашкольных устаноў і шэраг іншых. У адказ А.Л.Давідовіч нагадала, што на дадзены момант у сістэме дашкольнай адукацыі функцыянуюць такія віды ўстаноў, як яслі, яслі-сад, дзіцячы сад, санаторны яслі-сад, санаторны дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Такую разнавіднасць устаноў мэтазгодна было прывесці да аптымальнага варыянта, і, згодна з новай рэдакцыяй кодэкса, будуць дзейнічаць толькі тры віды ўстаноў дашкольнай адукацыі: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Мяркуецца прадаставіць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тым самым можна будзе стварыць ва ўстановах дашкольнай адукацыі спрыяльныя ўмовы для развіцця здольнасцей дашкольнікаў у адпаведнасці з магчымасцямі самой установы і запытамі бацькоў.

На пытанне, як вызначыць, ці гатова дзіця ісці ў школу пасля дзіцячага садка, Альбіна Леанідаўна адзначыла, што такое рашэнне павінна быць узаемным як у бацькоў, так і ў калектыву дашкольнай установы.
— Наконт вызначэння гатоўнасці дзіцяці да школы, у дашкольных установах мы рэгулярна праводзім інструктыўна-метадычныя нарады з педагогамі дашкольных устаноў, дзе даём парады калектыву, як вызначыць, наколькі гатовы іх выхаванцы да школы, — адзначыла прадстаўнік Міністэрства адукацыі.

Ад дэпутатаў гучала і набалелае пытанне пра ўскладанне на настаўніка неўласцівых яму абавязкаў. Калі гэта ўзнікае, то на ўзроўні кіраўніка ўстановы, органаў кіравання адукацыяй гэтая праблема павінна вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку. А ўвогуле, як было адзначана з боку работнікаў галіновага міністэрства, у новай рэдакцыі кодэкса адведзены цэлы артыкул, дзе вызначаецца паняцце, што такое педагагічная дзейнасць, хто адносіцца да педагагічных работнікаў, вызначаны асноўныя правы і абавязкі педагагічных работнікаў, такім чынам устаноўлена дзейнасць, якой павінен займацца настаўнік.

Удзельнікі сустрэчы закранулі пытанне значнасці прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Як вядома, у новай рэдакцыі кодэкса прапанавана замацаваць магчымасць рэалізаваць праграмы прафесійнай падрыхтоўкі для школьнікаў на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як заўважыла С.В.Уклейка, сёння ў школах вядзецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў і, згодна з атрыманымі навыкамі, прысвойваецца адпаведная кваліфікацыя. Такі від установы, як вучэбна-вытворчы камбінат, будзе выключаны ў новай рэдакцыі кодэкса і стане структурным падраздзяленнем установы агульнай сярэдняй адукацыі з выкананнем функцый прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў.

Выклікала пытанне з боку ўдзельнікаў круглага стала і тэма напаўняльнасці класаў у школах. Як было адзначана з боку работнікаў міністэрства, у новай рэдакцыі кодэкса прапанавана прыйсці да адзінай напаўняльнасці класаў у розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі будзе прымаць заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, якія пражываюць у тым рэгіёне, дзе размешчана ўстанова адукацыі, і, безумоўна, з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Было падкрэслена, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу, як часта на гэта спасылаюцца. Ужо цяпер прадугледжваецца дзяленне класаў на групы пры вывучэнні тых ці іншых прадметаў, што спрыяе ажыццяўленню індывідуальнага падыходу да кожнага школьніка. Прагучаў шэраг і іншых пытанняў з боку ўдзельнікаў нарады, на якія ад работнікаў міністэрства паступілі дакладныя адказы.

Ала КЛЮЙКО.