Не сфера паслуг, а найважнейшая стратэгічная галіна

- 11:38Інфармацыйная гадзіна

Сістэма адукацыі з’яўляецца найважнейшай стратэгічнай галіной, а не сферай паслуг. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з педагагічным актывам краіны. У мера­прыемстве, якое прайшло ў Мінску ў адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, прынялі ўдзел прадстаўнікі сферы адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Усяго каля 1 тысячы чалавек, якія працу­юць ва ўстановах сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі.

“Вы не проста вучыце кваліфікаваных спецыя­лістаў. Перш за ўсё вы выхоўваеце грамадзян нашай краіны, фарміруеце інтэлектуальную эліту грамадства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, нячаста, але такія сустрэчы прэзідэнта з педагагічным актывам праходзяць даволі рэгулярна. “Ёсць аб’ектыўная неабходнасць пагаварыць не толькі пра дасягненні і перспектывы развіцця сферы адукацыі, але і абмеркаваць пытанні на злобу дня”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што апошнім часам, асабліва ў інтэрнэце, з’явілася шмат так званых думкафарміруючых асоб. “Хто хайпуе, хто посціць у інтэрнэце. А вас я лічу сапраўды думкафарміруючымі людзьмі. Хто, калі не выкладчык ВНУ, палітолаг, дэпутат, хто, калі не вы, сёння фарміруеце думку нашага народа”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Нам трэба ісці наперад і думаць аб развіцці нашай краіны”, — падкрэсліў беларускі лідар. У сваім выступленні ён падрабязна спыніўся на развіцці сферы адукацыі за гады незалежнасці краіны. У свой час было прынята рашэнне ўдасканальваць, а не ламаць тую сістэму адукацыі, якая была.

“Нам, маладой Беларусі, з усіх бакоў пачалі падкідваць розныя ідэі радыкальнага рэфармавання сістэмы адукацыі. Тыя, хто старэйшы, памятаюць, як было. Упэўнены: калі б пайшлі на гэта, сёння б пляліся ў ліку адстаю­чых, страцілі б і школу, і традыцыі, і людзей. Калі разабрацца, мы ж своечасова выявілі ўсе падводныя цячэнні, схаваныя пад маскай шчырай дапамогі. Пытанне ў адным: каму тут, у Еўропе, патрэбна існаванне патэнцыяльнага канкурэнта, самастойнага, інтэлектуальнага і развітога?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, як у свой час ва ўладзе ў краіне арудавалі “нацыянальна свядомыя”, якія нібыта змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць, і яны перш за ўсё ўмяшаліся ў сістэму адукацыі. “І вы памятаеце, што тады адбывалася. Стаўшы прэзідэнтам, мне, ратуючы краіну, давялося займацца і сістэмай адукацыі, — расказаў Аляксандр Л­укашэнка. — Тады я ўлавіў тую ніць, якую трэба было падтрымаць. Я заявіў аб тым, што нам не трэба нічога ламаць і выдумляць — нам трэба ўдасканальваць тую сі­стэму адукацыі, якая ў нас ёсць, была і будзе. І нам з найвялікшай працай удалося ў большай ступені вярнуцца да той сістэмы, якая была, удасканаліўшы яе, і, вядома, не адмовіцца ад новых парасткаў”.

“Мы не толькі захавалі, але і прымножылі лепшыя традыцыі нашай вышэйшай школы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“На сённяшні дзень мы забяспечваем 89,5 працэнта тых, хто мае патрэбу ў інтэрнаце. А ў асобных абласцях набліжаемся да 100 працэнтаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. “У гэтым напрамку мы будзем рухацца. У будучай пяцігодцы з інтэрнатамі студэнтаў мы разбяромся. Кожны студэнт будзе мець сваё месца ў інтэрнаце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гонар краіны — Студэнцкая вёска ў Мінску, якая з’яўляецца самым сучасным комплексам амаль на 10 тысяч месцаў. “Інтэрнаты ў ёй па ўмовах пражывання цяпер на ўзроўні атэля. Няхай трохзоркавага, але атэля”, — заўважыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асобна закрануў і пытанне заработнай платы прафесарска-выкладчыцкага складу. “Безумоўна, усе дасягненні грамадскай адукацыі — гэта і ваша заслуга. Мы памятаем гэта, цэнім і імкнёмся ўсяляк падтрымліваць вас, у тым ліку матэрыяльна. Пачата паэтапнае павышэнне зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу. На працягу будучай пяцігодкі мы абавязкова давядзём заработную плату ў вас да 150 працэнтаў ад сярэдняй па краіне”, — заявіў прэзідэнт.

“Наконт даступнасці нашай адукацыі зламана нямала коп’яў. Здзіўляе, што некаторыя асобы ад палітыкі, якіх у свой час дзяржава вывучыла бясплатна, выступаюць толькі за платную форму навучання. Гэта значыц­ь, што дзеці з рабочых сем’яў, няхай нават таленавітыя і разумныя, проста не змогуц­ь сабе дазволіць такую раскошу, як вышэйшая адукацыя, — сказаў беларускі лідар. — Шлях, які выбралі многія краіны, падзяліўшы грамадства на эліту і рабочы клас, на тых, каму даступна і недаступна прывілея вучыцца ва ўніверсітэтах, нам не падыхо­дзіць”.

“Вы ведаеце маю пазіцыю. У нас кожны, няхай нават з самай глыбінкі, можа стаць студэнтам, калі мае веды і жаданне вучыцца. Гэтаму прынцыпу павінна адпавядаць сістэма ўступных экзаменаў. Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыц­ь чалавека, а не толькі (і не столькі, можа) вынік тэсціравання. Міністру адукацыі дадзена даручэнне пра­працаваць гэтае пытанне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: як выкладчык добра ведае, што такое размаўляць сам-насам, бачыць чалавека. “Павінен сказаць, што сістэмай тэсціравання ў лепшыя ВНУ краіны мы адсякаем працавітую здольную моладзь, бацькі якой, будзем адкрыта гаварыць, не ўваходзяць у эліту нашай краіны. Няма ў іх бацькоў-бізнесменаў, вялікіх грошай… Сама сістэма не дае магчымасці паступіць у ВНУ хлопцам і дзяўчатам, скажам, з сельскіх школ, дзе выкладанне яшчэ крыху ніжэйшае, чым у вялікіх гарадах, у Мінску. Дзе няма такога рэпетытарства, што можна дадаткова атрымаць веды”, — лічыць прэзідэнт.

“Не трэба думаць, што ўсе выкладчыкі — карупцыянеры і іншае… Усё ж такі гэта патрыёты… Дык калі гэта патрыёты, яны павінны, яны ўмеюць разгледзець у абітурыенце будучага сапраўднага грамадзяніна. За тэсціраваннем, пры ўсіх яго станоўчых якасцях, мы гэтага не бачым. Таму, узяўшы лепшае з мінулай сістэмы паступлення ў ВНУ, тэсціраванне, якое мы ўжо прайшлі (гузы набілі), узяўшы ўсё лепшае, пастаўлена задача перад Міністэрствам адукацыі да наступнай уступнай кампаніі стварыць новыя правілы паступлення ў ВНУ”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў: вядома ж, магчымыя нова­ўвядзенні будуць шырока абмяркоўвацца. “Пастаўлена такая задача — у рамках работы над Кодэксам аб адукацыі правесці і гэтую работу. Яе трэба зрабіць у самы кароткі тэрмін”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць якаснай работы з моладдзю ў навучальных установах.

“Не будзем займацца сваімі дзецьмі мы — імі зоймуцца чужыя настаўнікі гэтага жыцця. І тады ў гісторыі незалежнай Беларусі, якую павінны прадоўжыць нашы дзеці, можам паставіць кропку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, на жаль, у параўнанні з савецкім перыядам адбыўся адкат назад у рабоце з моладдзю. “Кожны ўніверсітэт, інстытут, факультэт павінен мець набор такіх механізмаў работы. І альтэрнатыва віртуальнаму жыццю павінна быць цікавай”, — упэўнены прэзідэнт.

“Вы ведаеце, што адбываецца з моладдзю, якая застаецца сам-насам з інфармацыйнай прасторай. Я адкрыта кажу: там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі, замежныя ідэо­лагі, а часам і злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, гэта пытанне не толькі да бацькоў, але і да ўсіх нас, усёй сістэмы нашай адукацыі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама адзначыў важнасц­ь вучыць студэнтаў думаць, рабіць самастойныя вывады, выходзіць за рамкі праграмы, займацца самаадукацыяй. “Але не страчваючы сувязі з дзяржаўнай ідэалогіяй. І не трэба баяцца гэтага слова. Пакажыце мне хоць адну моцную і самадастатковую краіну ў свеце, якая не надае гэтай тэме вялікага значэння”, — заўважыў прэзідэнт.

У Беларусі прадоўжаць рэалізацыю ў ВНУ мадэлі “Універсітэт 3.0”, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы рэалізуем мадэль “Універсітэт 3.0”. Яна ўяўляе сабой сімбіёз адукацыі, навукі і прадпрымальніцтва, паспяхова развіваецца на базе васьмі ВНУ. І абавязкова прадоўжым укараняць гэтую мадэль далей”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што на гэты час у ВНУ праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, а гэта сведчыць аб дастойным узроўні а­йчыннай вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Па паказчыках у сферы адукацыі, згодна са справаздачай ПРААН, Беларусь уваходзіць у трыццатку найбольш развітых краін свету. “Сярэдняя еўрапейская, па сусветных мерках зусім невялікая дзяржава, мы павялічылі экспарт адукацыйных паслуг, вучым на 20 тысяч больш замежных грамадзян, чым у першыя гады нашай незалежнасці. І тое, што да нас паехалі вучыцца іншаземцы, сведчыць шмат аб чым. Гэта канкрэтны і важкі аргумент на карысць якаснай адукацыі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У краіне развіваецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у ВНУ лабараторыі і адукацыйныя цэнтры працуюць сумесна з вядучымі сусветнымі кампаніямі.

“Нашы паказчыкі размеркавання і працаўладкавання выпускнікоў знаходзяцца на ўзроўні амаль 100 працэнтаў. А ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х праблема накіравання на работу існавала”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт краіны заклікаў падумаць над тым, якой павінна быць адукацыя будучыні.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у краіне ў развіцці адукацыі шмат дабіліся, і ўсё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што паступова і ўдумліва ўдасканальвалася сістэма адукацыі. “Для нас было важна не звесці адукацыю да сферы паслуг, не нацэліць толькі на атрыманне прыбытку. Я лічу адным з нашых значных дасягненняў тое, што мы захавалі магчымасц­ь для ўсіх абітурыентаў атрымліваць вышэйшую адукацыю па конкурсе бясплатна”, — сказаў прэзідэнт.

Ён заявіў, што тым не менш ёсць да чаго імкнуцца. “Сёння нам трэба знайсці адказ на пытанне, якой мы бачым адукацыю будучыні. Аб гэтым многія гавораць, прапануюц­ь новыя мадэлі. Часта ўсё зводзяць банальна да інфармацыйных тэхналогій. Я прыхільнік простай ідэі: не зможа ні цяпер, ні ў найбліжэйшай будучыні ніводны айцішнік, нават самы перадавы, накарміць, абуць і а­дзець лю­дзей, — сказаў Аляксандр Лукашэнк­а. — Так, сучасныя тэхналогіі могуць вывесці на новы ўзровень развіцця і сельскую гаспадарку, і вытворчасц­ь у прамысловасці. Таму я заўсёды гавару, што навучанне ІТ-спецыяльнасцям само па сабе прагрэсіўнае, але яно павінна быць на стыку рэальных галін. Нам патрэбны шыракапрофільныя спецыялісты, дзе ІТ — гэта натуральная кампетэнцыя”.

Прэзідэнт адзначыў, што стык ІТ-адукацыі і іншай — біялагічнай, хімічнай, эканамічнай і нават юрыдычнай — дасць сучаснага чалавека. “Але трэба падумаць над іншымі галіновымі модулямі, паглядзець на будучыню. Дапусцім, хімія плюс фізіка, біялогія плюс механіка або фізіка. Абмяркуйце, што яшчэ трэба, і прапануйце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што моладзь таксама хоча выбіраць асобныя модулі і элементы вучэбных праграм. “Трэба задаволіць іх запыт. Трэба пачуць іх і развівацца разам з жыццём, абапірацца на яго патрэбнасці”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер, у перыяд пандэміі, шмат мітусні ўзнікла вакол тэмы дыстанцыйнай адукацыі. “Для нас відавочным стала адставанне тых устаноў, дзе выкарыстанне гэтай формы навучання мела фармальны характар. Адны рабілі выгляд, што вучаць, а другія — што вучацца. Думаю, усе зрабілі высновы аб сваёй гатоўнасці або негатоўнасці ісці ў нагу з часам”,— заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што дыстанцыйная адукацыя павінна стаць адным з дапаможных элементаў. Але педагог, настаўнік, выкладчык, жывыя зносіны з імі былі і застануцца галоўнымі.

“Дыстанцыйнае навучанне не заменіць жывую лекцыю або зносіны ў студэнцкай групе, заняткі, на якіх адбываецца абмен не толькі ведамі, але і энергіяй, дзе моладзь асвойвае найважнейшыя ў жыцці навыкі: камунікабельнасць, здольнасць да публічных выступленняў, аргументаванага выкладання свайго пункту гледжання”, — сказаў прэзідэнт.

“І няхай тыя, якія мараць усю сістэму школьнай і вышэйшай адукацыі перавесці ў электронны фармат, растлумачаць, як можна дыстанцыйна навучыць будучага хірурга, асабліва на пачатковай стадыі, праводзіць аперацыі”, — адзначыў ён.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка сёння на сустрэчы Прэзідэн­та Беларусі з педагагічным актывам краіны расказаў пра адукацыйную парадыгму і ролю педагога, якая мяняецца, перадае карэспандэнт БелТА.

“У сучасным свеце адукацыя становіцца асноўнай умовай устойлівага развіцця дзяржавы, гарантам сацыяльнай стабільнасці, крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства. Дзякуючы павышанай увазе да сістэмы адукацыі кіраўніцтва краіны, прыняты меры, накіраваныя на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі. Кожнаму жыхару дадзена магчымасць атрымліваць адукацыю самага высокага ўзроўню, прычым у большасці выпадкаў бясплатна”, — сказаў міністр.

Па яго словах, істотна мяняецца ў лепшы бок змест адукацыі, яе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

Развіваюцца і дыстанцыйныя формы навучання. “Але ўсё ж яны не заменяць традыцыйныя заняткі ў ВНУ ці ўрокі ў школе. Камп’ютар не ўмее выхоўваць. Самае каштоўнае ў адукацыі — гэта жывыя зносіны. Менавіта яны спрыяюць станаўленню асобы, падрыхтоўцы яе да самастойнага жыцця”, — сказаў Ігар Карпенка.

Працягваецца работа па ўмацаванні канкурэнтаздольнасці нацыя­нальнай сістэмы адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы. “У сувязі з гэтым актыўна ўдасканальваецца нарматыўна-прававая база сістэмы адукацыі. На завяршальнай стадыі знаходзіцца праект стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, сфарміраваны пакет дакументаў для пашырэння сеткавай формы навучання, ідзе распрацоўка прафесійных і адукацыйных стандартаў новага пакалення”, — заявіў міністр.

У сучасных умовах істотна мяняецца і адукацыйная парадыгма, роля самога педагога. “Калі раней ён быў адной з асноўных крыніц ведаў, то зараз сур’ёзным канкурэнтам яму з’яўляецца інтэрнэт. Педагог, які працуе з дзецьмі, падлеткамі, моладдзю, павінен быць спецыяльна падрыхтаваны, добра ведаць каналы атрымання і апрацоўкі інфармацыі, асаблівасці яе ўспрымання моладдзю”, — адзначыў міністр.

З іншага боку, працягнуў Ігар Карпенка, часам назіраецца ўкараненне ліберальна-рыначных адносін у адукацыю, аднясенне яе выключна да сферы паслуг. “З такім падыходам нельга пагадзіцца, таму што сістэма адукацыі — гэта не бізнес-асяроддзе ў яго разуменні рыначнікамі, а інстытут сацыялізацыі моладзі, які забяспечвае не толькі навучанне, але і выхаванне асобы, фарміруе яе светапогляд і шырокую эрудыцыю”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

У сувязі з гэтым на ўсіх узроўнях адукацыі ўдзяляецца значная ўвага павышэнню выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў і дысцыплін, у першую чаргу сацыяльна-гуманітарнага цыкла.

“Таксама важна забяспечыць а­дзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі. Непрымальная пазіцыя бацькоў, якія самаўхіляюцца ад выхавання сваіх дзяцей, перакладаючы ўсё на плечы педагогаў”, — лічыць міністр.