Не спыняцца на дасягнутым

- 10:01Людзі адукацыі

Даволі часта можна пачуць, што сённяшнія выпускнікі школ неахвотна ідуць у педагогіку, а сярод маладых настаўнікаў шмат выпадковых людзей, учарашніх троечнікаў. Абывацельскія меркаванні падобнага кшталту лёгка аспрэчваюцца. Шматгадовая журналісцкая работа неаднаразова пераконвала, што ў школах працуе шмат захопленых маладых педагогаў, якія прыйшлі ў прафесію свядома і сыходзіць з яе не збіраюцца, бо знайшлі ў любімай настаўніцкай працы сваё прызванне. Сярод іх — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Валер’еўна Дзяйнека з брэсцкай сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована. За 4 гады прафесійнай дзейнасці актыўная і мэтанакіраваная дзяўчына дасягнула таго, чаго некаторыя не дасягаюць і за 10 гадоў.

— У школьныя гады надзвычай моцна запалі ў душу вершаваныя радкі Анатоля Вярцінскага: “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…”, — расказвае Вольга Валер’еўна. — Думаю, гэтыя словы вельмі добра характарызуюць сутнасць педагагічнай дзейнасці. Мне пашанцавала, бо на жыццёвым шляху не сустрэла ніводнага “выпадковага” настаўніка: ні ў роднай сярэдняй школе № 3 Кобрына, ні на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе разам з вышэйшай адукацыяй атрымала ступень магістра філалагічных навук. Да гэтага часу з асаблівай цеплынёй успамінаю класнага кіраўніка Галіну Яўгенаўну Ромац, педагагічнаму майстэрству і актыўнасці якой застаецца толькі здзіўляцца. Пра такіх кажуць: “Настаўнік ад Бога”. Многаму навучыла і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Аляксандраўна Карунас, якая не толькі захоплена расказвала пра беларускую культуру і этнаграфію, але і ладзіла цікавыя майстар-класы з удзелам народных майстрых. Педагог арганізавала школьны этнаграфічны музей “Спадчына”, пры якім дзейнічаў гурток, разам з вучнямі збірала экспанаты, распрацоўвала і праводзіла экскурсіі, удзельнічала ў конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Поспех быў неверагодны! З глыбокага разумення сутнасці ладу жыцця нашага народа і пачаўся мой шлях да беларускай мовы і літаратуры. Прафесію выбрала ўсвядомлена і, спадзяюся, на ўсё жыццё.

Вольга Валер’еўна — з педагагічнай сям’і. Бабуля і дзядуля працавалі настаўнікамі працоўнага навучання. З дзяцінства будучы педагог бачыла, як яны аддавалі сябе вучням. Вельмі любіла час ад часу зазірнуць у дамашнюю скрыначку, дзе захоўвалася вельмі дарагая дзядулева ўзнагарода — нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”.

— Нават у самыя цяжкія хвіліны думкі пра няправільны прафесійны выбар мяне не наведваюць, — прызнаецца В.В.Дзяйнека. — Цяжкасці ёсць у любой дзейнасці, асабліва калі працуеш з людзьмі. Настаўнік — гэта творца, вынікам працы якога павінен стаць шэдэўр — выхаваны, адукаваны і справядлівы чалавек. Педагогі — шчаслівыя людзі, бо, дзякуючы дзецям, заўсёды адчуваюць маладосць душы.

Вольга Валер’еўна лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць прафесіяналам, які любіць свой прадмет, добра разбіраецца ў псіхалогіі, методыцы і педагогіцы, пастаянна ўдасканальвае веды.

— Дзецям падабаюцца цікавыя, актыўныя і неардынарныя педагогі, — гаворыць В.В.Дзяйнека. — Вучні хочуць бачыць у настаўніку добразычлівага чалавека, які выслухае, параіць, дапаможа. Мы жывём у зменлівым свеце, таму педагогу трэба паспяваць за гэтымі зменамі, інакш станеш несучасным. За гады работы зразумела, наколькі важна адчуваць сябе з вучнямі на адной хвалі. І справа не ў невялікай розніцы ва ўзросце, а ў тым, што малады педагог можа стаць сябрам, дарадчыкам і надзейнай апорай для сваіх выхаванцаў. Агульную мову можна знайсці з любымі дзецьмі, якія бачаць, што настаўнік валодае жывымі пачуццямі і эмоцыямі, здольны суперажываць і падтрымліваць. Тады адлегласць паміж педагогам і вучнем скарачаецца. Заўважаю вельмі прыемную тэндэнцыю: дзеці не баяцца памыляцца, выходзіць да дошкі, каб патрэніравацца над незразумелымі момантамі новай тэмы ўрока. Памылкі будуць, але іх трэба вучыцца выпраўляць, прычым самастойна. Гэта выдатна матывуе вучняў, бо наступны раз ім захочацца ўсё зрабіць бездакорна, што вымагае дадатковай работы над сабой і прадметам. Такі спосаб матывацыі дзейнічае толькі тады, калі сам настаўнік не баіцца сказаць дзецям, што сумняваецца ў чым-небудзь. А такое бывае, асабліва ў маладых педагогаў. Часта спрабую разабрацца ў цяжкіх пытаннях мовы і літаратуры разам з вучнямі, паказваю, што давяраю ім.

На думку Вольгі Валер’еўны, поспех настаўніка пачынаецца з якаснага ўрока. Вялікае дасягненне — гэта даступны, інфарматыўны і выніковы ўрок. Нават маленькая дэталь можа зрабіць яго сучасным, арыгінальным і непадобным да іншых. Каб зрабіць урокі цікавымі, настаўніца звяртаецца да адукацыйных сэрвісаў Web 2.0, дзякуючы якім дзеці выконваюць заданні праз інтэрнэт і дасылаюць адказы педагогу, QR-кодаў, тэстаў, інтэрактыўнай платформы Learning Apps, на базе якой распрацоўвае ўласныя заданні.

— Зусім па-іншаму педагагічная прафесія раскрываецца, калі ты не проста настаўнік, а яшчэ і класны кіраўнік, — заўважае Вольга Валер’еўна. — Тады разумееш, што ёсць адна сям’я, куды ўвахо­дзяць вучні, іх бацькі і педагог. Імкнуся зацікавіць дзяцей экскурсіямі, новымі гульнямі, імпрэзамі, паездкамі на прыроду, падарожжамі па гарадах Беларусі.

В.В.Дзяйнека актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным руху, узначальвае Савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста, дзейнасц­ь якога накіравана на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, замацаванне кадраў.

Выхаванцы Вольгі Валер’еўны — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, раённых і абласных конкурсаў даследчых работ школьнікаў, Рэспубліканскага конкурсу “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”, раённай прадметнай алімпіяды сярод вучняў 5— 6 класаў, раённага конкурсу чытальнікаў сярод вучняў 5—7 класаў. Малады педагог займаецца з дзецьмі навукова-пошукавай дзейнасцю, развівае іх пазнавальную цікавасць, рыхтуе старанных і ўдумлівых даследчыкаў беларускай мовы і літаратуры.

Добрасумленная і выніковая праца Вольгі Валер’еўны адзначана Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. В.В.Дзяйнека — пераможца сёлетняга абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.

Спыняцца на дасягнутым Вольга Валер’еўна не збіраецца, бо імкнецца стаць прафесіяналам сваёй справы. У гэтым мэтанакіраванага педагога ўсяляк падтрымлівае і заахвочвае дырэктар школы Г.П.Валынец, якая ўважліва ставіцца да маладых кадраў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.