Пра Паўліну Мядзёлку многія з нас ведаюць, на жаль, вельмі мала. Муза Купалы, адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе класіка… Але ж нездарма імя гэтай жанчыны ў 1993 годзе было прысвоена Будслаўскай сярэдняй школе Мядзельскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Паўліна Вінцэнтаўна — так паважліва называюць сваю знакамітую зямлячку педагогі. У Будславе яна нарадзілася, была ахрышчана ў славутым храме, сюды вярнулася пасля смерці бацькі, каб даглядаць хворую маці. Менавіта на роднай зямлі Паўліна Вінцэнтаўна спачыла роўна 50 гадоў назад — 13 лютага 1974 года. Надмагільны помнік упрыгожваюць наступныя словы: “Заслужаны дзеяч культуры БССР”. Праўдзіва, але занадта сціпла. Цудоўна дапоўнілі б эпітафію і такія словы: “З любоўю і павагай выдатнаму педагогу ад землякоў”.
Справа ў тым, што з 1947 па 1957 год яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе. Пасля сыходу на пенсію працягвала актыўную педагагічную, культурную дзейнасць. У мясцовым клубе кіравала хорам, стварыла самадзейны тэатр, у рэпертуары якога, канечне, была і “Паўлінка”.
— Сярод даследчыкаў творчасці Купалы нярэдка ўзнікаюць спрэчкі, хто ж першым выканаў ролю Паўлінкі. Некаторыя лічаць, што гэта была Соф’я Маркевіч. Хаця сама Паўліна Вінцэнтаўна сцвярджала, што ўпершыню п’еса была пастаўлена не ў Вільні, а ў Пецярбургу, дзе Янка Купала прачытаў яе на адной са студэнцкіх творчых вечарын. Выконваць галоўную ролю і было даручана Паўліне Мядзёлцы. Як бы там ні было, можна смела сцвярджаць, што наша зямлячка была адной з першых выканальніц галоўнай ролі і, безумоўна, самай яркай, харызматычнай з усіх пакаленняў сцэнічных Паўлінак, — падзяліўся кіраўнік школьнага краязнаўчага музея настаўнік англійскай мовы Лявон Грыбовіч.
Паўліна Вінцэнтаўна і ў жыцці была неардынарнай асобай, а для свайго часу ў нечым і дзіўнай. Лявон Уладзіміравіч працягвае аповед:
— Яна вяла асаблівы лад жыцця, не такі, як у многіх сялян. Гаспадаркі вялікай не трымала, затое любіла вырошчваць кветкі, асабліва ружы, гладыёлусы. Любіла часта прагульвацца па вясковай вуліцы, нібы па гарадскім парку. Іграла на піяніна, гітары, была сапраўдным цэнтрам працяжэння для дзеячаў культуры.
Вернемся да прафесійных якасцей Паўліны Вінцэнтаўны. Нягледзячы на строгасць, яна была справядлівай, давала трывалыя веды. Вяла нават асобны сшытак, дзе пазначала прозвішчы вучняў і памылкі, якія яны дапускаюць. Цікава, ці робіць так хто-небудзь з сённяшніх настаўнікаў? Да работы заўсёды ставілася адказна, сумленна. Паўліна Вінцэнтаўна была дысцыплінаванай, пунктуальнай, цудоўна ўсведамляла, што проста не можа дазволіць сабе мець дрэнную рэпутацыю, бо яе жыццё навідавоку ў землякоў, ды і асобай яна была вядомай.
Намеснік дырэктара Н.М.Лукашонак з партрэтам Паўліны Вінцэнтаўны, зробленым у Будславе ў 1958 г.
Паўліна Мядзёлка сябравала з многімі пісьменнікамі. Пералічваць іх няма сэнсу — гэта практычна ўсе імёны школьнай праграмы па беларускай літаратуры пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя. Адзначым толькі адзін факт: пасля смерці Паўліны Вінцэнтаўны Уладзімір Караткевіч нярэдка прыязджаў да яе на магілу, сустракаўся з будслаўцамі. Найбольшай таямніцай авеяны яе адносіны з Янкам Купалам.
— Пра іх сяброўства, узаемаадносіны варта сказаць асобна. Вакол гэтай тэмы з часам узнікла шмат плётак, няпраўды. Многія прыпісваюць ім занадта блізкую сувязь. Так, яна натхняла паэта. І менавіта ёй, як адзначаюць даследчыкі, ён прысвяціў паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, шэраг вершаў. Многія думалі, што яны ажэняцца. Але, ці Іван Дамінікавіч не пагадзіўся, ці Паўліна Вінцэнтаўна адмовілася, сказаць складана. Вядома толькі, што Паўліна Мядзёлка аднойчы сустракалася з яго мамай, доўга гутарыла, а Бянігна Іванаўна потым гаварыла са шкадаваннем: “Чаму ж яны не ажаніліся? Такой бы добрай парай былі”, — паведаміў кіраўнік музея.
Калі біяграфію Янкі Купалы мы добра ведаем яшчэ са школы, то пра жыццё Паўліны Мядзёлкі варта расказаць падрабязней. Падчас польскай акупацыі яна жыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі, была актыўнай удзельніцай падпольнага руху, за што яе арыштавалі акупацыйныя ўлады і змясцілі ў гродзенскую турму. У 1925 годзе Паўліна Вінцэнтаўна пераехала ў БССР. Працавала ў Інбелкульце, вучыла беларускай мове ў Клімавічах, была выкладчыцай кафедры беларусазнаўства ў знакамітай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
А.С.Ланец знаёміць з гардэробам Паўліны Мядзёлкі. У знакамітай жанчыны быў строгі дзелавы стыль адзення
З восені 1932 года настаўнічала ў Маскве. У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны працавала на ўзвядзенні абарончых умацаванняў вакол сталіцы СССР. Абмарозіла рукі, што адбілася на яе далейшым здароўі. Узнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. Калі разглядаеш фотаздымкі гэтай далікатнай жанчыны, то складана ўявіць яе з рыдлёўкай у руках, ды яшчэ ў мароз. Але яна была менавіта такой — інтэлігентнай знешне і ў паводзінах, але калі трэба, то не цуралася цяжкай фізічнай працы.
Алена Святаславаўна Ланец, дырэктар Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі, гаворыць:
— Для нас, педагогаў, Паўліна Вінцэнтаўна — гэта прыклад сапраўднага прафесіянала. Яе строгасць, справядлівасць, адказнае стаўленне да настаўніцкай працы сумяшчаліся з душэўнай дабрынёй. Да таго ж яна была эрудзіраваным чалавекам, прыемнай суразмоўніцай і, безумоўна, харызматычнай асобай. Дастаткова паглядзець на яе фотаздымкі ў розныя перыяды жыцця. Мне імпануе яе любоў да малой радзімы. Такая вядомая жанчына магла жыць, скажам, у Мінску, прывезці туды сваю старую маці і там даглядаць яе. Але яна вырашыла жыць у Будславе, што не перашкаджала ёй весці насычанае жыццё.
Нарадзілася Паўліна Вінцэнтаўна 12 верасня 1893 года. У пачатку кожнага навучальнага года ў школе традыцыйна праходзяць дні яе памяці. Разам з вучнямі мы робім тэатралізаваныя пастаноўкі, праводзім урокі ў школьным музеі, інфармацыйныя гадзіны. Сабраны ў музеі матэрыял выкарыстоўваем для напісання навукова-даследчых работ (напрыклад, па беларускай літаратуры — “Жаночыя вобразы ў творчасці Янкі Купалы”), распрацоўкі экскурсійных маршрутаў. У памятных мерапрыемствах традыцыйна задзейнічаны ўсе вучні і настаўнікі, асабліва дапамагае Лявон Уладзіміравіч Грыбовіч.
Таксама далучаюцца сельскі клуб, бібліятэка. Пры будслаўскай бібліятэцы дзейнічае гурток “Крынічка”, якім кіруе Галіна Сцяпанаўна Аксючыц. На працягу многіх гадоў яна ставіць з нашымі вучнямі тэатралізаваныя пастаноўкі. Актыўна гэтай справай займалася і наша калега Яніна Вацлаваўна Дземідовіч, якая цяпер на заслужаным адпачынку. Нядаўна ў Мінску на працягу месяца ў гасцёўні Уладзіслава Галубка выстаўляліся экспанаты нашага музея, якія расказваюць пра жыццё Паўліны Мядзёлкі.
Па ўспамінах будслаўцаў, Паўліна Мядзёлка вяла актыўны лад жыцця. Калі выйшла на пенсію, то часта пасля смерці маці ездзіла ў Маскву да сяброў. Па некалькі месяцаў жыла там, а летам запрашала іх на сваю малую радзіму.
— Яе знешнюю прыгажосць цудоўна дапаўняла прыгажосць душэўная. Таму людзі цягнуліся да яе. Да таго ж Паўліна Вінцэнтаўна была чулым чалавекам. Яна, напрыклад, перажывала, што сельскія вучні не ўмеюць іграць на музычных інструментах, а ў яе доме стаіць піяніна. Каб яно прыносіла карысць, праводзіла для школьнікаў музычныя заняткі. Яшчэ ў яе быў фільмаскоп з дыяфільмамі. Часта арганізоўвала мультсеансы для вучняў, але гэтае права ім трэба было заслужыць выдатнай вучобай, добрымі паводзінамі. Яна любіла дзяцей, хоць сваіх у яе і не было. І дзеці адказвалі ёй узаемнасцю. Паўліна Вінцэнтаўна была педагогам ад Бога, — падзяліўся Лявон Уладзіміравіч.
Сёння пра жыццё Паўліны Мядзёлкі нагадваюць не толькі яе асабістыя рэчы, якія захоўваюцца ў асобным раздзеле школьнага краязнаўчага музея (акрамя адзення, гэта пісьмовы стол, кнігі, фотаздымкі, сшыткі, гітара, гадзіннік і інш.), але і дуб, пасаджаны ёй у Будславе. Дрэва ўжо даўно разраслося і сваімі магутнымі галінамі, здаецца, абдымае неба. Калі прыедзеце ў Будслаў летам, абавязкова падыдзіце да дрэва. У яго цені добра адпачыць ад спёкі, а ціхі пошум лістоты нібыта нагадае вам пра лёс цікавай жанчыны…
Асабіста для мяне Паўліна Вінцэнтаўна з’яўляецца прыкладам моцнай жанчыны. Нягледзячы на складаны лёс, яна змагла захаваць душэўную прыгажосць, чалавечнасць, любоў да жыцця і людзей.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара