Некалькі дзясяткаў радыёкіруемых мадэляў самалётаў, планёраў разнастайных мадыфікацый і ракет узляцелі ў паветра на III гарадскім фестывалі авіямадэляў “Магілёўскае неба”, прысвечаным 750- годдзю абласнога цэнтра.
Сведкамі захапляючага відовішча, арганізаванага ўпраўленнем адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама і шматпрофільным цэнтрам “Юнацтва”, сталі больш за паўтысячы гледачоў — выхаванцы гурткоў тэхнічнай творчасці, навучэнцы магілёўскіх устаноў адукацыі, іх бацькі і педагогі.
Сваё майстэрства прадэманстравалі падлеткі з Магілёва, Быхава і Глуска, якія на працягу года стваралі авіямадэлі і вучыліся імі кіраваць. Пятля Несцерава, “бочка”, “штопар”, “спліт”, пераварот Імельмана, кубінская васьмёрка і іншыя складаныя элементы пілатавання навучэнцы засвоілі на выдатна. Больш за тое, на радасць назіральнікам яны арганізавалі сапраўдны паветраны бой, які патрабуе немалога прафесіяналізму нават ад вопытных авіямадэлістаў.
— Падрыхтоўка пілотаў радыёкіруемых мадэляў у нашым аб’яднанні па інтарэсах больш чым сур’ёзная, бо на будаўніцтва аднаго такога самалёта патрабуецца да трох гадоў, а разбіць яго можна за некалькі хвілін, — адзначае педагог дадатковай адукацыі Магілёўскага шматпрофільнага цэнтра “Юнацтва” Андрэй Жукаў. — Перад тым, як юны авіямадэліст самастойна возьме ў рукі пульт кіравання, ён больш чым паўгода прызвычайваецца да свайго лятальнага апарата, вучыцца трымаць яго ў паветры. Каб падрыхтаваць пілота, мы спачатку выкарыстоўваем камп’ютарны трэнажор-сімулятар, а затым ужо выходзім на адкрытую прастору і адпрацоўваем сістэму “трэнер — вучань”, калі адзін самалёт звязаны для падстрахоўкі двума пультамі кіравання.
Па словах суразмоўцы, забыць той драйв і адрэналін, якія ахопліваюць пілота падчас такіх палётаў, немагчыма нават праз некалькі гадоў. Таму многія, хто прыходзіць у авіямадэльны гурток у маленстве, застаюцца там назаўсёды. Дарэчы, гэтае захапленне ўплывае і на выбар прафесіі. Так атрымалася з будучым інжынерам-электрыкам студэнтам 1 курса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Мікітам Белагубавым, які трапіў да Андрэя Жукава ў 5 класе.
— Авіямадэляванне для мяне — гэта хобі ўсяго жыцця, — з захапленнем расказвае Мікіта. — Таму і прафесію звязаў з любімай справай, бо ў будаўніцтве самалётаў пастаянна сутыкаешся з вялікай колькасцю разнастайнай электронікі, электрарухавікамі, рэгулятарамі… Паглыбленыя веды па фізіцы — якраз тое, што трэба. Акрамя таго, у прыярытэце — работа рукамі: трэба намаляваць чарцёж, зрабіць па ім макет, “ажывіць” сваю мадэль.
Дарэчы, сабраць радыёкіруемы самалёт можна амаль што з падручнага матэрыялу: добра, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта хутка і адносна танна. Так, усё неабходнае можна лёгка знайсці ў найбліжэйшым будаўнічым магазіне. Але калі раней хадавымі матэрыяламі былі дрэва, папера і плёнка, зараз авіямадэлісты купляюць пенаплекс, экструдзіраваны пенапласт і эпаксідныя смолы. Прагрэс не стаіць на месцы, адзначаюць аматары.
З авіямадэльнага аб’яднання па інтарэсах шматпрофільнага цэнтра “Юнацтва” за апошнія дзесяць гадоў выйшла больш за сто выхаванцаў. Адны з іх працягваюць займацца ў гуртку, другія — вучаць гэтай цікавай справе іншых. Але нельга сказаць, што захапленне радыёкіруемымі самалётамі — проста баўленне вольнага часу. Мабыць, многія здзівяцца, але пасля трох гадоў падрыхтоўкі юнакі ўяўляюць сабой гатовых кіроўцаў беспілотных лятальных апаратаў. Такія спецыялісты патрэбны не толькі ў арміі, але і ў разнастайных сілавых структурах.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.