Нефармальныя сустрэчы

- 10:57Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Эфектыўныя прыёмы выкладання і арганізацыйна­-кіраўнічыя аспекты падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ і ЦТ сталі прадметам абмеркавання ў Хойніцкім раёне.

Адкрытыя ўрокі і майстар-класы далі ўдзельнікі семінара-акцыі “Пераможцы конкурсу “Настаўнік года” — педагагічнай грамадскасці”. Вопытам падзяліліся настаўнікі-метадысты, пераможцы розных этапаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, члены клуба “Зорнае крыло”. 

Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко адзначыла, што ў Хойнікі прыехалі настаўнікі, чый вопыт атрымаў высокую экспертную ацэнку на рэспубліканскім узроўні: “Тое, што робяць лаўрэаты і пераможцы конкурсу “Настаўнік года” — гэта высакакласны метадычны прадукт. Амаль усе з іх — настаўнікі-метадысты. Многія — выдатнікі адукацыі. Яны паказваюць урокі, на якія трэба раўняцца ўсім”.

Цікавасць выклікалі ідэі выкарыстання Telegram-канала, прыёмаў “Кластар”, “Пакаванне правіл”, візуалізацыі для эфектыўнай пад­рыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ і ЦТ. Трэнер абласной зборнай па працоўным навучанні Дзмітрый Доў­нар, працуючы з дзевяцікласнікамі, прадставіў мадэль падрыхтоўкі да алімпіяд. Кожны са школьнікаў паспеў сканструяваць з паперы свой арыгінальны кухонны прыбор. 

На ўроку англійскай мовы настаўніца сярэдняй школы № 14 Мазыра Галіна Кебец змагла ўклю­чыць навучэнцаў у камунікатыўную сітуацыю. Яна заўважыла: “Трэба зрабіць так, каб дзеці загаварылі на першых мінутах урока (у сярэдзіне будзе складана сябе пераадолець). Усім прыйшлося аднолькава паўдзельнічаць. Калегі пагадзіліся, што ўсё было дынамічна і прадумана. Для сябе яны адзначылі, што прыйшлося ўсе 45 мінут быць у тонусе”.

Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 9 Светлагорска Святлана Міцкевіч пераканана, што яе прадмет больш за ўсё развівае логіку і менавіта ён  самы цікавы: “Галоўнае — знайсці з дзецьмі агульную мову, а потым яны будуць ісці за табой. Важна было паказаць настаўнікам, што з дзецьмі трэба  супрацоўнічаць і тады будзе вынік. На жаль, было мала часу, таму калегі папрасілі запісаць відэа, па якім змогуць азнаёміцца з маёй сістэмай глыбей”. 

Пераможцу конкурсу “Настаўнік года — 2020” настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзіма Лосева пазнавалі адразу, і на ўрок да яго прыйшлі не толькі калегі, але і настаўнікі самых розных прадметаў. Практыкаарыентаванасць Алег Вадзімавіч бярэ за аснову свайго ўрока. На пачатку заняткаў ён задае пытанні: навошта нам гэта спатрэбіцца ў жыцці, пры выбары прафесіі, у будучыні?

 

Чытайце матэрыял Ірыны Асташкевіч у нумары ад 6 снежня 2022 года.