Непераможная і легендарная

- 17:14Нам пішуць

Пад такой назвай прайшла з 13 па 23 лютага ў Зенькавіцкім дзіцячым садзе — базавай школе імя А.І.Якімовіча Уздзенскага раёна дэкада ваенна-патрыятычнай работы, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У рамках дэкады было праведзена шмат выхаваўчых мерапрыемстваў. Урок мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму “Афганістан — наша памяць і боль” да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў падрыхтавалі вучні 9 класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Л.М.Тоўстай. Сумны вынік афганскай вайны — тысячы забітых, параненых, прапаўшых без вестак. Былі сярод іх і нашы землякі — У.Астравух, А.Мыслівец, М.Дурнеў. Дзеля памяці аб загінуўшых была запалена свечка і аб’яўлена хвіліна маўчання. Удзельнікі ўрока мужнасці ў знак падтрымкі міру на Зямлі прымацавалі да выявы планеты белых галубоў.

У спартыўна-забаўляльнай гульні “Да абароны Айчыны гатовы”, якая праходзіла ў шосты школьны дзень 18 лютага, хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі спрыт, вытрымку, кемлівасць падчас удзелу ў спартыўных выпрабаваннях. За перамогу змагаліся каманда дзяўчынак і каманда хлопчыкаў. У выніку перамагла каманда хлопчыкаў. Гэта і не дзіўна: падрастаюць надзейныя абаронцы Айчыны, якія радуюць сваімі спартыўнымі дасягненнямі настаўніка фізічнай культуры і здароўя І.В.Базаву.

21 лютага адбылася тэматычная інфармацыйная гадзіна да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Нашы абаронцы”. Вядучыя, вучаніцы 9 класа, эмацыянальна расказалі аб гісторыі ўзнікнення свята, аб гістарычных асобах, якія ўнеслі ўклад у развіццё Узброеных Сіл. Аповед суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Вучаніцы 2—9 класаў чыталі на памяць вершы — віншаванні для будучых салдат, словы ўдзячнасці ўсім, хто на варце Айчыны. Напрыканцы інфармацыйнай гадзіны дзяўчынкі малодшых класаў падарылі ўсім прысутным хлопчыкам віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Завяршыла ўрачыстаць І.П.Рамановіч, якая і падрыхтавала інфармацыйную гадзіну, словамі: “Віншуем вас — салдаты нашага шчасця і бяспекі. Мы верым у вас! Няхай наша неба будзе заўсёды мірным. Каб вы назіралі толькі залпы святочнага салюта! З надыходзячым святам!”.

23 лютага святочны дзень пачаўся з урачыстай лінейкі, якую падрыхтавалі дзяўчынкі для ўсіх хлопчыкаў і юнакоў, якія вучацца ў нашай установе, і мужчын, якія тут працуюць. Яшчэ ў гэты дзень для вучняў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня, прайшла клубная гадзіна-гульня “Падарожжа па прафесіях нашых татаў” і фізкультурная забава “Дзень таты” для выхаванцаў установы адукацыі. На працягу дэкады дзейнічала выстава “Вайна. Перамога. Памяць”, вучні прымалі ўдзел у калектыўнай творчай справе “Падарунак для таты”.

Эла ШАБАН,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Зенькавіцкага дзіцячага сада — базавай школы імя А.І.Якімовіча Уздзенскага раёна.