Пра друкаваную кнігу

- 10:23Навіны рэгіёнаў

Вучні 5 класа сярэдняй школы № 4 Слоніма сталі ўдзельнікамі тыдня, прысвечанага друкаваным кнігам.

Сёння кожны з нас праводзіць шмат часу за камп’ютарам, планшэтам ці тэлефонам. Кнігі знаходзяць у інтэрнэце і чытаюць з экранаў камп’ютараў. Друкаваныя выданні як бы адыходяць на другі план, аддаючы перавагу электронным варыянтам, таму было вырашана правесці шэраг мерапрыемстваў, непасрэдна звязаных з друкаванымі кнігамі. За тыдзень вучні разам з класным кіраўніком наведалі музей кніг у Жыровіцкім манастыры і музей беларускіх пісьменнікаў, сталі ўдзельнікамі класнай гадзіны па тэме “Мая любімая кніга”.

У Жыровічах вучням расказалі пра гісторыю кніг, а таксама паказалі, як яны выглядалі раней. Дзяцей вельмі зацікавілі памеры старых Біблій і іх пераплёт. Усім хацелася ўзяць кнігі ў рукі і адчуць, наколькі яны цяжкія. Таксама вучням нагадалі, што кнігі раней пісалі ад рукі і што гэта была цяжкая праца.

У музеі беларускіх пісьменнікаў, які знаходзіцца ў раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа, навучэнцам расказалі пра жыццё Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча і яго творы. Потым вучні пазнаёміліся з творчасцю пісьменнікаў Слонімшчыны. Адразу пасля экскурсіі амаль усе вучні з вялікай ахвотай запісаліся ў бібліятэку і ўзялі кнігі для чытання.

Тыдзень, прысвечаны друкаваным кнігам, завяршыўся класнай гадзінай, на якой адбылася прэзентацыя “Мая любімая кніга”. Кожны прынёс сваю любімую кнігу і расказаў яе змест, а самае галоўнае, расказаў, чаму яна з’яўляецца любімай. У канцы класнай гадзіны ўсе паабяцалі, што будуць аддаваць перавагу друкаваным кнігам.

Вольга БУЙКО,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Слоніма.