Нетрывіяльна, дынамічна, інтэрактыўна

- 11:31Адукацыйная прастора

У практыцы настаўнікаў замежнай мовы ўсё актыўней выкарыстоўваюцца лічбавыя інструменты, перавага якіх відавочная. Яны дазваляюць індывідуалізаваць і дыферэнцыраваць навучанне, ажыццяўляць кантроль за навучэнцамі пры наяўнасці імгненнай зваротнай сувязі, забяспечваць самакантроль пры выкананні тых ці іншых заданняў з правядзеннем самакарэкцыі дзейнасці, скараціць час выканання вучэбных заданняў і інш. Пра гэта ішла гаворка на Адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”, арганізаванай Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, дзе педагогі падзяліліся эфектыўным вопытам работы.

Платформа відэаадказаў

Для настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 51 Мінска Ірыны Баярэвіч найбольшую цікавасць уяўляе арыгінальная тэхналогія Flipgrid, якая прадастаўляе новы спосаб аддаленага ўзаемадзеяння з класам, падагравае ў вучняў дапытлівасць і ў той жа час забяспечвае зваротную сувязь з імі.

Flipgrid — платформа для відэааб’яў, якая дазваляе навучэнцам і педагогам запісваць відэаадказы працягласцю ад 15 да 90 секунд. Школьнікі могуць запісваць відэа на сваіх камп’ютарах або мабільных прыладах. Пасля рэгістрацыі настаўніца стварае сваю сетку, дзе збірае невялікія відэапаведамленні навучэнцаў. Сетка — гэта супольнасць класа. Кожную сетку педагог стварае паасобку, па класах. Унутры супольнасці яна вызначае тэму для абмеркавання (разважанні, прэзентацыі, сумесная работа па праекце). Кожнай сетцы прысвойваецца свой код, які рассылаецца навучэнцам, у тым ліку і створаны настаўніцай пароль. Вучні ўваходзяць у анлайн-пакой, могуць, акрамя відэа, напісаць невялікае паведамленне, якому папярэднічае загаловак, што будзе адлюстраваны на галоўнай старонцы. Кожны з вучняў, зайшоўшы ў класны пакой, можа запісаць сваё кароткае відэа, якое будзе размешчана ў табліцы. Акрамя запісу, вучні даюць спасылкі на іншыя рэсурсы, у тым ліку і відэа. Перад настаўнікам адкрываецца поўная карціна актыўнасці навучэнцаў. Кожнае са створаных відэа таксама атрымлівае свой код. На любое з відэа педагог можа пераслаць спасылку або размясціць яго на сайце, ведаючы пароль для доступу. У такім інфармацыйным прадукце ўбудаваны некалькі ўзроўняў бяспекі, што спрыяе канфідэнцыяльнай рабоце з сэрвісам.

Flipgrid простая ў выкарыстанні, таму што навучэнцам не патрэбны ўліковыя запісы, аднак, калі яны не маюць кода для сеткі, то не могуць атрымаць доступ да матэрыялаў. Настаўніца адсочвае відэа па меры іх публікацыі і пры неабходнасці ўмешваецца, калі хто-небудзь з навучэнцаў выкарыстоўвае гэты інструмент неналежным чынам.

— Для ўрока англійскай мовы Flipgrid адкрывае вялікія адукацыйныя магчымасці, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Пры вывучэнні якой-небудзь тэмы ў класе далёка не ўсе вучні могуць выказацца, каб замацаваць атрыманыя навыкі. Дома яны запісваюць відэапаведамленне па тэме, праекце, якія вывучаюцца, і прымацоўваюць іх да сеткі класа. Яны здымаюць невялікае відэа: гатаванне нацыянальнай стравы, аповед аб славутасцях свайго горада, наведванне музея ці выставы. Навучэнцы выказваюць сваё меркаванне аб прачытанай кнізе, аб тым ці іншым літаратурным героі або гістарычнай асобе. Матэрыялы збіраюцца ў адну тэму, што дазваляе атрымаць разнастайнасць меркаванняў і рашэнняў. Навучэнцы публікуюць агляд таго, якія кнігі яны прачыталі па заданні настаўніка ці чым самі зацікавіліся. Запіс кароткіх відэапаведамленняў дапамагае дзецям лаканічна фармуляваць рэзюмэ. Агляд кніг можа зацікавіць і іншых навучэнцаў. Прагляд кінафільмаў таксама не хаатычны, а з кароткай відэапублікацыяй сваіх уражанняў. Flipgrid дазваляе ствараць міні-праекты, бліцрэпартажы. Збіраецца вялікая палітра кароткіх відэа. Вучні могуць параўноўваць праекты, павучыцца адно ў аднаго. Выкарыстанне ў сваёй педагагічнай практыцы такой арыгінальнай тэхналогіі дазваляе мне прызначаць усяму класу або асобным вучням відэасустрэчы па вывучэнні прапушчаных тэм.

Flipgrid не мае прадметнай накіраванасці. Усё залежыць ад ідэй, творчасці настаўніка. На думку І.У.Баярэвіч, Flipgrid мэтазгодна выкарыстоўваць на ўроках замацавання і сістэматызацыі ведаў навучэнцаў. Сістэматызацыя і візуальнае адлюстраванне вучэбнай інфармацыі пры дапамозе тэхналогіі відэазвароту з навучэнцамі не толькі спрыяе фарміраванню ў іх навыкаў самаадукацыі, дае магчымасць хутка прайграць матэрыял, але і дазваляе настаўніку ацаніць ступень засваення вучэбнага матэрыялу і вырашыць шэраг педагагічных ­задач: інтэнсіфікацыя навучання, актывізацыя вучэбнай пазнавальнай дзейнасці, фарміраванне і развіццё крытычнага і візуальнага мыслення, павышэнне візуальнай пісьменнасці і культуры навучэнцаў.

Нясумнае апытанне

Для арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці навучэнцаў, адукацыйны працэс якіх праходзіць за межамі школы, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 84 Мінска Вольга Вазнюк прымяняе лічбавы інструмент MyQuiz.

— Аўтарам названага дадатку ўдалося стварыць універсальны варыянт правядзення такой формы кантролю, як апытанне, з дапамогай якога настаўнік можа атрымаць інфармацыю пра тое, як навучэнцы засвойваюць вучэбны матэрыял, якія цяжкасці адчуваюць, што выклікае пытанні. Характэрна, што дадатак можа быць выкарыстаны настаўнікам любога вучэбнага прадмета і на любым этапе ўрока. Адзінай умовай з’яўляецца наяўнасць доступу ў інтэрнэт як пры стварэнні віктарыны, так і пры выкананні заданняў, — тлумачыць Вольга Іванаўна.

Распрацоўшчыкі MyQuiz максімальна спрасцілі работу ў праграме. Стварэнне тэста ў дадатку не патрабуе асаблівых намаганняў, ведаў і навыкаў з боку настаўніка. Навучэнцы без папярэдняй рэгістрацыі атрымліваюць ад педагога ўнікальны код, з дапамогай якога мо­гуць увайсці ў дадатак і прайсці апытанне. Вольга Іванаўна загадзя рыхтуе спіс пытанняў па пэўнай тэматыцы, прызначае час пачатку і заканчэння апытання (гульні), вызначае часавыя рамкі для адказу на канкрэтнае пытанне. Да кожнага такога пытання ёсць магчымасць прымацаваць фота, даць тлумачэнні, дадаць варыянты адказаў. Пасля выканання ўсіх заданняў вынікі ўдзельнікаў віктарыны адлюстроўваюцца на экране, лепшыя ўзнагароджваюцца прызамі ў выглядзе наклеек з зоркамі і кубкамі. Адначасова прыняць удзел можа неабмежаваная колькасць удзельнікаў. Настаўніца аналізуе, як справіліся навучэнцы з заданнем, якія памылкі дапусцілі.

— Праціўнікі дыстанцыйнага навучання могуць сцвярджаць, што праводзіць апытанне такім чынам не заўсёды вынікова, бо яно не ў поўнай меры дазваляе вы­значыць глыбіню засвоенага матэрыялу. Больш за тое, падчас выканання заданняў навучэнцы могуць выкарыстоўваць дадатковыя крыніцы інфармацыі, напрыклад: кнігу, інтэрнэт, даведнік і інш., — заўважае В.І.Вазнюк. — У той жа час справядлівым будзе той факт, што MyQuiz з’яўляецца толькі дадаткам, памочнікам або адным са спосабаў арганізацыі самаправеркі навучэнцаў, не замяняючы пры гэтым рэальнага настаўніка. Выкарыстанне любога лічбавага інструмента ў працэсе навучання мае сваёй мэтай палепшыць якасць выкладання, спрыяе фарміраванню адукацыйнага асяроддзя з дапамогай мабільных тэхналогій, якія адпавядаюць запытам і патрабаванням часу. Пры правільным і адэкватным падыходзе, а таксама ўмелым і абумоўленым сітуацыяй выкарыстанні лічбавага інструментарыю ў працэсе навучання можна дасягнуць пастаўленых мэт.

Сілай слова

Апошнія гады навучэнцы настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 20 Мінска Яўгеніі Голубевай удзельнічаюць у конкурсах прамоўніцкага майстэрства “Віват, аратар” і “Сіла слова”. Педагог заўважыла, што ў працэсе падрыхтоўкі ў дзяцей узнікаюць адны і тыя ж цяжкасці: яны не могуць упэўнена прэзентаваць свой матэрыял, не ўме­юць абгрунтаваць уласную пазіцыю, не валодаюць маўленчай імправізацыяй, навыкамі дыскусіі і палемікі. На дапамогу педагогу ў развіцці навыкаў прамоўніцкага майстэрства прыходзяць лічбавыя тэхналогіі.

— На пачатковым этапе фарміравання прамоўніцкіх навыкаў навучэнцы ма­юць справу з вялікай колькасцю аўтэнтычных прамоўніцкіх выступленняў з мэтай іх аналізу. Незаменнай платформай, якая дае доступ да тысяч відэазапісаў лепшых выступоўцаў, з’яўляецца TED Talks. Можна арганізаваць пазааўдыторную работу навучэнцаў з гэтым дадаткам, карыстацца відэаматэрыяламі пры самастойнай рабоце, захоўваць відэа і глядзець яго ў рэжыме афлайн, — тлумачыць Я.В.Голубева. — Выдатнымі рэсурсамі з’яўляюцца падкасты TED-How to Be a Better Human, ZigZag, TEDxShorts, the TED Interview, TED Talks Daily. Матэрыялы гэтых падкастаў выкарыстоўваю не толькі для работы па развіцці прамоўніцкага майстэрства, але і пры падрыхтоўцы да заняткаў, накіраваных на развіццё навыкаў успрымання і разумення іншамоўнай гаворкі на слых. Таксама карыснымі крыніцамі для адбору відэаматэрыялаў можна назваць афіцыйны сайт BBC, падкасты BBC: A History of the World in 100 Objects, In Our Time, In Our Time: History, The Listening Project, а таксама YouТube-каналы: National Speech & Debate Association, The Oratory School Woodcote. На этапе адпрацоўкі і прымянення атрыманых тэарэтычных ведаў выкарыстоўваю платформы PlayPosit і EDPuzzle, якія з’яўляюцца віртуальным адукацыйным асяроддзем для стварэння і сумеснага выкарыстання інтэрактыўных відэаўрокаў, а таксама арганізацыі зваротнай сувязі. Гэта адны з самых эфектыўных рэсурсаў сёння, бо яны дазваляюць зрабіць працэс работы з відэаматэрыялам нетрывіяльным, дынамічным і, самае галоўнае, актывізуюць пазнавальныя навыкі навучэнцаў. Абедзве платформы працуюць аналагічным чынам: дазваляюць працаваць з групай навучэнцаў і выкарыстоўваць відэа з любога інтэрнэт-рэсурсу для дадання “інтэрактыўнасцей”: на аснове прагледжанага відэароліка можна дадаць тэставыя пытанні, пытанні адкрытага тыпу, галасавыя каментарыі ці тлумачэнні. Пытанні могуць утрымліваць тэкставы і аўдыяматэрыял, малюнкі, сімвалы, спасылкі. Пры рабоце, накіраванай на развіццё прамоўніцкіх навыкаў, вялікай перавагай з’яўляецца тое, што вучні могуць запісаць свой адказ, дадаваць каментарыі і агучваць відэасюжэты. Пры адпрацоўцы фанетычных навыкаў навучэнцаў выкарыстоўваю дадаткі Sounds. The Pronunciation App і English File Pronuciation, з дапамогай якіх можна запісваць і прайграваць уласны голас, практыкаваць правільнае вымаўленне англійскіх гукаў у гульнях. Для работы з інтанацыяй звяртаюся да праграмы English Pronunciation: Offline.

Па QR-кодзе

Для настаўніцы гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Наталлі Гайбовіч ІТ-інструменты цікавыя ў першую чаргу з пазіцыі атрымання зваротнай сувязі і ацэнкі ступені засваення пройдзенага матэрыялу, а ў канчатковым выніку — карэкціроўкі далейшай работы, ліквідацыі магчымых недахопаў, планавання працэсу навучання з улікам індывідуальнай траекторыі развіцця кожнага вучня.

— Вуснае альбо пісьмовае апытанне традыцыйна з’яўляецца сродкам атрымання статыстычнай інфармацыі аб выніковасці работы навучэнцаў над тэмай, вызначэння тыповых памылак. Азнаёміўшыся з рознымі лічбавымі сродкамі арганізацыі апытання, для сябе я вылучыла дадатак Plickers, аснову якога складаюць мабільны дадатак, сайт і раздрукаваныя карткі з QR-кодамі, — расказвае педагог. — Галоўнай перавагай дадатку з’яўляецца адсутнасць неабходнасці наяўнасці мабільных тэлефонаў у навучэнцаў, што для мяне вельмі зручна: я працую ў пачатковых класах, і ў дзяцей часам няма ў наяўнасці га­джэта ці ён не адпавядае патрабаванням, што прад’яўляюцца некаторымі праграмамі. Абавязковай умовай з’яўляецца толькі тэлефон настаўніка з дадаткам Plickers. Навучэнцы атрымліваюць карткі з QR-кодамі, з дапамогай якіх яны змогуць выбіраць варыянт адказу на прапанаваныя пытанні. Гэтыя карткі можна спампаваць з дадатку і раздрукаваць вучням, прычым кожнаму вучню будзе прысвоена свая індывідуальная картка. Несумненна, эфект работы з дадаткам узрастае ад магчымасці імгненнай візуалізацыі вынікаў, якую рэалізуе праектар (камп’ютар, тэлевізар), на якім адкрыты сайт Plickers. Для гэтага я магу таксама выкарыстоўваць панарамны экран у Smart-класе.

Асноўныя этапы работы з дадаткам Plickers: спампаваць дадатак; раздаць навучэнцам карткі з QR-кодам; задаць пытанне альбо адлюстраваць яго з дапамогай праектара, агаварыўшы загадзя, што дзеці адказваюць на яго QR-карткамі; сканіраваць адказы вучняў з дапамогай мабільнага тэлефона. Перавагай такога апытання з’яўляецца ўцягнутасць усіх вучняў, хуткі аналіз адказаў, выкарыстанне на розных этапах урокаў.

— Для настаўніка з’яўляецца вельмі важным ператварыць трывожны працэс праверкі ведаў у звыклую для маленькага чалавека дзейнасць — гульню, павысіць матывацыю да вывучэння прадмета праз спаборніцкі характар апытання, забяспечыць эмацыянальнае ўцягванне вучняў у працэс навучання праз візуалізацыю. Усё гэта лёгка ажыццяўляецца з Plickers, — заўважае Наталля Тадэвушаўна.

 Акрамя арганізацыі кантролю вывучанага матэрыялу, такую сістэму апытання настаўніца выкарыстоўвае для ўвядзення ў атмасферу ўрока і стварэння праблемнай сітуацыі, у якасці рэфлексіі і фармулёўкі высноў, для праверкі дамашняга задання. Навучэнцы 4 класа выкарыстоўваюць дадатак як магчымасць праявіць творчыя здольнасці ў складанні ўласных заданняў па пройдзеным матэрыяле.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.