Незвычайнае люстэрка і падводнае царства: як у дзіцячым садзе № 1 Любані ствараюць станоўчы псіхалагічны клімат

- 13:10Пресс-тур «Настаўніцкай»

Думаючы над тым, што яшчэ, акрамя знешняга выгляду, павінна вылучаць дашкольную ўстанову сярод астатніх, кіраўніцтва дзіцячага сада вырашыла, што гэта будзе шэраг студый і заняткаў, накіраваных на рознабаковае развіццё дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Эўрыка!

У садку, які пачаў сваю работу ў верасні мінулага года, створаны аптымальныя ўмовы для арганізацыі вучэбнай і гульнявой дзейнасці 150 дзяцей.

“Мікрараён, у якім размясціўся дзіцячы сад, малады, ён яшчэ будуецца, пашыраецца, — пачынае расказваць пра да­школьную ўстанову загадчыца Тамара Верамейчык. — Таму наш сад вельмі запатрабаваны. Для бацькоў важная крокавая даступнасць, і менавіта гэтаму фактару яны аддаюць перавагу пры выбары дашкольнай установы”.

На розных паверхах будынка размясціліся музычная і фізкультурная залы, медыцынскі блок, пункт карэкцыйнай дапамогі, кабінет настаўніка-дэфектолага, сенсорны пакой. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадугледжаны маўленчыя інфарматары, пасажырскі ліфт, пандус, поручні, тактыльныя мнемасхемы, таблічкі са шрыфтам Брайля, паверхатактыльная тратуарная плітка і інш.

У холах і кабінетах новай установы абсталяваны SMART-цэнтр, цэнтр “STEAM-Гульня”, а таксама спецыялізаваныя кабінеты, цэнтр патрыятычнага выхавання, экалагічны пакой, цэнтр навучання дзяцей асновам бяспекі, зала для гульні ў шашкі і шахматы.

Са слоў Тамары Верамейчык, з пяці груп, якія наведваюць малышы, дзве інтэграваныя.

“У нашай установе павышаная ўвага ўдзяляецца выхаванню дзетак, якія наведваюць адпаведныя групы, — адзначае Тамара Яўгенаўна. — У нас ёсць выхаванец з расстройствам аўтыстычнага спектра, з якім займаюцца профільныя спецыялісты. Увогуле, у рабоце дашкольнай установы прадугледжана многа кірункаў для развіцця малышоў”.

Адметным па сваім напаўненні з’яўляецца цэнтр, дзе выхаванцы далучаюцца да культурных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, знаёмяцца з родным горадам, краінай. Для гэтага ў холе другога паверха размешчана карта Беларусі, а таксама карта Любанскага раёна. На апошняй адлюстраваны жывёльны і раслінны свет, якім прадстаўлены рэгіён, а побач размешчана сімволіка — герб і сцяг Любані і Любанскага раёна. Сучасныя фішкі — QR-коды — дапамогуць яшчэ глыбей вывучыць гісторыю і геаграфію роднага краю. Калі іх адсканіраваць, можна паглядзець ролікі пра сам раён і яго жыхароў, а таксама здзейсніць відэападарожжа па сваім горадзе. Т.Верамейчык упэўнена, што такі падыход дапаможа закласці ў дзецях асновы грамадзянскасці і патрыя­тызму.

Стварэнне развіццёвых умоў у садку дапамагае выхавальнікам забяспечыць гарманічнае развіццё малышоў, стварыць эмацыянальна-станоўчую атмасферу ў групе. Усе без выключэння кабінеты максімальна аснашчаны вялікай колькасцю цацак, якія падбіраліся згодна з узростам малых. Дзеткі імкнуцца да самастойнасці, пераймаюць паводзіны і звычкі дарослых, таму ў кожнай групе створаны сюжэтна-ролевыя гульні рознага спектра і неабход­нае прадметна-развіццёвае асяроддзе.

Мадэляванню, праграмаванню і мегаканструяванню да­шкаляты вучацца ў STEM-цэнтры “Эўрыка”. А зусім нядаўна дзеці стварылі свае першыя мультыплікацыйныя фільмы і засталіся ў захапленні не толькі ад выніку, але і ад працэсу работы над мульцяшнай карцінай.

“Працуючы над канцэпцыяй установы, хацелі зрабіць яе максімальна насычанай, — дадае Т.Верамейчык. — Дзіцячы сад — гэта тое месца, дзе дзеці вучацца ўсяму. Вялікую ўвагу ў рабоце таксама ўдзяляем бяспечным паводзінам. Напрыклад, пра тое, як паводзіць сябе пры пажары, на які колер святлафора можна пераходзіць дарогу, а на які нельга, малышы даведваюцца ў пакоі бяспе­кі “Юны ратавальнік”.

Маляваць пяском

Вялікае значэнне ў фарміраванні гарманічнай асобы малыша мае псіхалагічны клімат, станоўчы эмацыянальны настрой. Здараецца, што малыя прыхо­дзяць у сад без настрою, бо цяжка расставацца з мамай, альбо падчас гульняў з равеснікамі крыўдзяць адно аднаго. У такім выпадку на дапамогу прыходзіць дэфектолаг. Спецыя­ліст запрашае дзетак у сенсорны пакой. Ён падзелены на актыўную зону і зону рэлаксацыі. Таксама ў кабінеце, дзе працуе дэфектолаг, ёсць светлавы стол для малявання пяском — моцны псіхалагічны памочнік для рэлаксацыі, тактыльнай і глядзельнай стымуляцыі, для развіцця ўяўлення і гульнявой тэрапіі.

Акрылавае люстэрка з паветранай пузырковай калонай служыць для ўзмацнення эфекту спакою. Яно стварае адпаведную атмасферу, утульнасць, паглыб­ляе маленькага гледача ў фантазійны свет падводнага царства, фантастычнай светлавой гульні. Стол-мазаіка развівае дробную маторыку рук, уяўленне, мастацкі густ і вобразнае мысленне. Прычым шарыкі можна перамяшчаць як з верхняй часткі стала, так і з ніжняй, знаходзячыся пад сталом.

Яшчэ адзін дзейсны псіхалагічны інструмент у рабоце з дзецьмі — сухі душ, зроблены з атласных стужак. Ён выкарыстоўваецца для глядзельнай і тактыльнай стымуляцыі. Пад стужкавым душам можна схавацца ад усіх, хто знаходзіцца побач, і пабыць сам-насам з уласнымі думкамі і эмоцыямі.

“Заняткі ў сенсорным пакоі праводзяцца з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці, — дадае загадчыца ўстановы. — Нашы супрацоўнікі робяць усё для таго, каб выхаванцам было цікава і радасна, а бацькі не хваляваліся за сваіх малышоў. Дзеткі вельмі любяць інтэрактыўны сухі басейн з пультам кіравання, які прызначаны для рэлаксацыі, глядзельнай стымуляцыі. Таксама ў садку прадугледжаны пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, інфармацыйна-развіццёвы цэнтр “Азбука бацькоўства”. Ён уяўляе сабой тэрыторыю сумеснай творчасці для бацькоў, дзяцей і выхаванцаў”.

Акрамя заняткаў з дэфектолагам, дзеці любяць фізкультуру. Яшчэ на этапе будаўніцтва новага сада планавалася, што і на вуліцы, і ў самім будынку для заняткаў спортам будзе выдзелена вялікая прастора. Сёння на вуліцы знаходзяцца гульнявыя і фізкультурная пляцоўкі, дарожка для язды на веласіпедах і самакатах, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху. Сучасная спартыўная зала абсталявана мноствам неабходных трэнажораў, інвентаром. Вельмі любяць дзеці і заняткі ў басейне, дзе іх вучаць плаваць. Тэмпература вады ў ім адпавядае нормам і складае +30 °С.

“Вучацца плаваць дзеткі з трох гадоў, — тлумачыць Т.Верамейчык. — Басейн — цудоўны сродак для загартоўкі арганізма. Адначасова плаваннем могуць зай­мацца да 10 дзетак”.

Юныя рэжысёры

І выхавальнікам, і выхаванцам дзіцячага сада падабаецца прымаць удзел у розных конкурсах. Сёння ва ўстанове рыхтуюцца да творчага спаборніцтва “Юны рэжысёр”. Да выканання заданняў у “Вясёлцы” падышлі крэатыўна. Пры дапамозе 3D-прынтара малышы разам са сваімі педагогамі надрукавалі тыя інструменты, якія ў сваёй прафесіі выкарыстоўваюць іх бацькі.

“На прынтары таксама ствараюцца розныя цацкі, іншыя вырабы, — зазначае загадчыца дзіцячага сада. — Малыя любяць назіраць за працэсам, ім усё цікава. І мы павінны гэтую цікавасць падтрымліваць”.

Акрамя асноўных заняткаў, якія значацца ў раскладзе дашкалят, малышы могуць займацца дадатковай творчай дзейнасцю. Гэтаму спрыяюць педагагічныя праекты, якія рэалізуюцца ў дзіцячым садзе № 1 Любані.

“Мы працуем над педагагічным праектам “Укараненне сістэмы развіцця музычных здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах нерэгламентаванай дзейнасці”, — растлумачыла Тамара Яўгенаўна. — Распрацоўка і рэалізацыя падобных ініцыятыў дапамагаюць выявіць узровень гатоўнасці педагогаў да праектнай дзейнасці, арганізаваць работу па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў педагагічнага праекта.

У аснове практычнай рэалізацыі праекта — сістэма работы выхавальніка дашкольнай адукацыі па развіцці музычных здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту ў працэсе нерэгламентаванай дзейнасці пры ўмове мэтанакіраванага метадычнага суправаджэння”.

Дзіцячы сад для дашкалят — гэта другі дом, у якім яны праводзяць больш часу, чым дома з мамай і татам. Тут яны растуць, вучацца новаму, знаходзяць сяброў. І менавіта ад педагогаў залежыць, якой дзіцячая ўстанова застанецца ў памяці малышоў.

“Наш калектыў — гэта адданыя сваёй справе прафесіяналы, — зазначае загадчыца дзіцячага сада № 1 Любані. — Мы разам імкнёмся да таго, каб дзеткам у нас было камфортна, стараемся раскрыць іх здольнасці. Нам прыемна штодня сустра­каць сваіх выхаванцаў, якія заўсёды вітаюцца з намі і шчыра ўсміхаюцца. Вельмі прыемна чуць ад бацькоў, што іх дочкі і сыночкі ідуць да нас у добрым настроі. Бывае, глянеш на іх, маленькіх, як яны ўсміхаюцца, і цудоўны настрой гарантаваны на ўвесь дзень!”

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА