Педагогі дзіцячага сада № 5 Кармы лічаць, што ўсмешка — найлепшы інструмент, а радасць — найлепшае вучэбнае асяроддзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На парозе дзіцячага сада гасцінна вітае загадчыца Святлана Сітдзікава. Пакуль яна знаёміць з установай, расказваючы цікавыя факты, на пляцоўцы шчаслівыя малышы весела гуляюць разам з педагогамі, якія пераўвасобіліся ў казачных персанажаў — Каралеву і яе сябра Дракошу. У свяце шарыкаў удзельнічаюць усе, дзеткі ў гульнявой форме праяўляюць спрыт, хуткасць і кемлівасць.
— У летні перыяд работа педагогаў накіравана на аздараўленне выхаванцаў. Для гэтага дзеці шмат часу бавяць на свежым паветры, для іх на ўчастках дзіцячага сада арганізоўваюцца разнастайныя заняткі, вясёлыя святы і яркія мерапрыемствы, — адзначае Святлана Міхайлаўна. — Да таго ж наша ўстанова працуе ў экалагічным кірунку: добраўпарадкаваная тэрыторыя радуе маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў водарам кветак і разнастайнасцю зеляніны. Сіламі педагогаў дзіцячы сад выглядае сучасна і эстэтычна. Плануем распрацаваць і абсталяваць вялікую экалагічную сцежку, якая будзе выконваць пазнавальную, развіццёвую, эстэтычную і аздараўленчую функцыі. Добра, што нам ёсць дзе размахнуцца: гектар зямлі дазволіць ажыццявіць гэты праект. Пакуль жа нашы дашкаляты з задавальненнем назіраюць за ростам 35 яблынь. Маладыя дрэўцы былі пасаджаны на тэрыторыі сада, добра прыжыліся і радуюць ураджаем, як і кусты парэчкі.
Нараўне з экалагічным напрамкам шмат увагі ўдзяляецца здароўезберажэнню дзяцей.
— Кармянскі раён адносіцца да найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, — працягвае суразмоўніца. — У тыя часы тэрыторыя дашкольнай установы цалкам была заасфальтаваная. Цяпер вядзецца работа па дэмантажы старога пакрыцця. Праца, вядома, неймаверная… Самі паднімаем асфальт, грузім у велізарныя трактарныя прычэпы. Затое на тэрыторыі дзвюх пляцовак паспелі паслаць газон са штучным пакрыццём, дзе дзеці з задавальненнем гуляюць у рухавыя гульні. Акрамя таго, на ўсёй тэрыторыі сада прыбрана папярэдняе надворнае абсталяванне — лесвічкі, горкі і машынкі савецкіх часоў. На іх месцы ўстанавілі тры новыя спартыўныя комплексы, а зараз з нецярпеннем чакаем, калі яшчэ адзін такі прапішацца на нашай тэрыторыі. Яшчэ з’явіліся шэсць новых сучасных пясочніц і іншае гульнявое надворнае абсталяванне.
Дашкольная ўстанова прыцягвае ўвагу не толькі звонку, але і ўнутры. Будынак узведзены па індывідуальным праекце. Хол светлы і прасторны, ляпніна на столі надае памяшканню адмысловую вытанчанасць. Тут жа размяшчаецца сучасная інсталяцыя буккросінгу, для стварэння якой прыклалі намаганні самі педагогі. Агледзеўшыся на першым паверсе, зазірнуўшы ў групы, якія парадавалі чысцінёй і ўтульнасцю, прайшліся і па астатніх памяшканнях. Групы прасторныя, вытрыманыя ў адзінай колеравай гаме, мэбля новая — прыемна паглядзець. Вядома, каб сад выглядаў сучасным, а сцены, падлогі і столі — абноўленымі, педагогі працавалі не шкадуючы сіл.
У ясельнай групе, пакуль малышы рыхтаваліся да сну, удалося пазнаёміцца з маладым спецыялістам Ксеніяй Фесавец, якая пераступіла парог установы год назад і сёння ўпэўнена сябе адчувае на першым працоўным месцы. Кожны дзень яна дорыць увагу і клопат маленькім чамучкам. На базе ўстановы функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Работу з выхаванцамі праводзіць настаўнік-дэфектолаг Ірына Быкоўская ў фармаце індывідуальных заняткаў.
Падчас экскурсіі па садзе Святлана Міхайлаўна акцэнтуе ўвагу на тым, што матэрыяльна-тэхнічная база штогод абнаўляецца гаспадарчым спосабам:
— На пасадзе кіраўніка я ўжо 13 гадоў. За гэты час для абнаўлення дзіцячага сада шмат зроблена сіламі работнікаў установы. Сёлета ўдалося замяніць падлогавае пакрыццё. Імкнёмся ісці ў нагу з часам, каб наш сад быў прывабным, запатрабаваным і канкурэнтаздольным. На 1 верасня сад укамплектаваны на сто працэнтаў. Дарэчы, у нас працуюць шэсць груп, адна з якіх прызначана для нашых выпускнікоў — будучых навучэнцаў 1 класа сярэдняй школы № 1.
У гутарцы кіраўнік таксама адзначае, што ў калектыве зарэкамендавалі сябе творчыя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы. Да таго ж тут гасцінна прымаюць маладых спецыялістаў, дасягненні якіх высока адзначаны на рэспубліканскім узроўні.
Малады спецыяліст Аліна Зянькова
— Сёлета скарбонка ўстановы папоўнілася адразу дзвюма ўзнагародамі рэспубліканскага прафсаюзнага фотаконкурсу “80 гадоў міру”, дзе нашы педагогі адзначаны дыпломамі I і III ступені, — з гордасцю гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Гэты конкурс паспрыяў аб’яднанню моладзі вакол ідэі захавання памяці аб працоўных подзвігах настаўнікаў пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым спаборніцтве найлепш праявілі сябе педагогі Аліна Зянькова, Анжэла Драздова і Ірына Быкоўская, якія прадаўжаюць работу разам з выхаванцамі і іх бацькамі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
— Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе, удалося акунуцца ў гісторыю Кармяншчыны, даведацца пра педагогаў, якія былі адданыя Радзіме і сваёй справе. Нам ёсць да чаго імкнуцца і з каго браць прыклад! — дзеліцца ўражаннямі Аліна Андрэеўна. — Не спыняюся на дасягнутым, днямі чарговы праект адправіўся пакараць вяршыні раённага этапу маштабнага ўсебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Спадзяёмся, што гэтая работа прынясе яшчэ адзін дыплом у скарбонку дзіцячага сада.
У гутарцы Святлана Міхайлаўна неаднойчы падкрэслівае, што ў дашкольнай установе працуе зладжаны калектыў.
— Па-іншаму і быць не можа! Ганаруся прафесіяналамі сваёй справы, якія не проста любяць, выхоўваюць дзяцей і клапоцяцца пра іх, яны 24/7 жывуць сваёй работай. Гэта сапраўдная каманда, якая заўсёды падставіць плячо, з якой разам мы дасягаем поспехаў і высокіх вынікаў, садзейнічаем паляпшэнню якасці адукацыі раёна. Усё таму, што кожны на сваім месцы ўкладвае часцінку сябе ў агульную справу. Установа запатрабавана, групы ўпэўнена камплектуюцца, выпускнікі прыводзяць у сад ужо сваіх дзяцей, — падсумавала Святлана Сітдзікава.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара