Кафедра хрысціянскай культуры адкрылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
Днямі дагавор аб яе адкрыцці падпісалі рэктар універсітэта А.У.Рагачоў і епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Гэта 53-я па ліку кафедра гомельскай вышэйшай установы. Трэба адзначыць, што да гэтага часу тут таксама чытаўся курс хрысціянскай культуры, таму пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць. Але ж з адкрыццём кафедры прыйдуць і некаторыя змены. Па-першае, кафедра будзе сумеснай, і плануецца, што кіраўніцтва ёй будуць ажыццяўляць два загадчыкі — прадстаўнік прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта і прадстаўнік Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Выкладаць хрысціянскую культуру і гісторыю хрысціянства таксама будуць як супрацоўнікі ГДУ імя Ф.Скарыны, так і святары.
Курс хрысціянскай культуры будзе прапанаваны на кожным факультэце, але, як адзначае кіраўніцтва вышэйшай навучальнай установы, наведванне гэтых заняткаў будзе ажыццяўляцца па жаданні. Якім будзе інтарэс моладзі — пакажа час. Але няма сумненняў, што жадаючыя знойдуцца. Тым больш, што Гомельская епархія мае намер фінансаваць адну стыпендыю для студэнтаў гістарычнага факультэта, якія будуць праводзіць навукова-даследчую работу ў галіне хрысціянства і хрысціянскай царквы. Пагадненне аб гэтым ужо падпісана.