Новы дзіцячы сад: доўгачаканы і запатрабаваны

- 10:07Дашкольная адукацыя

Ганна Бойка і яе пяцігадовы сын Кірыл на ўласным вопыце знаёмы з праблемай недахопу месцаў у дашкольных установах, якая існуе ў Мінскім раёне. Найбольш востра пытанне стаіць на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета, дзе і жыве сям’я Кірыла. На працягу трох гадоў бацькі кожную раніцу вазілі хлопчыка ў дзіцячы сад у Мінску. Гэта, зразумела, нязручна, але альтэрнатывы не было. Ганна Бойка, як і многія жыхары Бараўлян і вёскі Ляскоўкі, з нецярпеннем сачыла за будаўніцтвам новага сада і з задавальненнем прыйшла на цырымонію адкрыцця ўстановы. Маці хлопчыка радуецца не толькі таму, што Кірыл будзе хадзіць у сад недалёка ад дому, але і таму, што ўмовы тут створаны цудоўныя.

Новы дзіцячы сад быў пабудаваны ў Ляскоўцы прыкладна за год. Трохпавярховы будынак разлічаны на 12 груп, якія будуць наведваць 230 маленькіх выхаванцаў. Для іх гарманічнага фізічнага развіцця ва ўстанове ёсць басейн, фізічная і трэнажорная залы, па-сучаснаму абсталяваны гульнявыя пляцоўкі на тэрыторыі сада. Для арганізацыі якаснага харчавання харчаблок мае абсталяванне, якое дазваляе не толькі гатаваць смачныя стравы, але і захоўваць у прадуктах максімум карысных рэчываў. Медыцынская дапамога будзе аказвацца ў медыцынскім блоку. Творчыя таленты выхаванцаў будуць рэалізоўвацца ў музычнай зале. Тут жа адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ўстановы. Павіншаваць калектыў сада, выхаванцаў і іх бацькоў прыехалі тыя, хто дапамог рэалізавацца гэтай важнай справе.

— Нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю, краіна заўсёды знаходзіць грошы, каб ствараць добрыя ўмовы для развіцця і выхавання дзяцей, — вітаў гасцей урачыстай цырымоніі Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Мінаблвыканкама. — Гэта робіцца дзеля нашай будучыні, каб дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі і цанілі тое, што для іх робяць бацькі.

Ва ўрачыстай атмасферы загадчыца дзіцячага сада Наталля Юр’еўна Казлоўская атрымала сімвалічны ключ ад установы і запрасіла гасцей цырымоніі на экскурсію па садзе. Госці змаглі ўбачыць, што гатовы не толькі сам сад, але і яго супрацоўнікі: выхавальнікі прадэманстравалі тэматычныя гульні-заняткі з выкарыстаннем сучасных педагагічных тэхналогій. Так, напрыклад, выхавальнікі старшай групы займаюцца з дзецьмі даследчай работай.

За апошнія 5 гадоў у Мінскай вобласці было пабудавана 14 і рэканструявана 9 устаноў дашкольнай адукацыі. 30% месцаў у дзіцячых садках, створаных за гэты перыяд, з’явілася менавіта на тэрыторыі Мінскага раёна. Гэтая работа будзе прадоўжана. Ужо ў найбліжэйшы час свае дзверы для выхаванцаў адкрыюць дзіцячыя сады на 150 месцаў у аграгарадку Прылукі і на 230 месцаў у вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.