Нягледячы на пахмурнае надвор’е і лужыны пад нагамі, у адзін з апошніх дзён восеньскіх канікул мы з аднакласнікамі адправіліся ў пешую вандроўку па невялікім, але такім непаўторным, прыгожым і для кожнага з нас родным і мілым Іванава.
На этапе падрыхтоўкі экскурсіі мы, шчыра кажучы, сумняваліся ў яе поспеху: што новага зможам даведацца пра свой горад, калі тут жывём, ведаем кожную вулачку і кожны будынак? Мы заўсёды былі ўпэўнены, што ведаем пра Іванава абсалютна ўсё! Але літаральна ў першыя хвіліны нашага невялікага падарожжа зразумелі памылковасць гэтага меркавання. Настаўніца нам расказала легенду, адкуль пайшла назва горада, таксама мы даведаліся пра тое, хто такія лабары і якім промыслам яны займаліся. За цікавай размовай не заўважылі, як апынуліся каля будынка раённай газеты “Янаўскі край”. Безумоўна, мы не раз гарталі яе старонкі, але не мелі нават мінімальнага ўяўлення аб тым, як яна ствараецца. У рэдакцыі мы пазнаёміліся з карэспандэнтамі, фатографам і карэктарам, пагутарылі з вярстальшчыкам і нават сталі сведкамі таго, як ствараўся нумар.
Пасля развітання з журналістамі мы зрабілі літаральна некалькі крокаў і апынуліся побач з невялікім аднапавярховым будынкам ружовага колеру. Мы бачылі яго неаднойчы, а вось тое, што знаходзіцца за яго дзвярыма, для нас заставалася таямніцай. Нам сказалі, што гэта тыпаграфія, дзе вырабляюць паштоўкі, блакноты, папкі, наносяць выявы на кубкі і фуфайкі, а раней нават друкавалі газету. Мы прайшлі па ўсіх пакоях, пазнаёміліся з работнікамі тыпаграфіі і вывучылі яшчэ некалькі новых слоў.
Аказваецца, калі ты хочаш адкрыць для сябе нешта новае, неабавязкова вандраваць па замежных краінах, часам дастаткова прайсціся па тым горадзе ці вёсцы, дзе ты жывеш, і паглядзець на іх іншымі вачыма.
Вучні 5 “Г” класа сярэдняй школа № 3 Іванава
і класны кіраўнік Святлана СЕВЯРЫН.