Новы ўзровень супрацоўніцтва

- 10:41Вышэйшая школа

Філіял кафедры юрыспрудэнцыі МДУ імя А.А.Куляшова адкрыўся на базе ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

МДУ даўно ідзе па шляху максімальнага напаўнення адукацыйнага працэсу элементамі практыка-арыентаванай накіраванасці. Стварэнне філіяла кафедры юрыспрудэнцыі стала вынікам плённага супрацоўніцтва ўніверсітэта і рэгіянальнага ўпраўлення Следчага камітэта.

— Следчы камітэт з’яўляецца арганізацыяй — заказчыкам кадраў па падрыхтоўцы спецыялістаў юрыдычнага профілю. Студэнты праходзяць у гэтым праваахоўным органе практыку. Зараз узаемадзеянне будзе ажыццяўляцца на больш паглыбленым узроўні. Плануецца праводзіць на базе СК розныя вучэбныя заняткі з выкарыстаннем найноўшага абсталявання, крыміналістычнай тэхнікі. Навучанне будзе праводзіцца спецыялістамі-прафесіяналамі, што зробіць яго больш якасным і эфектыўным, максімальна набліжаным да рэальнай практычнай дзейнасці, — расказала загадчык кафедры юрыспрудэнцыі Наталля Панцялеева.

Па яе словах, супрацоўніцтва таксама будзе садзейнічаць развіццю навуковага складніка. Плануецца арганізоўваць рэгулярныя сумесныя навукова-даследчыя мерапрыемствы, што паспрыяе павышэнню прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў.

— Юрыспрудэнцыя ўвесь час мяняецца, заканадаўства дапаўняецца, уводзяцца новыя методыкі, новая тэхніка. У сувязі з гэтым бесперапыннае ўзаемадзеянне тэарэтыкаў і практыкаў мае асаблівую значнасць, — паведаміла Наталля Віктараўна.

Адкрыццё філіяла кафедры прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Адпаведны мемарандум падпісалі рэктар МДУ імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук і генерал-маёр юстыцыі начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шалухін (на здымку).

Дарэчы, сёння на кафедры юрыспрудэнцыі навучаюцца амаль 1000 студэнтаў. Тут выкладаюць увесь спектр дысцыплін, якія неабходны для атрымання спецыяльнасці “Правазнаўства”. Стварэнне філіяла кафедры ­дасць магчымасць узбагаціць адукацыйны працэс. Выпускнікі будуць гатовымі спецыялістамі, здольнымі ўключыцца ў работу ўжо з моманту працаўладкавання, і ў поўнай ступені будуць усведамляць, што значыць ста­яць на варце законнасці і правапарадку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара
.