Няхай галоўнай узнагародай стануць шчасце і дабрабыт дзяцей

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчынніц з Днём маці, адрасаваўшы ім самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, міру і ўтульнасці ў доме. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Няма на свеце чалавека бліжэйшага і даражэйшага, чым мама. Яе ўсёабдымная любоў ахоўвае нас з маленства, сагравае ў цяжкія хвіліны, дапамагае дабівацца пастаўленых мэт, — гаворыцца ў віншаванні. — Мацярынства — вялікае шчасце і велізарная адказнасць. Менавіта з малаком маці мы бяром любоў да свайго краю, сямейныя, культурныя традыцыі, духоўныя каштоўнасці, якія захоўваем і перадаём з пакалення ў пакаленне”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі цэняць працу мнагадзетных маці, і выказаў асаблівую ўдзячнасць жанчынам, чые дамы сталі роднымі для дзяцей, усыноўленых або ўзятых на выхаванне.

“Прыярытэты нашай сацыяльнай палітыкі нацэлены на заўтрашні дзень Беларусі, на тое, каб у сем’ях нараджалася як мага больш дзяцей. Шчаслівы дзіцячы смех — гэта гімн будучыні нашай краіны, — адзначыў прэзідэнт. — Няхай шчасце і дабрабыт вашых дзяцей стануць галоўнай узнагародай за любоў, пяшчоту, клопат і бязмежнае цярпенне”.