Няма месца эмацыянальнаму выгаранню

- 12:47Дашкольная адукацыя

Існуе шмат арыенціраў у выбары бацькамі дашкольнай установы для свайго дзіцяці: вопыт знаёмых, водзывы грамадства, крокавая даступнасць, адукацыйна-развіццёвыя напрамкі і іншыя. Апошнім часам да ўсяго гэтага далучыўся яшчэ адзін арыенцір — віртуальнае знаёмства з дзіцячым садам. Бацькам зручна прааналізаваць яго магчымасці без патрэбы выходзіць з дому, а потым ужо рабіць высновы. А калі так, то зусім не дзіўна, што жыхары невялікага гарадка Ельска, што ў Гомельскай вобласці, у сем’ях якіх ёсць дашкаляты, вельмі зацікавіліся яслямі-садам № 1.

Творчы і крэатыўны калектыў на чале з загадчыкам Аксанай Купрыенка не проста заяўляюць аб сабе, а расказваюць і паказваюць на сайце ўстановы ўсе напрамкі сваёй работы, анансуюць і запрашаюць на мерапрыемствы, аб’яўляюць конкурсы. Відавочна, для гэтых людзей № 1 — не проста лічба на шыльдзе ўстановы, а самы што ні ёсць стымул быць першымі ва ўсім. Тым больш што гісторыя ельскай дашкольнай установы мае працяг амаль у 80 гадоў. Зазірніце на сайт — вы знойдзеце там поўны летапіс, з імёнамі першых супрацоўнікаў і нават выпускнікоў, з іх фотаздымкамі і дасягненнямі. Калі глядзіш на пажоўклыя фотаздымкі канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя, разумееш: тут шануюць традыцыі і зберагаюць гісторыю, а кожны, каго жыццё звязвала з дзіцячым садком, назаўсёды застаецца яго часткай.
Сёння яслі-сад № 1 Ельска наведвае больш як 180 выхаванцаў ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў. Акрамя агульных груп, тут працуюць дзве санаторныя, спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і дзве групы інтэграванага навучання і выхавання.
Бацькі гавораць, што ў яслях-садзе іх сыны і дочкі пражываюць сапраўднае дзяцінства. Кожны дзень малым ёсць чым падзяліцца дома: то яны расказваюць пра доследы з магнітамі на занятках і пра спартыўныя спаборніцтвы, то хваляцца, што самастойна чысцілі рыдлёўкамі засыпаныя снегам сцежкі. А апошнім часам дзеці нясуць бацькам веды пра правільнае і здаровае харчаванне.
— Каб веды і навыкі, якія дзеці атрымліваюць у сценах нашай установы, падтрымліваліся таксама іх бацькамі і практыкаваліся дома, мы наладжваем цеснае супрацоўніцтва з дарослымі, — расказвае Аксана Анатольеўна. — Гэта не толькі тэматычныя бацькоўскія сходы, а яшчэ і работа розных клубаў, такіх, напрыклад, як “Здароўе і харчаванне”, і правядзенне сумесных конкурсаў, выстаў, спартыўных спаборніцтваў.
Не застаюцца па-за ўвагай загадчыка і падначаленыя. Работа педагога складаная, яна немагчыма без творчага падыходу і натхнення. Чаму неабходна кантраляваць свой эмацыянальны стан, як правільна размяркоўваць час і іншыя тонкасці псіхалогіі выхавальнікі спазнаюць на спецыяльных псіхалагічных трэнінгах, якія праводзіць педагог-псіхолаг Валянціна Гусак. Магчыма, менавіта такі падыход не дазваляе супрацоўнікам дашкольнай установы дайсці да эмацыянальнага выгарання. Наадварот, яны гатовы працаваць і тварыць, і міма іх не праходзіць ніводнае рэгіянальнае мерапрыемства ці спаборніцтва. Дзякуючы іх старанням, штогод яслі-сад запісвае ў свой летапіс новыя перамогі і дасягненні, граматы, дыпломы і падзякі.
Яслі-сад № 1 Ельска — утульнае, светлае і прыгожае месца, створанае рукамі таленавітых педагогаў, дашкалят і іх бацькоў. А рэчы, якія не па сілах зрабіць самім, дапамагаюць набыць шэфы — мясцовыя, як дзяржаўныя, так і прыватныя, прадпрыемствы і арганізацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва ясляў-сада № 1 Ельска.