Нясумныя канікулы

- 15:24Нам пішуць

Канікулы — час адпачынку. А як правесці гэты адпачынак з задавальненнем і зрабіць яго максімальна карысным? Аб гэтым паклапаціліся настаўнікі сярэдняй школы № 5 Жодзіна. Класныя кіраўнікі 4-х класаў далі сваім навучэнцам магчымасць вывучаць гісторыю роднага краю не толькі па кнігах, але і здзейсніць займальнае падарожжа па родным краі, каб на свае вочы ўбачыць яго славутасці.

Так, каб паўней і бліжэй пазнаёміцца з адным з брэндаў нашай краіны, навучэнцы пабывалі на адным з прадпрыемстваў роднага горада. На гэты раз свае дзверы гасцінна адчыніла прадпрыемства лёгкай прамысловасці ААТ “Світанак”.

Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення прадпрыемства, якая бярэ пачатак з 1975 года.

Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў вязальным, красільным і швейным цэхах. Убачылі сучасныя нямецкія машыны, на якіх вяжацца трыкатажнае палатно, паназіралі за працэсам яго афарбоўкі, а таксама сталі сведкамі стварэння гатовых трыкатажных вырабаў.

А працягнулі чацвёртакласнікі сваё знаёмства з гісторыяй і славутасцямі роднага краю, здзейсніўшы займальную паездку ў Мінск. Аглядная экскурсія па сталіцы нашай краіны пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з найбольш значнымі аб’ектамі горада, гісторыяй яго ўзнікнення і развіцця.

Наведалі вучні і Нацыянальную бібліятэку — адзін з самых значных праектаў сучаснай Беларусі.

25-павярховы будынак выклікаў шмат эмоцый у дзяцей. Там усё незвычайна, усё выклікае захапленне і здзіўленне. Гэта і афармленне інтэр’еру бібліятэкі, і аўтаматызаваная бібліятэчная сістэма. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з электронным каталогам і ўбачылі, як працуе аўтаматызаваная сістэма дастаўкі кніг з фондасховішча з дапамогай тэлеліфтаў.

Экскурсія па бібліятэцы скончылася ўздымам на адкрытую аглядную пляцоўку. Вучні змаглі палюбавацца маляўнічымі відамі сталіцы і разгледзець аддаленыя аб’екты з дапамогай бінокля панарамнага віду.

А завяршылася падарожжа ў сталіцу наведваннем музея валуноў, дзе пад адкрытым небам знаходзіцца ўнікальны парк, у якім сабрана больш за 2 тысячы камянёў з усёй Беларусі.

А. МЯЛЕШКА,
класны кіраўнік 4 “Б” класа cярэдняй школы № 5 Жодзіна.