Святочны майскі настрой не абмінуў і сярэднюю школу № 1 Ганцавіч Брэсцкай вобласці. Вучні ўстановы прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні штогадовага тыдня англійскай мовы, у гэты раз прымеркаванага да свята Вялікай Перамогі.
Творчых дух і натхненне не пакідалі дзяцей на працягу ўсяго тыдня. Пачуццё гонару за сваіх родных перапаўняла тых, хто паўдзельнічаў у агульнашкольнай акцыі на англійскай мове “Бессмяротны полк” (Immortal Regiment). Задаволенымі засталіся і тыя, хто праявіў творчасць і зрабіў святочную паштоўку да Дня Перамогі (выстава паштовак Victory Day Cards). А дэманстрацыя калекцыйных экзэмпляраў кампаніі цацак TheBoydsCollectionLTD “Медзведзяняты Бойд” уразіла абсалютна ўсіх прысутных.
Весела праходзілі перапынкі, запоўненыя англійскімі песенькамі і рыфмоўкамі ў выкананні малодшых школьнікаў (акцыя Speaking Microphone). Вучні сярэдняга звяна дружна браліся за каляровыя алоўкі і фламастары, выконваючы графічныя заданні на англійскай мове, каб агульнымі намаганнямі скласці тэматычны калаж (акцыя Picture Dictation). Старшакласнікі распрацавалі і прадставілі свае праекты для конкурсу прэзентацый экскурсійных маршрутаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з наступнай арганізацыяй выязной экскурсіі па маршруце — пераможцу конкурсу “Турыстычнае агенцтва” (Tourist Agency). А ў агульнашкольнай цырымоніі “Алея зорак” (The Avenue of Stars) увагі былі ўдастоены самыя актыўныя і таленавітыя навучэнцы: удзельнікі і пераможцы школьнай і раённай прадметнай алімпіяды па англійскай мове, навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, завочнага прадметнага конкурсу “Лінгвісцяня” і члены тэатральнага клуба “РэМікс”.
Настаўнікі англійскай мовы Т.Г.Баўтрукевіч, А.І.Бушыла, Т.А.Еўхач, Ю.В.Забароўская, Д.В.Клімук, А.С.Рабцава правялі адкрытыя ўрокі і тэматычныя пазакласныя мерапрыемствы. Дзеці мелі магчымасць папоўніць свой багаж ведаў інфармацыяй аб майскіх святах, звычаях і традыцыях у нашай краіне і ў Велікабрытаніі.
Таццяна БАЎТРУКЕВІЧ,
Алена БУШЫЛА,
настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.