Вось і скончыліся ў навучэнцаў асеннія канікулы. Кожны правёў іх па-рознаму. Некаторыя мелі магчымасць уволю выспацца, нагуляцца з суседскімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, пагасціць у любых бабулі з дзядулем. А вучні з 1-га па 7 клас Кальчунскай сярэдняй школы выбралі іншы шлях — правесці час сярод сяброў у школьным лагеры.
Назву і тэматыку лагера падказала яго працягласць — колькасць дзён супала з колькасцю абласцей, на якія падзяляецца наша краіна. Так узнікла назва “Па Беларусі за 6 дзён”. Кожны дзень пачынаўся з экскурсіі па адной з абласцей Беларусі — зразумела, экскурсіі віртуальнай. Вучні глядзелі невялікія відэаролікі, у якіх паведамлялася пра гісторыю, архітэктурныя помнікі, славутых дзеячаў, культурныя і эканамічныя дасягненні рэгіёна.
У першы дзень лагера, напрыклад, вучні “падарожнічалі” па Віцебскай вобласці — радзіме Францыска Скарыны. Яны наведалі бібліятэку аграгарадка, дзе цікавую і пазнавальную экскурсію-заняткі правяла загадчык бібліятэкі Алена Адольфаўна Шкелда. Літаратурная віктарына, відэаўрок “Як да нас прыйшла кніга”, творчыя заняткі з элементамі арт-педагогікі “Мой любімы літаратурны герой” — мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі выхаванцы ў гэты дзень.
Сімвалам мужнасці і стойкасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца Брэсцкая крэпасць-герой. Віртуальнай экскурсіяй менавіта па гэтым гісторыка-культурным мемарыяльным комплексе распачалася вандроўка па Брэсцкай вобласці. Наведванне вучнямі выставы “Вайны свяшчэнныя старонкі” ў краязнаўчым музеі імя Ф.Багушэвіча прадоўжыла ваенную тэматыку. Паспаборнічаць у сіле, хуткасці, спрытнасці вучні змаглі падчас спартыўных спаборніцтваў “Юныя абаронцы Айчыны”. Конкурс па вырабе самалётаў з паперы выявіў лепшага “авіяканструктара”. Ім стаў Арсеній Клімашэўскі — яго мадэль праляцела самую большую адлегласць.
Прыродзе і народным рамёствам Беларусі, гісторыі роднага краю былі прысвечаны іншыя дні ў школьным лагеры. Выхаванцы наведалі майстар-класы ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, кінатэатр, школьны музей. Вучні пазнаёміліся з беларускімі народнымі танцамі, беларускімі гульнямі, больш даведаліся пра замкі, размешчаныя на тэрыторыі нашай краіны. Акрамя таго, дзеці паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе народнай цацкі “Зайчык на пальчык”. Усіх мерапрыемстваў і не пералічыць — праграма лагера была насычанай і разнастайнай.
Спадзяёмся, што вучні цікава правялі час, адпачылі, завялі новых сяброў, а самае галоўнае — набылі новыя веды і пачуццё гонару за сваю Радзіму.
Мы, дарослыя, павінны прывіваць дзецям любоў да роднай мовы, спадчыны, гісторыі, культуры роднага народа, вучыць любіць сваю Радзіму. Усё гэта і ёсць тая нацыянальная ідэя, увасабленне якой у душы і сэрцы дзяцей робіць іх сапраўднымі патрыётамі.
Ала ПЯЛЕЦКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў, дырэктар лагера
Кальчунскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.