Па дарозе дабрыні і міласэрнасці

- 10:14Нам пішуць

Тыдзень пачатковых класаў у сярэдняй школе № 2 Навагрудка пачаўся з урачыстай лінейкі пад дэвізам “У краіну Ведаў па дарозе дабрыні і міласэрнасці”. Вучні пачатковых класаў выправіліся ў незвычайнае падарожжа, поўнае цікавых прыгод. У першы ж дзень трапілі ў краіну Літаратурнага чытання і акунуліся ў мора казак. Незвычайна прыгожыя малюнкі ўбачылі ўсе вучні школы на выставе “Я малюю казку”. Вучні першых і другіх класаў пазнавалі казачных герояў, разгадвалі рэбусы, малявалі карцінкі-загадкі, паказалі цудоўнае веданне казачных герояў, аўтараў-казачнікаў, пазнавалі казкі рускія і беларускія на працягу літаратурнага рынга “Казачны дзянёк”. У гэтых спаборніцтвах пераможаных не было. Усе засталіся задаволеныя. Непасрэднасць маленькіх вучняў нікога не пакінула абыякавымі.

У народзе гавораць, што прыгожы чалавек — гэта добры чалавек. А добрым быць няпроста. Няпроста перамагчы перш за ўсё сябе, свае недахопы. Міласэрнасць і дабрыня, уважлівасць і цікаўнасць дапамаглі вучням пачатковых класаў дабіцца поспехаў у квест-гульні “Дарыце людзям дабрыню”. На станцыях 4 каманды выконвалі на хуткасць заданні: складалі прымаўкі пра дабрыню, вызначалі лепшыя якасці душы, разгадвалі крыжаванкі, працавалі са слоўнікамі, гулялі ў гульню “Мой добры сусед”, дапісвалі вершы, шукалі выйсце з прапанаванай сітуацыі, перамяшчаючыся па школе і збіраючы літары на кожнай станцыі, каб потым сабраць ключавое слова “МІЛАСЭРНАСЦЬ”. На апошняй станцыі ўдзельнікі гульні абвялі і выразалі свае далоні, на кожным пальчыку якіх напісалі добрыя пажаданні. На працягу тыдня кожны вучань падрыхтуе падарунак для свайго незнаёмага прыяцеля і напіша ліст з пажаданнямі. Потым усё перададзім тым, хто ў гэтым мае неабходнасць. Прыклады дабрыні і міласэрнасці дзеці будуць бачыць на працягу дня, праглядаючы відэаролікі “Дабрыня ратуе свет”. Па доразе дабрыні мы будзем кіравацца да краіны Ведаў.

У дзень рускай мовы вучні 3—4 класаў удзельнічалі ў захапляльнай гульні “Разумнікі і разумніцы”. Тры зборныя каманды паказалі свае добрыя веды па рускай мове. Барацьба была жорсткая, канчатковыя вынікі адрозніваліся ў 1 бал. Перамагла каманда “Разумнікі”. Вучні правяралі сябе ў ведах па граматыцы, марфалогіі, лексіцы, словаўтварэнні і іншых раздзелах рускай мовы. Пры гэтым дзеці ўдала разгадвалі рэбусы, крыжаванкі, складалі сказы па схемах, устаўлялі прапушчаныя літары, тлумачылі значэнне фразеалагізмаў, прыказак. І яшчэ разам добра адпачывалі. Журы таксама складалася з вучняў і здзівіла дарослых сваёй кампетэнтнасцю. Усе засталіся задаволеныя.

У дзень матэматыкі вучні 1 і 2 класаў трапілі ў краіну Матэматыкі, у старую казку на новы лад. Разам з Калабком хадзілі ў госці да яго сябра Піражка. Толькі таму, што працавалі ўсе разам як сапраўдныя сябры, удалося дайсці да Піражка і данесці цяжкі кошык з мноствам падарункаў. Як кажуць, няма грошай — не бяда, як сяброў грамада. А на шляху паспелі выканаць шмат цікавых матэматычных заданняў: параўноўвалі лікі, лічылі, рашалі незвычайныя — вершаваныя — задачы, складалі лічбавы рад, разгадвалі рэбусы. Было так цікава, што не заўважылі, як праляцеў час. А нашы дзеці — сапраўдныя артысты, валодаюць добрымі матэматычнымі ведамі. Яны змаглі разам са сваімі настаўнікамі арганізаваць незвычайную выставу малюнкаў “Жывыя лічбы”. Было вельмі прыемна!

Апошні дзень тыдня — дзень навакольнага свету. Цікава і захапляльна прайшла інтэлектуальная гульня “Наперад! Эрудыты!”. Закончыўся апошні дзень прадметнага тыдня ўрачыстай лінейкай, на якой былі падведзены вынікі тыдня і самым актыўным уручаны граматы і дыпломы. Тыдзень дапамог раскрыць здольнасці кожнага дзіцяці, выявіць яго інтарэсы і схільнасці. Вучні былі актыўнымі на працягу ўсяго тыдня. Кожны змог праявіць сябе ў тым, што яму бліжэй. Усе мерапрыемствы былі эмацыянальна-насычанымі, разнастайнымі, накіраванымі на выхаванне цікавасці да прадметаў, развіццё творчых здольнасцей, інтэлекту вучняў. Гэты час прайшоў з карысцю для вучняў і настаўнікаў. Вялікі дзякуй настаўнікам і вучням — удзельнікам прадметнага тыдня!

Ала СТАЛЯРЧУК.