Па мадэлі пераемнасці

- 12:42Дашкольная адукацыя

У 2016/2017 навучальным годзе дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 Гродна сумесна з сярэдняй школай № 3 імя В.М.Усава Гродна былі ўключаны ў рэспубліканскі эксперымент па тэме “Апрабацыя канцэптуальнай мадэлі пераемнасці дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Вынікам эксперыментальнай дзейнасці стала распрацоўка метадычных матэрыялаў па пазнавальнай актыўнасці дзяцей.

Паміж дашкольным цэнтрам і сярэдняй школай № 3 наладжана работа па пераемнасці, асноўная мэта якой — стварэнне адзінага развіццёвага асяроддзя. Дасягнуць пераемнасці ў выкарыстанні метадаў і форм арганізацыі адукацыйнага працэсу дапамагае практыка-арыентаваная і адрасная метадычная работа з выхавальнікамі і настаўнікамі пачатковых класаў. З гэтай мэтай праводзяцца пасяджэнні метадычнага аб’яднання “Будучы першакласнік”, віртуальныя кансультацыі “Бацькам будучых першакласнікаў”, семінары-практыкумы “Адаптацыя навучэнцаў першых класаў да навучання ў школе”, “Пазнавальнае развіццё дзяцей”, “Пагутарым аб школе”. На працягу года паміж выхавальнікамі і настаўнікамі пачатковых класаў арганізоўваецца ўзаеманаведванне заняткаў і ўрокаў, што дае магчымасць педагогам на практыцы забяспечваць пераемнасць у навучанні.

Самае важнае ў рабоце па пераемнасці — захаванне каштоўнасці дашкольнага ўзросту пры адначасовым фарміраванні перадумоў для навучання ў пачатковай школе. У цэнтры ўвагі педагагічнага калектыву нашай дашкольнай установы — пытанні пераемнасці па рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і вучэбнай праграмы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

На сумесным метадычным аб’яднанні “Пазнавальная актыўнасць дзяцей ва ўмовах дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі” разглядаўся лепшы педагагічны вопыт па развіцці пазнавальнай актыўнасці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, а таксама выпрацоўваліся адзіныя погляды і падыходы да ажыццяўлення адукацыйнага працэсу з дашкольнікамі і вучнямі пачатковых класаў. Калі мы гаворым пра пазнавальную актыўнасць, то маем на ўвазе актыўнасць дзіцяці, накіраваную на разуменне таго, з чаго складаюцца розныя рэчы, якія сувязі існуюць паміж з’явамі навакольнага свету, як яны ўпарадкаваны і сістэматызаваны.

Выхавальнікам-метадыстам дашкольнага цэнтра Таццянай Красоўскай былі распрацаваны метадычныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі, накіраваныя на развіццё іх пазнавальнай актыўнасці. Гэтаму садзейнічае арганізацыя заняткаў не ў форме ўрока, а ў форме партнёрскага ўзаемадзеяння дарослага і дзіцяці.

У рамках эксперыментальнай дзейнасці быў распрацаваны цыкл тэматычных модуляў “Рыбы”, “Птушкі”, “Расліны”, “Жывёлы”, які рэалізоўвае задачы адукацыйнай вобласці “Дзіця і прырода” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і “Прырода і чалавек” вучэбнай праграмы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Цыкл тэматычных модуляў накіраваны на інтэлектуальнае развіццё дашкольнікаў 5—7 гадоў і вучняў першага класа. Заняткі разлічаны на навучальны год і ўключаюць у сябе канспекты заняткаў, мультымедыйныя прэзентацыі, камп’ютарныя дыдактычныя гульні, гульнявыя практыкаванні, праблемна-пошукавыя сітуацыі, аўдыя- і відэаінфармацыю, доследы. Змест цыкла тэматычных модуляў рэкамендаваны выхавальнікам і настаўнікам. З дапамогай гэтых заданняў дзеці знаёмяцца з раслінамі, жывёламі, рыбамі як часткай жывой прыроды.

У дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб раслінах і жывёлах прыродных супольнасцей (лес, вадаём), аб іх адаптацыі да навакольнага асяроддзя, сезонных зменах у іх жыцці.

Засваенню праграмных задач па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і “Прырода і чалавек” вучэбнай праграмы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі садзейнічаюць такія формы і метады навучання, як мультымедыйныя прэзентацыі і відэаролікі. Вырашаючы праблему пазнавальнага развіцця, нельга не адзначыць магчымасці шырокага ўкаранення новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У мультымедыйных прэзентацыях, відэароліках вучэбны матэрыял прадстаўлены як сістэма яркіх апорных вобразаў, напоўненых структураванай інфармацыяй у алгарытмічным парадку. Іх выкарыстанне робіць заняткі эмацыянальна афарбаванымі, цікавымі для дзяцей. Прэзентацыі з’яўляюцца выдатным наглядным дапаможнікам і дэманстрацыйным матэрыялам.

Прыклады мультымедыйных прэзентацый: “Прэснаводныя рыбы”, “Марскія рыбы”, “Водная прастора”, “Жывёлы Поўначы”, “Жывёлы пустыні”, “Ліставыя дрэвы”, “Іглічныя дрэвы”, “Што мы ведаем пра дрэвы?”, “Зімуючыя птушкі”, “Пералётныя птушкі”, “Драпежныя птушкі”.

Прымяненне мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў дае магчымасць аптымізаваць педагагічны працэс, індывідуалізаваць навучанне дзяцей. Выкарыстанне на занятках у дашкольнай установе і на ўроках у школе мультымедыйных прэзентацый, відэаролікаў у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі навучання павышае эфектыўнасць работы па развіцці пазнавальнай актыўнасці, інтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы дзіцяці.

Пад пазнавальнай актыўнасцю мы разумеем не толькі працэс засваення ведаў, уменняў і навыкаў, але і пошук ведаў, набыццё іх самастойна або з дапамогай дарослага ў атмасферы супрацоўніцтва, сутворчасці. Падтрымліваючы пазнавальную актыўнасць дзіцяці, даросламу неабходна ствараць умовы для таго, каб яно самастойна шукала інфармацыю. Веды фарміруюцца ў выніку ўзаемадзеяння дзіцяці з інфармацыяй (праз яе змену, дапаўненне, самастойнае прымяненне ў розных сітуацыях).

Можна зрабіць выснову, што пазнавальная актыўнасць — гэта імкненне да найбольш поўнага пазнання прадметаў і з’яў навакольнага свету. Практычная накіраванасць работы дазваляе ажыццяўляць спакойны, бесперашкодны пераход дзіцяці з адной адукацыйнай ступені на другую і ў выніку павысіць эфектыўнасць і якасць бесперапыннай адукацыі.

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ,
намеснік па асноўной дзейнасці ДЦРД № 58 Гродна;
Таццяна КРАСОЎСКАЯ,
выхавальнік-метадыст установы.