Па маршрутах тэорыі літаратуры

- 20:24Портфолио

Галоўнае ў выкладанні літаратуры на сучасным этапе — прыярытэт працэсу над вынікам, г.зн. увядзенне навучэнцаў у актыўную дзейнасць, у працэс пошуку, пазнання і самапазнання.

Маршрутныя лісты на ўроку беларускай літаратуры — адзін з відаў развіццёвага навучання, пры рэалізацыі якога вядучай дзейнасцю вучняў з’яўляецца самастойнае набыццё і выкарыстанне ведаў без умяшання настаўніка. Вывучэнню тэорыі літаратуры можа быць прысвечаны ўвесь урок літаратуры (тэарэтычныя звесткі падаюцца блокам у межах канкрэтнага раздзела) або частка ўрока (ад 10 мінут).

Правядзенне ўрока літаратуры з выкарыстаннем маршрутных лістоў спрыяе стварэнню сітуацый поспеху для вучняў. Яны выконваюць шэраг заданняў, праз лагічную структуру якіх ажыццяўляюцца настаўніцкае кіраўніцтва самастойнай пазнавальнай дзейнасцю вучняў, правядзенне індывідуальных кансультацый і карэкцыя ведаў.

Маршрутныя лісты дапамагаюць павысіць увагу як да мэтанакіраванага выкарыстання паняццяў па тэорыі літаратуры, так і да разгляду (аналізу) мастацкага твора. Яны адпавядаюць вывучаемым тэмам, а тэорыя літаратуры падаецца ў цеснай сувязі з канкрэтным творам, дзе пэўны сродак або прыём шырока выкарыстаны. Пісьмовыя заданні прадугледжваюць поўныя і кароткія адказы, а таксама работы рознаўзроўневага характару.

Структура маршрутных лістоў:

а) падрыхтоўчы этап (вызначэнне мэт; парадак выканання заданняў, пазначаных у маршрутных лістах; абсталяванне);

б) практычны этап (выкананне заданняў; вучні, выказваючы сваё меркаванне, афармляюць іх пісьмова ў сшытках);

в) выніковы этап (прадстаўленне вынікаў дзейнасці).

Пасля правядзення работы з выкарыстаннем маршрутных лістоў абавязкова праводзіцца каменціраваны аналіз вынікаў дзейнасці вучняў. Ключавой умовай выкарыстання маршрутных лістоў з’яўляецца пісьмовая справаздача ў літаратурным сшытку. 

Маршрутны ліст “ЭПІТЭТ”

І. Даведка. У якасці эпітэта выступаюць словы, ужытыя ў пераносным значэнні. Яны вылучаюць у прадмеце або з’яве асабліва значныя, істотныя прыметы і ўласцівасці, на якія абавязкова неабходна звярнуць увагу. Эпітэты дапамагаюць уявіць пэўныя вобразы і малюнкі. Яны моцна ўплываюць на наша ўяўленне.

ІІ. Матэрыял: вершы “Красавіцкая навальніца” і “Родная мова” Пімена Панчанкі.

ІІІ. Мэта для вучня: засвоіць паняцце “эпітэт”; умець знаходзіць эпітэты ў паэтычных творах.

ІV. Інструктаж.

  1. Прачытайце верш “Красавіцкая навальніца” П.Панчанкі. Вызначце, якія словы дапамагаюць паэту стварыць яскравы вобраз красавіцкай навальніцы і выказаць свае адносіны да яе.
  2. Знайдзіце ў лірычным творы эпітэты. Растлумачце іх сэнс. Паразважайце, як яны ўтвораны.
  3. Падрыхтуйце паведамленне “Эпітэт” па плане:

а) Эпітэт — (які?) (член сказа) … .

б) Адказвае на пытанні … .

в) Эпітэты часцей за ўсё выражаны (часціна мовы) …, нясе ў сабе … , … , … .

  1. Прачытайце ўсю работу. Зрабіце выснову (зварот да даведкі). Сфармулюйце ўласнае азначэнне эпітэта.
  2. Прачытайце верш “Родная мова” П.Панчанкі (дэфармаваны). Замест шматкроп’я ўстаўце эпітэты.
  3. Параўнайце сваю работу з вершам “Родная мова” Пімена Панчанкі (раздаецца поўны варыянт). 
  4. На аснове выкананай работы параўнайце сваё азначэнне эпітэта з тлумачэннем у слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў.

Маршрутны ліст “МЕТАФАРА”

І. Даведка. Метафара — перанясенне ўласцівасцей адной з’явы на другую, чым-небудзь падобную на яе.

Метафара — адзін з распаўсюджаных тропаў. Яна вельмі лаканічная (кароткая, сціслая) па форме і разам з тым вельмі ёмістая, багатая па сэнсе. Літаральна двума-трыма словамі метафара стварае яркі мастацкі вобраз, які адразу знікне, калі яго паспрабаваць перавесці з паэтычнай мовы на празаічную.

ІІ. Матэрыял: вершы “Пра восень” Аркадзя Куляшова і “Не адчувае лес зямлі…” Аляксея Пысіна.

ІІІ. Мэта для вучня: засвоіць паняцце “метафара”; умець знаходзіць метафары ў паэтычных творах; умець самастойна падбіраць метафары.

ІV. Інструктаж.

  1. Вызначце, што такое метафара (гля­дзіце даведку). Падбярыце два-тры прыклады метафар.
  2. Прачытайце лірычныя творы “Пра восень” А.Куляшова і “Не адчувае лес зямлі…” А.Пысіна. Знайдзіце ў іх метафары. Растлумачце іх сэнс. Паразважайце, як яны ўтвораны. Вызначце ролю метафар у вершах.
  3. Выканайце адно з прапанаваных заданняў (на выбар):

а) стварыце невялікі верш аб восеньскай прыродзе з выкарыстаннем 5—7 метафар;

б) стварыце 8—12 метафар, якія можна выкарыстаць, апісваючы восеньскі лес.

  1. Прачытайце ўсю работу, зрабіце выснову (глядзіце мэту работы).

Маршрутны ліст “БАЙКА”

І. Даведка. Алегорыя — іншасказанне; мастацкі прыём, калі нейкая думка ці паняцце перадаецца праз канкрэтны вобраз.

Мараль — ацэнка паводзін і ўчынкаў персанажаў, якую выказвае ў творы аўтар.

ІІ. Матэрыял: байка “Кукарэку” Кандрата Крапівы.

ІІІ. Мэта для вучня: прааналізаваць байку “Кукарэку” К.Крапівы; сфармуляваць паняцце “байка”; вызначыць, з якіх частак складаецца байка.

ІV. Інструктаж.

  1. Прачытайце байку “Кукарэку” К.Крапівы.
  2. Паразважайце, якія чалавечыя недахопы высмейваюцца ў байцы.
  3. Азнаёмцеся з паняццямі “алегорыя” і “мараль” (глядзіце даведку).
  4. Вызначце мараль ліра-эпічнага твора, пракаменціруйце яе.
  5. Выкарыстоўваючы даведачны ма­тэ­рыял і байку “Кукарэку” К.Крапівы, падрыхтуйце паведамленне “Байка” па плане:

а) Байка — (які па памеры?)(па сэнсе)(жанр) … .

б) Героямі байкі часцей за ўсё бываюць … , а мы падразумяваем … .

в) Аўтар (што робіць?) … іх.

г) Аповед у байцы мае іншы, схаваны сэнс —… (глядзіце даведку).

д) У байцы ёсць павучальная выснова — … (глядзіце даведку).

  1. Прачытайце ўсю работу. Зрабіце выснову. Сфармулюйце ўласнае азначэнне байкі.
  2. На аснове выкананай работы параўнайце сваё азначэнне байкі з тлумачэннем у слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў.

Маршрутны ліст “КАМПАЗІЦЫЯ”

І. Даведка. Мастацкі твор — непа­дзельнае цэлае, усе часткі якога (эпізоды, сцэны, апісанні, дыялогі, маналогі, аўтарскія адступленні) размешчаны ў пэўным парадку.

Кампазіцыя — уся складаная будова літаратурнага твора, размяшчэнне і спалучэнне яго частак, раздзелаў, эпізодаў, сцэн.

Схема:

ІІ. Матэрыял: апавяданне “Сваякі” Васіля Быкава.

ІІІ. Мэта для вучня: прааналізаваць апавяданне “Сваякі” В.Быкава; засвоіць паняцце “кампазіцыя”; умець знаходзіць кампазіцыйныя часткі празаічнага твора.

ІV. Інструктаж.

  1. Вызначце, што такое кампазіцыя (глядзіце даведку).
  2. Акрэсліце складнікі кампазіцыі мастацкага твора (глядзіце схему).
  3. Азнаёмцеся з паняццем “мастацкі твор” (глядзіце даведку).
  4. Прачытайце апавяданне “Сваякі”
    В.Быкава. Назавіце вядомыя вам кампазіцыйныя часткі.
  5. З дапамогай апорнай схемы (глядзіце даведку), падрыхтуйце выказванне на тэму “Кампазіцыя апавядання “Сваякі” В.Быкава” (выкарыстоўваючы зварот да апісанняў (пейзаж, партрэт, душэўныя перажыванні герояў), чысты аповед (звесткі пра тое, дзе і калі адбываецца дзеянне), аўтарскія разважанні).

Маршрутны ліст “СЮЖЭТ”

І. Даведка. Сюжэт — паслядоўнае разгортванне падзей, у якіх выяўляюцца характары і ўзаемаадносіны герояў.

Канфлікт — сутыкненні, супярэчнасці характараў персанажаў (што тлумачыцца рознасцю інтарэсаў, пачуццяў герояў і праяўляецца ў іх паводзінах, учынках, разважаннях, перажываннях).

Экспазіцыя — момант, у якім пісьменнік рыхтуе чытача да ўспрымання падзей, якія яшчэ адбудуцца: знаёміць з месцам і часам дзеяння, з галоўнымі героямі.

Завязка — момант, калі адбываецца падзея, якая “ўцягвае” герояў у асноўнае дзеянне.

Кульмінацыя — момант, у якім дзеянне пачынае інтэнсіўна разгортвацца, дасягае свайго напружання.

Развязка — момант, калі дзеянне ідзе на спад, заканчваецца.

Схема: экспазіцыя — завязка — кульмінацыя — развязка.

ІІ. Матэрыял: апавяданне “Маці” Янкі Брыля.

ІІІ. Мэта для вучня: прааналізаваць апавяданне “Маці” Я.Брыля, засвоіць паняцце “сюжэт”, умець знаходзіць сюжэтныя часткі празаічнага твора.

ІV. Інструктаж.

  1. Вызначце, што такое сюжэт (глядзіце даведку).
  2. Акрэсліце складнікі сюжэта мастацкага твора (глядзіце схему).

3.Азнаёмцеся з паняццем “канфлікт” (глядзіце даведку).

  1. Прачытайце апавяданне “Маці” Я.Бры­ля. Вызначце будову сюжэта твора. Абгрунтуйце сваё меркаванне.
  2. Выкарыстоўваючы апорную схему (глядзіце даведку), падрыхтуйце выказванне на тэму “Сюжэт апавядання “Маці” Я.Брыля”.

Яўген ЕСІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.