Па поклічы сэрца

- 12:11Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Пасля заканчэння школы ў 2013 годзе Яўген Каток паступіў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. А праз два месяцы забраў дакументы: зразумеў, што памыліўся з выбарам будучай прафесіі.

Праз год малады чалавек паступіў у Індустрыяльна-педагагічны каледж (філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі). Аб тым, што на гэты раз выбар правільны і ўсвядомлены, сведчыць у першую чаргу тое, што навучальную ўстанову Яўген Каток скончыў з дыпломам з адзнакай. Таксама падчас навучання ў каледжы Яўген быў уключаны у банк даных адоранай моладзі, занесены на маладзёжную Дошку гонару Фрунзенскага раёна Мінска ў намінацыі “Лепшыя навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў”, атрымаў пасведчанне аб узнагароджанні другой прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і інш.

“Пасля некалькіх месяцаў вучобы ў МДЛУ я зразумеў, што гэта не маё, — успамінае Яўген Каток. — Вучыцца дзеля птушачкі і каб бацькі былі задаволены — не варыянт. Таму я адлічыўся па ўласным жаданні. Безумоўна, мама была не вельмі задаволена маім учынкам. Затое тата падтрымаў. Ён лічыць, што трэба выбі­раць прафесію, якая падабаецца, а не тую, што задаволіць кагось­ці. Праз некаторы час я ўладкаваўся на будоўлю падсобным рабочым, планаваў, што буду працаваць там да канца навучальнага года, а потым вырашу, куды пасту­паць. Але на будоўлі мне спадабалася, там было цікава. Таму я вырашыў развівацца ў гэтай сферы і паступіў у Індустрыяльна-педагагічны каледж”.

Спецыяльнасць юнак выбраў адпаведную — “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Пасля заканчэння каледжа атрымаў кваліфікацыю “тэхнік-будаўнік. Майстар вытворчага навучання”. Падчас навучання ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы хлопец прымаў удзел у II Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016. 

У кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” заняў 2-е месца. 

Патрабавалася выканаць аддзелку збудаванняў і канструкцый гіпсакардоннымі лістамі на металічным каркасе з наступнай аддзелкай, — тлумачыць падрабязнасці Яўген Каток. — Першапачаткова журы прадастаўляла чарцёж схемы канструкцый, згодна з якой спачатку збіраўся непасрэдна сам каркас, а пасля выконвалася яго абшыўка гіпсакардоннымі лістамі. У канструкцыі збудавання заўсёды ўлічваюцца складаныя дэкаратыўныя элементы, такія як арачныя скляпенні, аркі, пераходы і г.д. Гэта ўсё мы збіраем, ацэньваем вынік зборкі і пачынаем тынкаваць. Пасля тынкоўкі канструкцыя патрабуе шліфоўкі, і толькі потым яе ацэньвае журы. Калі заняў 2-е месца ў краіне, хацеў паспрабаваць сябе на міжнародным узроўні WorldSkills, але я не прахо­дзіў па ўзросце”. 

Сёння малады чалавек працуе прарабам у ААТ “Аванстрой” і вучыцца на будаўнічым факультэце БНТУ.

“Я скончыў 2 курс па спецыяль­насці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, — працягвае расказваць пра свой прафесійны шлях Я.Каток. — Паступаць ва УВА ў любым выпадку планаваў, толькі не ў лінгвістычны ўніверсітэт. (Смяецца.) Кожны, хто зацікаўлены ў сваім прафесійным росце, павінен думаць на перспектыву, бо невядома, як складзецца жыццё”. 

Разважаючы пра асаблівасці прафесіі, малады чалавек кажа, што для таго, каб быць паспяховым спецыялістам, трэба мець жаданне развівацца і разумець спецыфіку работы не толькі ў сваёй спецыялізацыі, але і ў прынцыпе ў сферы дзейнасці. У выпадку Яўгена — у будоўлі. 

“Напрыклад, вядома, што той, хто паступае на тэхніка-будаўніка ў каледж навучаецца будаўнічай прафесіі, атрымлівае адпаведную адукацыю, — разважае малады спецыяліст. — У будоўлі ёсць спецыяльныя віды работ і агульнабудаўнічыя. У тэхнікуме вучаць агульнабудаўнічым работам. Але, каб у гэтай сферы разбірацца больш тонка, трэба дадаткова самастойна вывучаць спецыяльныя віды работ. Напрыклад, сюды адносяцца вентыляцыйныя сістэмы водазабеспячэння, каналізацыя, электрамантажныя работы і інш. Насамрэч, гэта ўсё звязана. Пры паточным метадзе вытворчасці работ важна разумець, дзе і ў які момант трэба спыніцца, каб не стварыць перашкоду для наступных відаў дзейнасці”. 

У любой сферы дзейнасці трэба ўмець размаўляць з людзьмі і быць мэтанакіраваным. Канчатковы вынік работы залежыць не толькі ад таго, якія тэхналогіі ці інструменты прымяняе кожны асобны спецыяліст, але і ад зла­джанасці каманды.

“На будоўлі працуе своеасаблівы кантынгент, — прызнаецца спецыяліст. — Ёсць, безумоўна, адукаваныя людзі, якія скончылі каледж ці ліцэй і мэтанакіравана прыйшлі ў прафесію. А ёсць тыя, хто з-за цяжкіх абставін у жыцці больш нікуды не змог уладкавацца. Сёння мне падпарадкоўваюцца майстры і рабочыя. Яны ўсе прыслухоўваюцца, разумеюць, чаго я ад іх патрабую”. 

Успамінаючы свайго былога навучэнца, намеснік дырэктара Індустрыяльна-педагагічнага каледжа па навукова-метадычнай рабоце Святлана Макарэвіч кажа, што ім вельмі пашанцавала з Яўгенам:

“Ён — адзін з тых навучэнцаў, якімі мы ганарымся. У яго былі высокія паказчыкі ў вучобе, ён заўсёды быў актыўным і прадстаўляў наш каледж на шматлікіх конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Не сумняваюся, што ён стане і прафесіяналам сваёй справы. Так, як калісьці пашанцавала нам, пашанцуе і тым, у каго ён будзе працаваць”.

Наталля САХНО.

Каб быць паспяховым спецыялістам, трэба мець жаданне развівацца.