Па слядах Сярэбранага веку

- 15:15Нам пішуць

4 красавіка ў кінаканцэртнай зале Дома Масквы ў Мінску адбылося ўрачыстае закрыццё культурна-адукацыйнага праектапрадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў нашай краіне “Этот век из вдохновенья, этот век из серебра”. Намеснік кіраўніка Рассупрацоўніцтва Сяргей Круп уручыў навучэнцам падзяку за актыўную дзейнасць па развіцці расійска-беларускіх гуманітарных сувязей і ўклад у папулярызацыю рускай мовы, а таксама сертыфікат на камплект навучальных дапаможнікаў для кабінета рускай мовы і літаратуры.

Культурна-адукацыйны праект стартаваў восенню мінулага года. Педагогі і навучэнцы Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы ўзялі актыўны ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, якія былі прысвечаны паэтам Сярэбранага веку — юбілярам 2017 года.

У рамках праекта ў нашай установе адукацыі прайшоў рэспубліканскі Цвятаеўскі тыдзень, які ўключаў шмат мерапрыемстваў для навучэнцаў і іх бацькоў.

Пасля азнаямлення з “Адкрытым лістом да дзяцей” навучэнцы таксама напісалі “ліст паэтцы”. Падчас гадзіны паэзіі прагучалі не толькі вершы паэткі, але і песні, напісаныя на яе вершы. На інфармацыйнай гадзіне “Цвятаеўскі след на беларускай зямлі”вучні даведаліся пра лёс сына Марыны Іванаўны Георгія Эфрона, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы беларускую вёску Друйкі Браслаўскага раёна.

Цікавасць навучэнцаў i работнiкаў установы адукацыi выклікаў дакументальны фільм“Страсці па Марыне”. Не пакінула абыякавымі і завочная экскурсія па музеях М.Цвятаевай. У многіх сем’ях быў праведзены дзень сямейнага чытання вершаў выдатнай паэтэсы.

Пасля ўрачыстай часткі перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі артысты тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў і Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова з музычным спектаклем, прысвечаным творчасці паэтаў Сярэбранага веку. У іх выкананні прагучалі рамансы і песні на вершы Марыны Цвятаевай, Уладзіміра Маякоўскага, Барыса Пастарнака і іншых вядомых паэтаў.

Алена ХЛІМАНКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.