Па якіх прыкметах можна адсачыць, што дзіця стала ахвярай грумінгу, расказала псіхолаг

- 11:55Интервью, Новости, Приложение, Психолог в школе

Раней, калі дарослыя вучылі дзяцей бяспечным паводзінам, яны нагадвалі пра тое, што размаўляць з незнаёмымі на вуліцы нельга. Гэтае правіла бяспекі застаецца залатым і сёння, але ўжо ў дачыненні да зносін у анлайне. На жаль, кіберагрэсія ў адносінах да дзяцей расце, у прыватнасці, павяліч­ваецца колькасць ахвяр грумінгу.

Пра тое, як ад яго засцерагчы падлеткаў і па якіх ускосных прыкметах можна вызначыць, што дзіцем маніпулююць і вымуша­юць да грумінгу, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Іляна Матвіенка.

— Іляна, чаму на правакацыі і маніпуляцыі незнаёмцаў вельмі часта рэагуюць і адгукаюцца менавіта падлеткі?

— Грумінг — гэта дзеянні зламыснікаў, якія накіраваны на фарміраванне даверу да дзяцей і падлеткаў і выкарыстанне іх для задавальнення сваіх патрэб, у першую чаргу сексуальнага характару.

З пашырэннем выкарыстання сацыяльных сетак дзецьмі і падлеткамі рызыка таго, што яны трапяць пад уплыў грумера, павялічваецца. Сёння ўзрост дзяцей, якія пачынаюць актыўна карыстацца сацыяльнымі сеткамі, зніжаецца. Калі раней сацсеткамі пачыналі карыстацца ў падлеткавым узросце, то сёння — ужо з пачатковай школы. У такім узросце дзеці не веда­юць, што такое асабістыя межы, не гаворачы пра навыкі аналізу інфармацыі. Натуральна, што з-за гэтага рызыка трапіць у непрыемныя сітуацыі павялічваецца. Зламыснікі прыдумваюць новыя спосабы маніпуляцый, умела абыходзячы тыя метады абароны, якія прапануем дзецям і мы, і пляцоўкі сацыяльных сетак, што займаюцца тэхнічным забеспячэннем.

Рызыка трапіць пад уплыў маніпулятара і грумера будзе прысутнічаць пастаянна, бо патрэба ў даверных адносінах, ра­зуменні і прыняцці актуальная для дзяцей і падлеткаў заўсёды. Дзеці будуць шукаць любыя магчымасці, каб задаволіць іх. А інтэрнэт, у першую чаргу сацыяльныя сеткі, выдатна падыходзяць для задавальнення гэтых інтарэсаў.

— Калі дзіця шукае падтрымкі і прыняцця сярод незнаёмых, ці не сведчыць гэта пра тое, што яно не атрымлівае гэтага дома?

— Я і мае калегі заўсёды гаворым пра тое, што недахоп падтрымкі, адсут­насць прыняцця і разумення дома і ў блізкім акружэнні павялічваюць рызыку таго, што дзіця трапляе ў сітуацыю залежнасці ў інтэрнэце. Не атрымліваючы любові, павагі і станоўчай ацэнкі сваіх дасягненняў сярод бацькоў і блізкага акружэння, падлетак шукае гэта ў іншых месцах.

Ёсць такая з’ява, як падлеткавая рэакцыя — гэта паводзіны, якія характэрны для ўсіх без выключэння падлеткаў. Рэакцыя групавання — пошук той групы, дзе падлеткаў прымуць і зразуме­юць. Нават калі яны ўсё гэта атрымліваюць дома, то шу­каць дадаткова ўсё роўна бу­дуць. Калі дзіця трапляе пад уплыў зламысніка, то нельга гаварыць, што гэта віна бацькоў або блізкіх дзіцяці, што яны нечага недадалі. Гэта магла быць дадатковая патрэб­насць, якая прывяла да не вельмі прыемных наступстваў.

— Па якіх прыкметах можна адса­чыць, што дзіця стала ахвярай грумінгу, трапіла пад шантаж з боку незнаёмых дарослых?

— Як і ў любой крызіснай некамфортнай сітуацыі, паводзіны дзіцяці могуць рэз­ка змяніцца, прычым у першую чаргу ў адносінах да гаджэтаў і сацыяльных сетак. У падлеткаў, якія трапілі пад грумінг, можна прасачыць скрытнасць. Напрыклад, калі паміж імі і бацькамі была дамоўле­насць наконт кантролю з боку дарослых за сацыяльнымі сеткамі, але дзеці раптам мяняюць пароль ад іх, не даюць глядзець свае запісы і выдаляюць некаторыя перапіскі, значыць, ёсць падстава нешта западоз­рыць. Да прыкмет, якія гавораць аб тым, што нешта адбываецца, можна таксама аднесці сітуацыі, калі дзіця нервуецца, бачачы, што яго тэлефон бяруць у рукі бацькі. Акрамя гэтага, падлетак можа завуаліравана цікавіцца ў іх наконт сітуацыі, у якую трапіў. Ён будзе расказваць не пра сябе, а быццам пра свайго знаёмага, падаючы інфармацыю такім чынам, што чуў пра тое, як сябра шантажыруюць і г.д. Дзіцяці бу­дзе важна пачуць, што мама і тата думаюць пра гэтую сітуацыю.

Відавочная прыкмета, што дзіцяці неабходна наша дапамога, калі ў яго тэлефоне захоўваюцца фотаздымкі з сексуальным падтэкстам, улічваючы, што раней іх у яго не было. Таксама могуць часцей, чым звычайна, зачыняцца дзверы ў пакой. Калі дзіця схіляюць да зносін праз відэачат або просяць зрабіць фота, яно зачыняе дзверы ў пакой. Усё гэта — спробы схаваць падазроныя кантакты.

Зламыснікі, як правіла, просяць выхо­дзіць на сувязь у вызначаны час, з-за чаго школьнік вымушаны хавацца. Незразумелыя кантакты ў тэлефоннай кнізе, калі ў падлетка не атрымліваецца растлума­чыць, што гэта за сябры і адкуль яны ўзяліся, пра што яны разам размаўляюць, — таксама прыкметы магчымага грумінгу.

— Якімі будуць наступныя крокі баць­коў, калі падазрэнні пацвердзіліся?

— У такой сітуацыі трэба захоўваць эмацыянальны спакой і падтрымаць дзіця прыняццем, не крычаць, паслухаць яго і выка­заць занепакоенасць, клопат. Гэта трэба рабіць праз я-выказванне, напрыклад: я занепакоены той гісторыяй, пра якую ты гаворыш, гэта вельмі падазрона і незразумела і інш. Пасля гэтага трэба асцярожна папрасіць дзіця раска­заць падрабязней, што адбываецца. Моцная рэакцыя можа спужаць падлетка, з-за чаго ён замкнецца і будзе маўчаць. Далей трэба вызначыцца, чаго мы хочам. А нам трэба адно: падтрымаць дзіця, сабраць факты і звярнуцца па далейшую дапамогу. Калі фота­здымкі, якія ўбачаць дарослыя ў тэлефоне, недапушчальныя, трэба растлумачыць дзіцяці, чаму гэта так, і нагадаць аб правілах бяспечных паводзін у інтэрнэце.

Дзіцяці неабходна наша дапамога, калі ў яго тэлефоне захоўваюцца фотаздымкі з сексуальным падтэкстам, улічваючы, што раней іх у яго не было. Калі дзіця схіляюць да зносін праз відэачат або просяць зрабіць фота, яно зачыняе дзверы ў пакой. Усё гэта — спробы схаваць падазроныя кантакты.

У выпадку, калі такая сітуацыя здарылася з падлеткам старэйшага ўзросту, якому 13 і больш гадоў, трэба адсылаць яго да самааналізу. Гэта робіцца шляхам наво­дзячых пытанняў накшталт: “як табе самому здаецца, ці нармальна гэта?”, “як ты ставішся да таго, што ў цябе просяць такія фота­здымкі?”. Пасля гэтага трэба сказаць, што такія патрабаванні — гэта няправільныя адносіны да асобы падлетка, яны яго абражаюць і пагражаюць бяспецы.

Пасля абмеркавання здарэння трэба зрабіць скрыншоты перапісак і вырашаць, ці трэба звяртацца ў праваахоўныя органы або да мадэратараў інтэрнэт-пляцоўкі, каб заблакіраваць маніпулятара.

Такім чынам, самы адэкватны і першы крок дапамогі, які мо­гуць аказаць бацькі, — гэта спыніць узаемадзеянне дзіцяці з маніпулятарам і грумерам, але не ў тайне ад падлетка, а разам з ім. Дарослыя павінны прагаварыць уголас, што дзіця можа заўсёды разлічваць на дапамогу і звяртацца па яе, калі нешта падобнае здарыцца або будзе незразумела, ці варта пачынаць кантакт з незнаёмымі. Хто можа быць небяспечны ў зносінах, на што арыентавацца, дадаючы незнаёмых людзей у спіс сяброў, якія паведамленні дзіця лі­чыць камфортнымі або не — усё гэта трэба абмерка­ваць.

— Няўменне акрэсліваць асабістыя межы і гаварыць “не” — ці заўсёды гэта прыкмета ўразлівага чалавека, якім лёгка маніпуляваць?

Так, гэта адны з рыс, маючы якія можна трапіць пад уплыў маніпулятара. Некаторыя дзеці і падлеткі маюць не вельмі дакладнае ўяўленне пра асабістыя межы і тое, якія дзеянні і словы могуць іх парушаць. Таму задача дарослых — растлумачыць гэта, абазначыць, якія просьбы і пытанні, што задаюць незнаёмцы, парушаюць гэтыя межы. Толькі так, шляхам размовы і тлумачэння, можна данесці да дзіцяці, што насамрэч адбываецца.

Вельмі важна, каб мама ці педагог, які заўважыў наяў­насць агучанай праблемы, падказалі дзіцяці дадатковыя рэсурсы, куды можна звярнуцца па дапамогу. Тут таксама важна сказаць, што гэта можна зрабіць, калі размаўляць з роднымі некамфортна і няёмка.

Злосць, смутак, дэманстратыўная абыякавасць — гэта ўсё нармальная рэакцыя на здарэнне. Нягледзячы на такія праяўленні, дарослыя павінны заставацца ў стабільна спакойным стане. Дыяпазон перажыванняў падлетка можа быць любым, але чым больш спакойнымі і дакладнымі ў гэты момант будуць дарослыя, тым больш бяспечна падлетак будзе сябе адчуваць. 

— Вызначыць па першых словах, што новы знаёмы, з кім кантактуе дзіця, выдае сябе не за таго, кім здаецца, адразу вельмі цяжка…

На жаль, гэта так. Таму адназначнага рэцэпта, як разабрацца ў тым, хто з табой размаўляе з таго боку экрана, няма. Раней мы абмяркоўвалі з дзецьмі, што калі ў профілі новага знаёмага няма фота або стаіць нейкая нейтральная карцінка, калі ў яго мала пастоў, то гэта трывожны сігнал. Калі няма падпісчыкаў, а падпісак многа, то за кошт чаго так адбываецца?

Зламыснікі як хамелеоны, яны прыстасоўваюцца да дзяцей. Таму важна, каб дзеці развівалі ў сабе навыкі крытычнага мыслення і аналізавалі сітуацыю. Маніпулятары заўсёды чапляюцца за слабыя месцы, якія ба­чаць у нас. А што непакоіць падлеткаў? Узаемаадносіны з бацькамі і равеснікамі, а таксама пытанні прыняцця сябе, сваёй знешнасці. Таму калі малазнаёмы чалавек пачынае абмяркоўваць гэтыя тэмы, падтрымліваць падлетка, ра­біць кампліменты, не ведаючы яго, значыць, такія размовы трэба спыняць. Падлеткі ў сваю чаргу павінны ведаць свае слабыя бакі і разумець, што калі ў іх коляць, зна­чыць, гэта не проста так.

— На аснове якіх ведаў трэба развіваць у дзяцей навык бяспечных паводзін у анлайне?

— Бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце — гэта трохвугольнік з трыма вяршынямі: тэхнічны аспект, псіхалагічны і прававы. Калі дарослы дапамагае дзіцяці разабрацца ў іх, то можна гаварыць, што ёсць шанс не дапус­ціць апісаных сітуацый. Таксама мы вучым сачыць за трывожнымі званочкамі, не вырашаць канфлікты ў анлайне, ду­маць пра тое, навошта дзелімся асабістай інфармацыяй, фота і інш. Калі, улічваючы гэта, дзіця яшчэ не ведае, як устанавіць прыватнасць на старонцы, як звярнуцца да мадэратараў, то яно будзе слабым звяном для грумераў.

Роля дарослага — забяспе­чыць работу ўсіх трох вяршынь: расказваць пра абарону персанальных даных, пра прыват­насць і прававы аспект. Што тычыцца малодшых школьнікаў, то на іх тэлефонах можна ўстанавіць бацькоўскі кантроль, сачыць за тым, што малы робіць у сваім смартфоне. Але гэта трэба рабіць па дамоўленасці з дзіцем, бо ў адваротным выпадку яно створыць фэйкавы акаўнт, пра які ніхто не будзе ведаць.

Акрамя гэтага, трэба на ўласным вопыце трансліраваць, што мы робім у адпаведных сітуацыях, як рэагуем на падобныя перапіскі. Пра прававы аспект таксама трэба нагадваць. За свае паводзіны ў інтэрнэце мы нясём адказ­насць, а значыць, павінны заўсёды помніць, што і самі не маем права распаўсюджваць фота сваіх сяброў, знаёмых ці незнаёмых лю­дзей і інфармацыю пра іх.

Дарослыя павінны навучыцца прызнаваць, што ў некаторых пытаннях яны не кампетэнтныя, што не ўсё ўмеюць і ведаюць. Згадзіцеся, не ўсе разумеюць, як паво­дзіць сябе, калі імі маніпулю­юць у інтэрнэце. Таму трэба разам з дзіцем разбірацца ў гэтым. Такі крок будзе ўспрымацца дзецьмі пазітыўна. Некаторыя баць­кі, наадварот, рэагуюць неадэкватна: калі іх дзіця трапляе ў сітуацыю грумінгу, яны адключаюць інтэрнэт і забараняюць карыстацца сац­сеткамі. Гэта прыкмета бездапаможнасці, якая толькі нагнятае праблему.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

P.S. Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Псіхолаг у школе” ў нумары ад 11 красавіка 2023 года.